Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ АНІМАТАРЫ НЯ РОБЯЦЬ БЕЛАРУСКАМОЎНЫХ МУЛЬТФІЛЬМАЎ?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

У конкурснай праграме магілёўскага фэстывалю “Анімаёўка” бяруць удзел толькі новыя фільмы, якія зробленыя сёлета. З дваццаці стужак — тры работы беларускіх аніматараў: Ірыны Кадзюковай, Натальлі Жыткоўскай і Натальлі Хаткевіч.

Нягледзячы на тое, што пяць гадоў таму “Анімаёўка” задумваўся як фэстываль найперш нацыянальнай анімацыі, найбольш шырока ў Магілёве традыцыйна прадстаўленыя расейскія студыі: сёлета шэсьць стужак на конкурс і некалькі адмысловых праграмаў.

Па-за конкурсам “Анімаёўкі” дэманструецца каля паўсотні беларускіх мультыплікацыйных фільмаў. Гэтыя праграмы прымеркаваныя да будучага 30-гадовага юбілею айчыннай студыі анімацыі.

Стужкі нашых майстроў, паводле словаў арганізатара фэстывалю, кіраўніка Магілёўскага гарадзкога кінавідэапрадпрыемства “Позірк” Андрэя Бычкова, любяць за яркасьць і добрыя сюжэты.

(Бычкоў: ) “Яны найбольш маляўнічыя і заўсёды карыстаюцца папулярнасьцю ў гледачоў — дарослых і дзяцей”.

За пяць гадоў існаваньня “Анімаёўкі” на фэстывалі ніводнага разу ня быў прадстаўлены беларускамоўны мультыплікацыйны фільм. Андрэй Бычкоў гаворыць, што стужак на нацыянальнай мове беларускія аніматары не ствараюць.

(Бычкоў: ) “Напэўна, быў бы інтарэс да фільмаў на беларускай мове, аднак нельга забывацца на тое, што іх трэба прадставіць на фэстывалі й прадаць. А міжнародныя мовы на фэстывалях і кінарынках — ангельская і расейская. Гэта зона распаўсюджваньня гэтых мультфільмаў”.

Кіраўнік “Позірка” Андрэй Бычкоў гаворыць, што дубляваць фільм тэхнічна проста, затое гэта каштуе грошай, якіх у беларускіх аніматараў няшмат.

Нашыя майстры з ахвотай прымаюць запрашэньні замежных анімацыйных студыяў. Сёлета некалькі кантрактнікаў зьехалі ў Карэю і Анголу. Верагодна, што іхныя работы будуць прадстаўленыя на магілёўскай “Анімаёўцы” наступнай восеньню — у якасьці замежных, а не беларускіх анімацыйных фільмаў.
XS
SM
MD
LG