Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІЯ ГАРАДЗКІЯ СЛУЖБЫ ЗМАГАЮЦЦА З ПАЦУКАМІ


Ганна Соўсь, Менск

Летняя сьпёка паспрыяла значанаму павелічэньню пацукоў. Прыкладам, у Менску іх стала больш амаль удвая. Паводле галоўнага лекара гарадзкога Цэнтру прафіляктычнай дэзінфэкцыі Віктара Бур’яка, вядома каля 60 хваробаў, якія пераносяць пацукі.

(Бур’як: ) “З банальных хваробаў — гэта страўнікавыя захворваньні. Ёсьць такая ўжо частая хвароба, як іерсініёз, яна таксама ад пацукоў. Ёсьць і больш рэдкія хваробы. Прыкладам, лептаспэроз”.

Тут варта прыгадаць нядаўні выпадак у Воршы, калі пацук пакусаў чатырох вайскоўцаў. Іх шпіталізавалі, але прышчэпку супраць шаленства не зрабілі з прычыны адсутнасьці вакцыны ў горадзе. Я папрасіла пракамэнтаваць гэты выпадак галоўнага санітарнага лекара Беларусі Валерыя Ключановіча.

(Ключановіч: ) “Сапраўды, такі факт быў. Арганізацыйна не спрацавалі ў той момант у той паліклініцы. Але ў нас існуе сыстэма перапраўкі вакцынаў з аднаго рэгіёну ў другі. Матэрыялу для прышчэпкі сапраўды на той момант аказалася мала на тэрыторыі краіны. Таму мы паскорылі пастаўку гэтай вакцыны з Расеі. Зараз пытаньне вырашанае.

Чаму менавіта ў Воршы была такая сытуацыя? Напярэдадні там быў сьмяротны выпадак: аднаго чалавека пакусаў шалёны сабака, ён нікуды не зьвяртаўся і памёр. Таму там была вельмі вялікая насьцярожанасьць. Мы казалі, што вельмі заклапочаныя шаленствам”.

Ці існуе небясьпека шаленства ў Менску? Галоўны лекар гарадзкога Цэнтру прафіляктычнай дэзінфэкцыі Віктар Бур’як мяркуе, што патэнцыйна такая пагроза ёсьць:

(Бур’як: ) “Мне дакладна такія выпадкі не вядомыя, у прыватнасьці, на працягу прыкладна 25 гадоў. Але я ведаю, што на тэрыторыі Менску гадоў 16–18 таму знаходзілі пацукоў, у якіх вылучалі потым узбуджальнікаў шаленства. Пацукі й мышы былі, ёсьць і будуць на тэрыторіі Менску. Так ужо здарылася, штот вакол Менску існуюць лясы, і там бываюць шалёныя ваўкі й лісы. Кантакт паміж дзікімі жывёламі й напалову хатнімі заўсёды ёсьць і будзе. І таму ў патэнцыяле гэта так”.

Цяпер у сувязі з павелічэньнем колькасьці пацукоў адпаведныя службы закладваюць у магчымых месцах знаходжаньня грызуноў прынады з атрутай.
XS
SM
MD
LG