Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАПЛЕЧНІКІ КУЧМЫ СЬВЯТКУЮЦЬ ПЕРАМОГУ Ў ВЯРХОЎНАЙ РАДЗЕ


Валер Каліноўскі, Кіеў

У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны перамовы пра парлямэнцкую большасьць вяліся на працягу паўгода – адразу пасьля сакавіцкіх выбараў. Пэўныя шанцы на фармаваньне большасьці вакол сябе мела найбуйнейшая фракцыя “Наша Ўкраіна” пад кіраўніцтвам былога прэм’ера, лібэрала Віктара Юшчанкі. Аднак апошні вагаўся, пакуль ішло процістаяньне радыкальных сілаў (камуністаў, сацыялістаў, блёку Юліі Цімашэнкі) і прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Калі масавыя акцыі пратэсту ў Кіеве і рэгіёнах з патрабаваньнем адстаўкі Леаніда Кучмы захлынуліся, паплечнікі апошняга перайшлі ў контрнаступ. Падставай для хутчэйшага стварэньня большасьці стаўся зрыў паседжаньня Вярхоўнай Рады “Нашай Украінай” 26 верасьня падчас спробы ўнесьці ў парадак дня пытаньня пра палітычную сытуацыю ў краіне. Пра гэта заявіў ад імя 9 фракцыяў і групаў дэпутат Уладзімер Пяхота:

(Пяхота: ) “Мы маем больш як 226 заяваў народных дэпутатаў, і мы гатовыя сфармаваць парлямэнцкую большасьць ды ўзяць на сябе адказнасьць”.

Заявам Уладзімера Пяхоты пра новы этап у дзейнасьці Вярхоўнай Рады пярэчыць лідэр сацыялістаў Аляксандар Мароз:

(Мароз: ) “Гэта ня новы этап, а новыя стаўкі. Цяпер адшчыпнуць дэпутатаў ад нашай фракцыі спрабуюць, паводле папярэдніх зьвестак, якім я не магу не давяраць, за 200 тысячаў умоўных адзінак, за тое, каб хтосьці перайшоў у блёк большасьці”.

На думку Аляксандра Мароза, пракучмаўская большасьць ніколі ня будзе эфэктыўнай. Тым ня менш, прэзыдэнт Леанід Кучма адразу вітаў гэтую большасьць, назваўшы яе “праўкраінскай”. Ягоныя апанэнты не зьбіраюцца прызнаваць паражэньне. Гаворыць Уладзімер Стратовіч, лідэр Хрысьціянска-народнага саюзу Ўкраіны:

(Стратовіч: ) “Павінен сказаць, што гэтая барацьба набывае зацяжны характар, на выжываньне. Кіраўнік дзяржавы і ягонае акружэньне ня маюць ніякага намеру йсьці на саступкі. А таму сілы апазыцыі і іх дзеяньні будуць абвастрацца, і іх ціск будзе ўзмацняцца ў самых розных формах, дазволеных Канстытуцыяй і заканадаўствам”.

Уладзімер Стратовіч, які зьяўляецца кіраўніком камітэту Вярхоўнай Рады ў справе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, заяўляе, што ягоны камітэт мае дастакова матэрыялаў пра карумпаванасьць сёньняшняй выканаўчай улады, дастаткова для імпічмэнту Кучмы. Таму адміністрацыя прэзыдэнта Ўкраіны блякуе прыняцьце закону пра антыкарупцыйныя сьледчыя камісіі, мяркуе Ўладзімер Стратовіч. Прычынай няўдачы першай хвалі ціску на прэзыдэнта Кучму спадар Стратовіч называе зьняверанасьць насельніцтва, моцную прапаганду, у выніку якой правінцыя ня ведае, што адбываецца ў Кіеве.

(Стратовіч: ) “Іншымі словамі, мы набліжаемся да таталітарнага рэжыму, да яго ўзаконеньня, якое адбудзецца ў выніку такіх дзеяньняў. Магчыма, у горшым варыянце, чым у Беларусі”.

На вуліцах Кіева яшчэ кіпяць страсьці, хаця сапраўды масавых акцыяў ужо няма. “Я падтрымліваю больш камуністаў, а Кучму, калі б толькі магчымасьць была, я б зь яго садрала скуру, адсекла галаву і паклала ў серную кіслату”, — сказала адна кіяўлянка, якая пікетавала Вярхоўную Раду.

На хуткую і лёгкую перамогу не разьлічвалі як арганізатары масавых акцыяў пратэсту, гэтак і шараговыя ўдзельнікі. Цяпер толькі два адсоткі жыхароў Укріаны лічаць Леаніда Кучму годным быць прэзыдэнтам Украіны – паводле апытаньня сацыялягічнай лябараторыі “Соцыс”. 44 адсоткі кіяўлян падтрымалі рэзалюцыю акцыі “Паўстань, Украіна!” з патрабаваньнем адстаўкі Леаніда Кучмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG