Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД НЕ СКАСАВАЎ ШТАМПЫ ДАЗВОЛУ НА ВЫЕЗД У ПАШПАРТАХ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня Канстытуцыйны суд абнародаваў выніковае рашэньне ў справе адпаведнасьці Канстытуцыі шэрагу актаў пра абавязковасьць штампу ў пашпарце з 5-гадовым дазволам выезду за мяжу. У рашэньні гаворыцца, што гэтая адзнака ня мае патрэбных ступеняў абароны ды ўвогуле штампаваньне пашпартоў сваіх мэтаў не дасягае.

Больш за тое, старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч зачытаў рашэньне, наступны фрагмэнт якога прызнае, што дазвольны штамп не адпавядае Канстытуцыі:

(Васілевіч: ) “Прастаўленьне адзнакі ў пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для часовага выезду за мяжу ня ў поўнай ступені адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паколькі абавязак прастаўленьня адзнакі ў пашпарце ўстаноўлены для ўсіх грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, абсалютная бальшыня якіх ня мае абмежаваньняў на выезд, зьмяншае іхныя правы ды несувымерны з каштоўнасьцямі, якія абараняе Канстытуцыя”.

Аднак, нягледзячы на такія высновы, Канстытуцыйны суд сваім рашэньнем толькі прапанаваў выканаўчай уладзе стварыць у “мажліва кароткія тэрміны, але не пазьней за 31 сьнежня 2005 году”, такую сыстэму ўліку, якая дазволіць выяжджаць за мяжу з агульнаграмадзянскім пашпартам бяз штампу. Да стварэньня такое сыстэмы суд прызнаў дапушчальнай адзнаку ў пашпарце з часовым дазволам на выезд.

Прадстаўнік Міністэрства ўнутраных справаў Аляксандар Бягун, які прадстаўляў сваё ведамства ў Канстытуцыйным судзе, сказаў, што сёньняшняе рашэньне Канстытуцыйнага суду можна выканаць і раней, бо ў 2003 годзе чакаецца новая рэдакцыя закону пра парадак выезду ды ўезду.

(Бягун: ) “Калі ў наступным годзе парлямэнт прыме новы закон, дык новы парадак будзе ўжо ў 2003 годзе”.

Спадар Бягун дадаў, што можа быць уведзены яшчэ й іншы дакумэнт — толькі замежны пашпарт, у дадатак да ўнутранага.

Аднак ініцыятар разгляду справы — дэпутат палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч кажа, што тэрміны скасаваньня штампу расьцягнутыя, а да таго ж па-ранейшаму трэба плаціць за яго грошы.

(Парфяновіч: ) “Я не пакіну гэтага. Я спадзяюся, што ў першую чаргу гэтым пытаньнем зоймецца Міністэрства ўнутраных справаў ды прывядзе ў адпаведнасьць усе тыя рэчы, што трэба. Пакуль людзі не зразумеюць, што яны асноўная ўлада ў гэтай краіне — не прэзыдэнт, ня ўрад, не дэпутаты, а яны асноўная ўлада, — яны будуць стаяць у чэргах, плаціць у шпіталях. І ўсе наступствы, што адсюль выходзяць”.

Тым часам многія грамадзяне Беларусі пазбаўленыя сёньня мажлівасьці выехаць за мяжу, бо ў Менску скончыўся лямінат для той пашпартнай старонкі, дзе месьціцца фотаздымак. Прадстаўнік МУС Аляксандар Бягун тлумачыць:

(Бягун: ) “Выдавецтва “Беларускі дом друку” не змагло своечасова закупіць расходныя матэрыялы для вырабу блянкаў пашпартоў, але зараз груз атрыманы. Дакумэнты ўжо можна здаваць. Тое, што яны мусяць аддрукаваць, — блянкі пашпартоў, яны партыю атрымаюць і надрукуюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG