Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАСЬЦЯНКОВАЯ ШЛЯХТА


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае гісторык культуры Вацлаў Арэшка.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Адам Міцкевіч у “Пане Тадэвушы” дае такі вобраз беларускай шляхты:

А шырака слаўны ў Літве той Дабрынскі засьценак
Баёвасьцю шляхты й гожасьцю мілых паненак...
...Сягоньня радзіна
Зьбяднела, паменшала. Перш па дварох між панамі,
У войску на сойміках, зборках, заездах часамі
Прывыклі Дабрынскія жыці на лёгкім хлебе,
Цяперака ж самі працуюць у цяжкай патрэбе,
Ня лепш мужыкоў! Адно толькі ня носяць сярмягі,
А белыя сьвіткі-капоты у чорныя шляхі,
Ды контушы сьвятам. І строй нат бяднейшых шляхцянкаў
Таксама жа розьніцца шмат ад сялянскіх каптанкаў:
Бо ходзяць яны у куплёных усе паркалічках,
Пасуць ня ў лапцях лазовых, анно ў чаравічках,
Жнуць збожжа, а нават і праджу прадуць у рукавічках.

Шляхта засьцянковая, загонная, шарачковая, заградовая, частковая, ваколічная, сярмяжная... Да гэтага хочацца дадаць яшчэ “пінская шляхта”, ды ўсплывае гатовы вобраз упартага, адсталага, лісьлівага, але напышлівага правінцыйнага “дзікуса”. Што ў гэтым пэрсанажы ад праўды, ды ўвогуле чым жа была насамрэч гэтая засьцянковая шляхта?”

(Вацлаў Арэшка: ) “Шматлікі “народ шляхецкій”, сапраўды, як і кожны народ, складаўся з розных слаёў — найперш багатых, затым менш багатых ды бедных. Апошніх заўсёды бывае больш, чым першых.

Гэтак і пераважная большасьць шляхты ў адрозьненьне ад якіх-небудзь Радзівілаў, валодала ў найлепшым выпадку адной вёсачкай, а часьцей толькі некалькімі сялянамі, ці ўвогуле ня мела прыгонных. Пра такую шляхту было выслоўе: “Шляхецкая фартуна — як пёс на ёй сядзе, дык хвост за мяжою”.

На падставе валоданьня маёмасьцю некаторыя гісторыкі падзяляюць шляхту на наступныя катэгорыі: магнатэрыю, якая мела вялізную колькасьць зямлі й сялянаў, фальварачную шляхту, якая звычайна мела адзін ці некалькі фальваркаў, заградовую, якая прыгонных ня мела і апрацоўвала зямлю сваімі рукамі, ды так званую галоту, якая ўвогуле ня мела нерухомасьці”.

(Ракіцкі: ) “Заградовая шляхта — гэта хіба тое ж самае, што і засьцянковая?”

(Арэшка: ) “Загрода ці, дакладней па-беларуску, загарода — гэта агароджаны панскі двор. Ён можа быць і асобны, і ў вёсцы ці ў засьценку. Але засьценак — гэта дакладнае азначэньне шляхецкага паселішча. Вось як тлумачыць яго паходжаньне Павал Шпілеўскі, аўтар “Падарожжа па Палесьсі і Беларускім краі”:


“Засьценак ад слова “за сьцяной”, за лініяй, азначае паселішча, абведзенае сьцяной ці проста шчыльным плотам, штосьці накшталт старажытных крэпасьцяў ці астрогаў крывіцкіх. Жыхары іх — былыя безмаёнткавыя шляхціцы, зь якіх шмат хто, за нястачаю старых шляхецкіх дакумэнтаў, пераведзены ў “вольныя хлебапашцы”. Гэтыя засьценкі й засьцянковыя жыхары нагадваюць сабой старадаўнія родавыя зносіны, ці племянное жыцьцё першабытных славянаў, якія сяліліся асобнымі сем’ямі пад рознымі назовамі племяннымі (дрыгавічы, крывічы, дулебы...), але ў масе сваёй складалі адзін народ. І цяпер у кожным з гэтых засьценкаў жыве асобнае племя, сем’і якога не зьвязаныя паміж сабою сваяцтвам, а між тым усе носяць адно прозьвішча, напрыклад: Гануты, Кісялі, Радзевічы, Мажэйкі, Валоткі, Крывіцкія, Крупкі, Сяўрукі... Гэтымі ж імёнамі называюцці і самыя засьценкі...

У гэтых засьценках вы й цяпер пачуеце тую славяна-крывіцкую мову, на якой пісаныя былі дзяржаўныя акты ўсёй Заходняй Русі і Літвы; на ёй пішуць лісты й зацемкі пра гаспадарку; на гэтай мове знойдзеце вы ў іх пісаныя песенкі, розныя легенды й казкі”.


Але ж на самой справе слова засьценак тлумачыцца ня гэтак рамантычна — гэта землі па-за межамі — “сьценкамі” — сялянскіх надзелаў. Менавіта там звычайна арандавала ці атрымлівала зямлю служылая шляхта”.

(Ракіцкі: ) “Наколькі я ведаю, такая зьява як засьценак была характэрная менавіта для Вялікага Княства Літоўскага”.

(Арэшка: ) “Так, засьценкі зьявіліся ў 16 стагодзьдзі пасьля вядомай валочнай памеры ў ВКЛ. Можна лічыць іх зьяваю тыповаю для Беларусі”.

(Ракіцкі: ) “Як жа выглядаў гэты жыхар засьценку, засьцянковіч ці шарачок — дарэчы, чаму іх так называлі — шарачковымі шляхціцамі?”

(Арэшка: ) “Шарачковы — ад шэрае сьвіты з даматканага сукна, якую часта насіў шляхціц, падобна селяніну, у працоўныя дні. Але ж беларуская шляхта звычайна вызначалася пэўнай элеганцыяй. Паслухаем, як апісвае дробную шляхту выдатны для свайго часу, канца 19 стагодзьдзя, даведнік “Жывапісная Расея”:


“Шляхтич бреет бороду, отпускает усы. Вместо свиты, надевает камзол, род однобортоного сюртука при широких шароварах и картузе с козырьком. Все соседи согласны с тем, что обыкновенно шляхтич разгулен, беззаботен, немного сварлив, но откровенен, словоохотлив, приветлив. Он большой хлебосол и, при грязной избе, в котрой у него также живут свиньи и птица, старается пристроить горенку. Он задорен и хвастлив: громко говорит, не прочь и подраться, а в корчме шляхтич требует почета...

Шляхтич перед высшими почтителен, льстив, предупредителен и угодлив. В домашнем хозяйстве живёт спустя рукава. Окна украшает бальзаминами, гортензией, геранью; дочерям и жене покупает перчатки; шляхтянки одеваются в белые, как снег, юпки, в белыя кофточки или рукава и в праздничное время распускают зонтики; но на дворе грязь не чистят, в избе полов не настилают, ходят по земляному, битому…

Вообще шляхтич зажиточнее, меньше пьёт, опрятнее, чище и рослее. А круглолицыя, румяныя, весёлыя девушки-шляхтянки на сумрачном фоне белорусских картин выделяются яркими, привлекательными пятнышками. Оне оттого шаловливы и веселы, што сыты и течет в их жилах горячая кровь…

Эта шляхта охотно учится грамоте, охотно идет на службу. Из нея вышли все местные чиновники уездные и губернские и образовалось почти все тамошнее православное и католическое духовенство”.


Гэта пра шляхту мсьціслаўскую, але падобнае можна сказаць і пра шляхту ўсёй Беларусі”.

(Ракіцкі: ) “А як расьсялялася шляхта па краіне — ці былі нейкія асабліва шляхецкія рэгіёны?”

(Арэшка: ) “У Польшчы шматлікай сваёй шарачковай шляхтай славіцца Мазовія. У нас найбольш яе было ў Наваградзкім ваяводзтве на ўрадлівай зямлі паміж Слуцкам і Наваградкам, так званых “палёх”. Шчыльна жыла шляхта ў паўночна-заходняй Беларусі. Шмат шляхты было і на Палесьсі, дзе яна вызначалася сваёй беднасьцю, цемнатою й кансэрватыўнасьцю — нездарма ж Дунін-Марцінкевіч напісаў сваю “Пінскую шляхту”.

(Ракіцкі: ) “Традыцыі і законы Рэчы Паспалітай Шляхецкай падкрэсьлівалі роўнасьць усіх прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя. Як жа рэалізоўвался гэтая роўнасьць у дачыненьнях паміж магнатамі і шарачкамі?”

(Арэшка: ) “Кожны шляхціц мог зьвярнуцца адзін да аднаго са зваротам “пан брат”. Іншы зварот мог быць узяты нават за зьнявагу. Калі маршалак войскаў ВКЛ Казімер Жаромскі напісаў у лісьце да безьзямельнага шляхціца Яна Хрызастома Паска “мой мосьці пане і прыяцель”, той, абражаны, адказаў зьедліва:


“Паглядзеўшы на тытуляцыю ліста ад Вашмосьць Пана да мяне дасланага, вельмі сканфудавала мяне, што ня годны я быць Вашмосьці Пана братам, а толькі прыяцелем... Але ўважаю, што памылка тая не да асобы вашмосьць пана, а да пісара, які пісаў той ліст належыць, ды ён здаецца мусіць быць чалавекам паджылым, бо некалі і сэнатарам пісалі “ласкавы пане”; альбо калі ён чалавек малады, дык напэўна перад тым служыў каму за шкіпера, пеньку й клёпку да Рыгі вазіў і задумаўшыся пра тое, палічыў, што да нейкага купца піша...”

(Ракіцкі: ) “Але ж пэўна магнат меў магчымасьць адпомсьціць шарачку за залішні гонар?”

(Арэшка: ) “Здараліся выпадкі, калі магнаты перасьледавалі сваіх засьцянковых непрыяцеляў, вырашаючы справы праз наезды, несправядлівы суд альбо проста гвалт. Вядома, што той, хто меў грошы, уладу, нават сваё войска, заўсёды мог скарыстацца з сваіх перавагаў у дзяржаве шляхецкай і роўнасьць паміж шляхтаю звычайна і канчалася на “пане-браце”.

