Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСТАВЫ


Алесь Грыневіч, Паставы

У Паставах, як і ў шмат якіх іншых раённых цэнтрах Беларусі, помнік Леніну нібы крочыць да будынку райвыканкаму – як тая статуя Камандора, што сьпяшалася пакараць распусьніка Дона Жуана. Але здаравенны, мэтры на тры, пастаўскі Ленін крыху адметны. Адна з апошніх працаў вядомага скульптара Заіра Азгура зьявілася ў горадзе на зьмену меншаму помніку ў той час, калі камуністычная сыстэма ў Беларусі нібыта канала.

Пасьля жнівеньскага путчу 1991 года кампартыя на кароткі час была забароненая. Вярталіся старажытныя сымбалі Беларусі, краіна набывала незалежнасьць. І менавіта ў гэтыя дні на цэнтральнай плошчы Паставаў усталявалі навенькага Леніна. Распавядае сьведка тых падзеяў, настаўнік пастаўскай школы №1 Ігар Пракаповіч:

(Пракаповіч: ) “Я памятаю, быў дождж і такое надвор’е дужа кепскае. Людзей было мала, можа ўвечары гэта было. Ну былі нейкія такія цьмяныя часы, калі гэта ўсё ставілі”.

(Карэспандэнт: ) “А скажыце, ці праўда, што яго ахоўвалі дзесьці з месяц?”

(Пракаповіч: ) “Так, ахоўвалі, міліцыянт увесь час там, асабліва на сьвяты, дзяжурны быў, каб там бомбу не падклалі, ці што яшчэ”.

Тое, што ў гэткія часы мясцовыя ўлады не адмовіліся ад новага помніка Леніну, Ігар Пракаповіч тлумачыць наступным чынам:

(Пракаповіч: ) “Магчыма, тут уплывае тое, што ў нас усё ж такі вайсковы гарадок, і ўвесь час тут быў наплыў вайскоўцаў з усяго Савецкага Саюза. Гэта ўплывала, напэўна, на мэнталітэт, які тут сфармаваўся”.

За часамі СССР ў Паставах месьціліся дзьве дывізіі – авіяцыі і ракетных войскаў. Пасьля іх расфармаваньня вялікая частка вайскоўцаў ды іхных сем'яў зьехала з гораду, іншыя засталіся. Таму ў Пастаўскім раёне самы вялікі ў Беларусі афіцыйны ўзровень беспрацоўя і ці ня самыя нізкія цэны на жытло.

Акрамя ўплыву вайсковага мэнталітэту, новаму Леніну паспрыяла й тое, што тагачасны кіраўнік раёну быў зацятым камуністам. У першыя гады незалежнасьці Васіль Чэпік шмат зрабіў для адбудовы кампартыі Беларусі. А як дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, ён найбольш запомніўся ініцыятывай, якая не прайшла галасаваньне. Гаворыць пастаўскі карэспандэнт газэты "Віцебскі кур'ер" Уладзімер Шык.

(Шык: ) "У свой час ён ледзь не пахаваў цяперашняга беларускага лідэра. Калі ўжо было на заключным этапе прыняцьце Канстытуцыі, менавіта кіраўнік з Паставаў прапанаваў на сэсіі, каб першы беларускі прэзыдэнт быў не маладзейшы за 45 гадоў. У той час Лукашэнку было 40 гадоў – гэта аўтаматычна яго зьнішчала як палітыка, ён ня мог прэтэндаваць. Там не хапіла некалькіх галасоў, каб гэтая прапанова прайшла".

(На фоне сьпеваў з царквы) На галоўнай плошчы Паставаў, побач з выканкамам і будынкамі 18-га стагоддзя, якія плянаваў італьянскі архітэктар Сака, стаіць праваслаўная царква. На імшу ў чацьвер прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек – амаль усе сталага веку. Сярод іх няма ніводнага мужчыны.

