Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЗНАК ПРАТЭСТУ СУПРАЦЬ АДМЕНЫ БЕЛАРУСКАМОЎНАГА НАВУЧАНЬНЯ БАЦЬКІ НЕ ПУСЬЦІЛІ ДАЧКУ Ў ШКОЛУ


Галіна Абакунчык, Менск

Пяціклясьніца Маша Каралькова сёлета ў школу не хадзіла ніводнага дня, бо ўсе пяць школ у Горках расейскамоўныя, а беларускіх клясаў у іх няма. На роднай мове дзяўчынка вучылася толькі да чацьвертай клясы — адзіная сярод сямі тысяч горацкіх школьнікаў.

Але летась чыноўнікі ад адукацыі палічылі, што ўтрымліваць беларускую клясу з адзінаю вучаніцай нявыгадна і скасавалі клясу, паабяцаўшы, аднак, што сёлета адчыняць ізноў. Але з гэтай восені гісторыя паўтарылася, і Каральковы вырашылі — лепш навучаць дзяўчынку дома на роднай мове, чым у школе на расейскай. Гаворыць Віктар Каралькоў:

(Каралькоў: ) “Мы і тады пісалі заяву, каб нам далі магчымасьць вучыцца па-беларуску й надалей, але нам не дазволілі. А сёлета прапанавалі вучыцца ў вёсцы каля Горак. Ну, гэта як для індзейцаў рэзэрвацыю шукаць. І зараз мы бастуем, займаемся самаадукацыяй дома”.

Паводле бацькі вучаніцы, з просьбай вырашыць праблему ён неаднойчы зьвяртаўся ва ўстановы адукацыі ўсіх узроўняў, у тым ліку ў міністэрства й пракуратуру. Аднак тое, што ў пятай клясе не хапае вучаніцы, не заўважылі нават у школе №4 гораду Горкі, дзе вучылася дзяўчынка. Гаворыць дырэктар школы Іван Жук:

(Жук: ) “У мяне такіх зьвестак няма. Калі яна вучылася ў нас і ня ходзіць у школу, то мне ўжо даклалі б даўно. Але я пазначу для сябе й удакладню”.

Пра тое, што дзяўчынка не наведвае школу, ня ведаюць і ў гарадзкім упраўленьні адукацыі. Аднак знаёмыя з патрабаваньнямі бацькоў адчыніць беларускую клясу. І разглядаюць гэта не як законнае права выбару мовы навучаньня, а як жаданьне сям’і Каральковых супрацьстаяць уладам. Гаворыць намесьнік кіраўніка Горацкага ўпраўленьня адукацыі Сяргей Прутнік:

(Прутнік: ) “Мы яму прапанавалі: у нас вакол Горак ёсьць мноства беларускамоўных школаў. Калі б яны хацелі, то змаглі б гэта зрабіць. Але я так разумею, яны маюць іншую мэту: Каралькоў шукае прэцэдэнт, каб пайсьці супраць улады. І ён знайшоў выхад, спэкулюючы на навучаньні свайго дзіцяці, спрабуе ўзьдзейнічаць на ўпраўленьне й на школу”.

Паводле Віктара Каралькова, пакуль толькі ўлады ціснуць на іх сям’ю: ад верасьня бяз працы засталася ягоная жонка, якая працавала ў рэдакцыі мясцовай газэты. А сам Каралькоў атрымаў паведамленьне, што з кастрычніка ён звольнены з гарадзкога аддзелу культуры — нібыта з прычыны скарачэньня штатаў.
XS
SM
MD
LG