Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗАЛЕСЬСІ АДЗНАЧАЮЦЬ ДЗЕНЬ НАРАДЖЭНЬНЯ СЛАВУТАГА КАМПАЗЫТАРА МІХАЛА КЛЕАФАСА АГІНСКАГА


Ігар Карней, Менск

У напаўразбураным маёнтку Агінскіх у Залесьсі пэўнае ажыўленьне традыцыйна назіраецца пры канцы верасьня, калі сюды запрашаюць гасьцей і ладзяць культурніцкія імпрэзы. Праўда, апошнім часам на сьвяты грошай бракуе, таму ўсё абмяжоўваецца запросінамі на талаку: прыбіраюць тэрыторыю, чысьцяць збудаваньні ды возера.

Дырэктар комплексу Ўладзімер Ліхота кажа, што тэарэтычна адраджэньне маёнтку магчымае, але практычна ўключыць яго ў сьпіс мясьцінаў да масавага наведваньня можна пры адной умове:

(Ліхота: ) “Пасьля таго, як маёнтак ажыве. Зразумела, што толькі ў гэтым ягоная будучыня. Калі хто і згодзіцца ўкладаць сродкі, то толькі са спадзяваньнямі, што гэта будзе даваць прыбытак. Стартавыя магчымасьці да гэтага ў Залесься ёсьць: шаша, чыгунка. Дарэчы, адзін з нашых сталых партнэраў, турфірма зь Вялейкі распрацавала своеасаблівае турыстычнае кола, і мы ўваходзім у яго як адзін з пунктаў экскурсійнага маршруту: Залесьсе, Крэва, Баруны, Гальшаны, Маладэчна”.

Некалькі гадоў таму Залесьсе наведалі нашчадкі Агінскага — браты Залускія, якія жывуць у Вялікабрытаніі. Візыт адбыўся дзякуючы намаганьням былога амбасадара Беларусі ў гэтай краіне Ўладзімера Шчаснага. Пасьля перамоваў з Залускімі Шчасны, які ў структуры МЗС зараз займаецца сумеснымі праектамі зь ЮНЭСКА, напісаў канцэпцыю аднаўленьня сядзібы. Наколькі яна адпавядае цяперашнім умовам? Гаворыць навуковы супрацоўнік фармальна існага музэю Агінскага Сяргей Верамейчык:

(Верамейчык: ) “Размова ідзе пра акцыянэрнае таварыства. Трэба акумуляваць капітал. Таварыства набывае абсталяваньне, тэхніку, укладае грошы. Але паколькі мы жывем у гэтым часе, то бачым тое, што маем насамрэч. Таму ўсе праектаваньні... Кожны, хто сюды прыяжджае, як сьлед, робіцца глябальным праектоўцам. Менавіта для мяне, які выслухаў шмат вэрсіяў, гэта ўжо звычайная рэч. Маленькая расьліна разважае пра тое, які тут будзе вялікі, прыгожы лес. Але няма ні насеньня, ні лясьніка, нічога няма”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі я ведаю, рэстаўрацыяй таксама займаецца звычайнае будаўнічае ўпраўленьне, якое ня мае ніякага дачыненьня да рэстаўрацыйных працаў?”

(Верамейчык: ) “Пачынаючы ад уладных структураў — усе ў бальшыні сваёй дылетанты, толькі намагаюцца выглядаць прафэсіяналамі. Толькі з-за таго, што на бязрыб’і і рак рыба, прыцягнулі звычайную будаўнічую фірму, якая атрымала падатковыя палёгкі. Зразумела, што далей працаваць павінныя прафэсіяналы. А іх у нас няма. Быў праект палякаў. Яны абяцалі зрабіць усё цягам году. Яны прафэсіяналы, працуюць у Эгіпце, Палестыне. Я ведаю, як былы рэстаўратар, што нашымі сіламі нічога ня зробіш. Узровень рэстаўрацыйных работаў самі ведаеце які”.

Цяперашні ўзровень аднаўленчых работаў у Залесьсі бачны нават дылетанту: пакуль будаўнікі нешта ўмацоўваюць на адным паверсе палаца, другі развальваецца. І гэткая імітацыя дзейнасьці цягнецца не адно дзесяцігодзьдзе. Зрэшты, настрой у цяперашніх абаронцаў сядзібы досыць аптымістычны: падрастае новае пакаленьне, якое ня кіне справу на паўдарозе.

15-гадовая Алеся, вучаніца мясцовай школы, узяла ўдзел у адмысловай акцыі, арганізаванай рухам “Зялёны крыж”. Ейная мэта — яшчэ раз нагадаць пра незайздросны стан “Паўночных Атэнаў”.

(Алеся: ) “Я распавяла ня толькі пра гісторыю стварэньня маёнтка, але і пра гісторыю ягонага заняпаду. І прыклала свой праект: якім я хачу бачыць маёнтак. Займу я нейкае месца, альбо не — ня мае для мяне вялікага значэньня, галоўнае, што мне гэтая праца прынесла задавальненьне. У мяне ёсьць мара (можа, яна спраўдзіцца): напісаць пра Залесьсе кнігу. Напісаць пра побыт, сьветаўспрыманьне жыхароў. Напісаць гісторыю Залесься”.

Але пакуль што гісторыя Залесься пішацца без уліку пажаданьняў мясцовых жыхароў.
XS
SM
MD
LG