Але ж шляхецкія прывілеі давалі якую-ніякую гарантыю “правоў чалавека” і бедным шляхціцам таксама. Тым болей, што й магнатэрыя зацікаўленая была ў дробнай шляхце, якая складала аснову электарату на сойміках, пастаўляла ахвочых да службы ў магнацкім войску ці пры магнацкім двары.

Гэта быў своеаблівы сымбіёз, дзе абодва бакі атрымлівалі сваё. Дробная шляхта абагаўляла свайго патрона, а той мусіў клапаціцца аб ёй ды ёй патакаць. Ідылічную карціну такіх адносінаў малюе Гэнрык Жавускі ва “Ўспамінах Сапліцы”, паказваючы князя Караля Станіслава Радзівіла па мянушцы Пане Каханку:


“Па абедзе пайшлі мы ўсе на дзядзінец бэрнардынаў, дзе, хаця ўжо й добра былі выпіўшы, але яшчэ пілі. Ужо там была мешаніна! Яснавяльможныя і ваколічная шляхта, магнаты й засьценкі былі брат за брат. Князь, напаткаўшы нейкага шляхціца з абдзёртаю шапкаю, зьняў зь яго яе і на сваю галаву злажыў, а яму даў сваю, аксамітную. На той знак пачалі мы ўсе мяняцца шапкамі ды піць, але так, што кожны раз іншую ўжо шапку насілі. Потым князь, добра ўжо п’яны пачаў распранацца, бэсьцячы шляхту з добрага сэрца. І гэтак аднаму даў пас залаты, мовячы: “Дарую табе, дурню!” — іншаму кантуш: “На, сьвіньня!” — а таму брыльянтавую шпінку: “Трымай, асёл!” — а іншаму жупан: “Бяры, кеп!” — так, што застаўся ў нагавіцах амарантавых ды кашулі, на якой вісеў вялізны шкаплер. І гэтак сеў ён на возе, на якім была агромністая бочка, поўная віна. Ён сядзеў на бочцы, а шляхта цягнула воз па вуліцах Наўгародку...”

(Ракіцкі: ) “Але ж вобраз засьцянковай шляхты атрымліваецца нейкі няпэўны, дваісты. З аднаго боку, гэта ганарлівыя рыцары, зь іншага — ледзьве не сэрвільныя халопы”.

(Арэшка: ) “Сапраўды, дробная шляхта стаіць як бы на мяжы саслоўяў. Яна быццам і ўдзельнічае ва ўладзе, мае правы, ганарыцца шабляю і гербам, ведае старажытныя радаводы... У той жа час, як падданства, працуе яна на ральлі, прыслужвае панам.

Чым жа была яна насамрэч? А менавіта засьцянковай шляхтаю й была — з сваёю традыцыяй, культураю, адрознай і падобнай адначасова, як на культуру магнатэрыі, гэтак і на культуру сялянства. Нават антрапалягічна шляхта адрозьнівалася ад простых вяскоўцаў... Пра тое, што сталася зь ёю зь цягам стагодзьдзяў, добра сказаў Сыракомля ў сваіх “Вандроўках”:


“...Са сьціплымі патрэбамі й сродкамі засьцянковы шляхціц, адрабляючы сваю шчуплую ніву, не клапоціцца пра сваю асьвету, пра лепшы побыт, пра павышэньне прадукцыйнасьці сваёй гаспадаркі. Ён яшчэ ганарыцца сваімі прывілеямі і гатоў паўтараць, што “ён роўны ваяводзе”, але не здагадваецца, што ў былыя часы ён і праўда быў роўны ваяводзе і ў сіле, і ў розуме, што ваявода лічыўся зь ім; не здагадваецца яшчэ сёньняшняя засьцянковая шляхта, што калісьці была каўчэгам законаў свабоды... Сумна цяпер глядзець на былых нашчадкаў тых магутных, свабодных, авеяных славаю шляхціцаў-рыцараў, сумна бачыць іх цяперашні інтэлектуальны ўзровень, сумна прызнаваць маральны заняпад дробнай шляхты...”

(Ракіцкі: ) “Калі пераважную большасьць шляхты складалі засьцянковічы, дык сёньняшнія нашчадкі шляхты — гэта, збольшага, праўнукі шарачкоў? Тады, калі й засталася нейкая пераемнасьць у беларускіх шляхецкіх родах, дык гэта спадчына менавіта засьценкаў?”

(Арэшка: ) “Збольшага, напэўна, так. Але ці дрэнна гэта? Ледзьве ня ўсё адметнае, што было ў гісторыі нашай і ў культуры нашай, рабілі выхадцы з дробнае ці сярэдняе шляхты — ды й сёньня, пагартаўшы прэсу, сярод прозьвішчаў палітыкаў, прадпрымальнікаў, мастакоў, сярод, як цяпер кажуць, “ньюсмэйкераў” — пазнаеце збольшага прозьвішчы нашчадкаў былых засьцянковічаў, якія й стварылі Беларусь — яе міт ды яе рэчаіснасьць...”
XS
SM
MD
LG