Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЛЯМЭНЦКАЯ АСАМБЛЕЯ РАДЫ ЭЎРОПЫ ПРЫНЯЛА РЭЗАЛЮЦЫЮ ПА БЕЛАРУСІ


Ірына Халіп, Страсбур

Спачатку слова ўзяў адмысловы дакладчык па Беларусі Вольфганг Бэрэндт. Ён сказаў, што сытуацыя ў Беларусі апошнім часам значна пагоршылася, і асабліва гэта датычыць незалежнай прэсы. Сп. Бэрэндт падкрэсьліў, што газэты зьнішчаюцца, а журналісты перасьледуюцца. Ён заклікаў беларускі парлямэнт, яі абмяркоўвае закон аб СМІ, падумаць пра лёс незалежнай прэсы. Таксама пад пагрозай застаецца лёс апазыцыйных палітычных партыяў, - зазначыў сп. Бэрэндт. Ён нагадаў дэпутатам судовы перасьлед Міхаіла Чыгіра, зьнікненьне вядомых палітыкаў і потым падзякаваў Юрыдычнаму камітэту за стварэньне камісіі, якая будзе расьследаваць гэтыя зьнікненьні.

Потым выступіў дакладчык ад Юрыдычнага камітэту Вацлаў Станкевіч. Ён падкрэсьліў, што Беларусь – адзіная дзяржава ў Эўропе, дзе засталося сьмяротнае пакараньне.

Увогуле, амаль усе аратарскія выступы гучалі як поўная згода з рэзалюцыяй. Напрыклад, спн. Вольвэнд зь Ліхтэнштайну, якая наведала Беларусь у чэрвені, сказала, што вялікая частка Беларусі супраць цяперашняга рэжыму, але яшчэ большая частка проста баіцца гаварыць пра гэтае адкрыта, таму што народ жыве ў страху. Спн. Вольвэнд прапанавала прадстаўнікам Рады Эўропы прысутнічаць у Беларусі пастаянна.

Сёньня ж рэзалюцыю па Беларусі пракамэнтаваў для Радыё Свабода генэральны сакратар Рады Эўропы Вальтэр Швімэр:

(Швімэр: ) “Парлямэнцкая Асамблея, як і Рада Эўропы ў цэлым, зацікаўленая ў дэмакратычных рэформах у Беларусі. Гэтыя рэформы зьяўляюцца перадумовай таго, каб адчыніць дзьверы Беларусі для ўваходжаньня ў Раду Эўропы. Такім чынам, меркаваньне арганізацыі адзінадушнае. Аднак мы ня толькі просім нечага ад Беларусі, але і прапануем нашую дапамогу, у тым выпадку, калі кіраўніцтва краіны будзе гатовае пайсьці шляхам у кірунку поўнай дэмакратычнасьці, улады закону і павагі да правоў чалавека”.

Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы будзе працягваць кантакты зь беларускімі палітычнымі партыямі. Сп. Бэрэндт сказаў, што ў траўні наступнага году, падчас мясцовых выбараў, плянуецца сэмінар з удзелам розных палітычных сілаў. Дыялёг працягваецца, і многія дэпутаты Асамблеі хацелі б урэшце рэшт убачыць Беларусь у Радзе Эўропы. І яны вельмі шкадуюць, што беларускія ўлады ніяк ня хочуць зразумець простую рэч: гэтае пытаньне павінна быць вырашанае спачатку ў Беларусі, і толькі потым у Страсбуры.
XS
SM
MD
LG