Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МЕНСКІМ “ЧЭРВЕНЬСКІМ” РЫНКУ КАЛЯ ТЫСЯЧЫ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ ПРАВЯЛІ НЕСАНКЦЫЯНАВАНЫ МІТЫНГ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня раніцай дэлегацыя вэртыкалі на чале зь першым намесьнікам кіраўніка Ленінскай адміністрацыі Валерыем Скакуном прыбыла на рынак “Чэрвеньскі” для ўрэгуляваньня канфлікту з прадпрымальнікамі.

(Спадарыня: ) “Мы стаім за наш рынак. Мы ня хочам, каб яго зачынілі.Чаму гэты рынак мусіць зачыніцца? Чаму ўсе рынкі маюць адно аблічча?”

(Яшчэ адна спадарыня: ) “Сто гадоў гэтаму рынку”.

Паводле спадара Скакуна, пытаньне закрыцьця “Чэрвеньскага” па-за кампэтэнцыяй раённага начальства:

(Скакун: ) “Гэтае пытанне да “Белспажыўсаюзу”, ягоная ўласнасьць, таму Ленінскі раён пытаньне ня вырашыць”.

(Спадарыня: ) “Якая ўласнасьць! Гэта народны рынак”.

(Іншая спадарыня: ) “Зьнесьлі Камароўку — пабудавалі новую Камароўку. Каму гэта трэба? “Чэрвеньскі” — гэта гісторыя. Я лічу, што гэтую гісторыю варта пакінуць. Каб ён быў рынкам, а ня супэрмаркетам. І ня гіпэрмаркетам, і ня паркінгам”.

(Спадар: ) “Зьдзекуюцца, як хочуць”.

(Іншы спадар: ) “А потым у гэтым жа гіпэрмаркеце нам прапануюць месцы, якія каштуюць каля 5 тысяч даляраў — адно месца”.

Прадпрымальнікі заявілі прадстаўнікам ўлады, што на знак пратэсту супраць закрыцьця “Чэрвеньскага” і павелічэньня эканамічнага ціску яны будуць браць удзел ва ўсебеларускім бестэрміновым страйку.

У адказ начальства запатрабавала, каб гандляры заплацілі падатак. Як абвесьціў начальнік падатковай інспэкцыі Ленінскага раёну Аляксандар Суботка, яны мусяць заплаціць падатак ня менш як за 14 дзён. Калі ж гэта ня будзе выканана, прадстаўнікі вэртыкалі прыгразілі пазбавіць прадпрымальнікаў працы. У неабгрунтаванасьці такіх патрабаваньняў чыноўнікаў паспрабавалі пераканаць лідэры Аб’яднанай рады прадпрымальнікаў. Аднак перамовы, як абвесьціў “чэрвеньцам” Аляксандар Лапотка, ня мелі выніку:

(Лапотка: ) “Ленінскі раён пра вас наагул ня хоча клапаціцца. Хоча паставіць вас на калені”.

(Карэспандэнт: ) “Вас задаволілі адказы начальства?”

(Марыя Мікалаеўна: ) “Не, гэта несправядліва. Нават не па-чалавечы. Ня трэба нічога плаціць”.

Як прагучала сёньня, супрацьдзеяньне ўладаў не перашкодзіць гандлярам “Чэрвеньскага” ўзяць удзел у кастрычніцкім страйку.
XS
SM
MD
LG