(На фоне імшы з касьцёла) У каталіцкім касьцёле, што стаіць на другім беразе маленькага возерца, сярод прыкладна сотні наведвальнікаў чацьвярговай імшы мужчынаў амаль палова, нямала й маладых хлопцаў і дзяўчат. Вось што сказала дзяўчына, якая выйшла зь імшы:

(Дзяўчына: ) "У нас шмат маладых людзей зьвяртаюцца да Бога, ходзяць у наш касьцёл. Я вельмі ганаруся тым, што большасьць маіх сяброў зьвяртаюцца да Бога, размаўляюць зь ім, давяраюць яму".

Дзяўчына кажа, што сёлета скончыла мясцовую школу.

(Дзяўчына: ) "Я веру ў Бога, што ён мне дапаможа, каб мае пляны надалей спраўдзіліся".

(Карэспандэнт: ) "А якія ў вас пляны?"

(Дзяўчына: ) "Ну, як і ў іншых маіх аднагодкаў, гэта паступіць куды-небудзь, стаць чалавекам у гэтым жыцьці".

(Карэспандэнт: ) "Вы сёлета паступаеце, так? А куды, калі не сакрэт?"

(Дзяўчына: ) "Сакрэт! (сьмех)"

Раз на тыдзень у мясцовым касьцёле праходзіць адмысловая моладзевая імша. У Паставах я даведаўся, што тое-сёе са знакамітага мюзікла Эндру-Лойд Вэбэра "Ісус Хрыстос – супэрзорка" сьпяваюць і па-беларуску.

Касьцёл аднавіў сваю дзейнасьць ў 1987 годзе. А за 11 гадоў да таго ў гэтым нэагатычным будынку пачынала працу найбуйнешае прадпрыемтва Паставаў – "Беліт" (ад словаў "Беларусь-Літва"). Завод спачатку быў філялам віленскага прадпрыемства "Вінгіс". У 1990-я гады ён далучыўся да менскага аб'яднаньня "Гарызонт". Калі ў 1991 годзе на "Беліце" працавала больш за 1600 чалавек, дык сёньня работнікаў засталося толькі крыху больш за 400.

Завод выпускае трансфарматары для чорна-белых і каляровых тэлевізараў. Большасьць гэтых трансфарматараў ідзе на тэлевізары "Гарызонт", старэйшыя мадэлі прадаюцца ў Расею для рамонтных службаў. Тым часам былое галаўное прадпрыемства і цяперашні канкурэнт, літоўскі "Вінгіс”, перажыў цяжкі крызыс на пачатку 1990-х гадоў і пераабсталяваў вытворчасьць. Цяпер "Вінгіс" ў асноўным выпускае адхіляльныя сыстэмы для кінэскопаў, якія ставяцца на тэлевізары "Samsung”, "Philips" ды "Thomson".

(на фоне гукаў станкоў) У апошнія гады ў "Беліта" зьявіўся новы сур'ёзны канкурэнт – кітайскія вытворцы трансфарматараў. Намесьнік дырэктара Павал Райчонак паказвае мне на сваім кампутары аматарскі запіс з кітайскага заводу, які здабылі разьведчыкі "Беліту". Старыя "белітаўскія" станкі намотваюць адначасова толькі адну катушку трансфарматара, станок на кітайскім заводзе – адразу 12. Ня дзіва, што кітайскія трансфарматары каштуюць амаль удвая таньней. Спадар Райчонак кажа, што "Беліт" трымаецца някепска, але патрэбныя інвэстыцыі ў новае абсталяваньне.

(Райчонак: ) "Мы ведаем сваю стратэгічную лінію, як гэта мусіць быць. Але без інвэстыцыяў у вытворчасьць наўрад ці гэта можна ажыцьцявіць. Таму што ня хопіць грошай сваіх, каб разьвіваць нешта новае. І самае галоўнае, калі прыцягнуць сюды нейкага замежнага, напрыклад, інвэстара, можна было б рабіць і для сябе, і адначасова, карыстаючыся ягонымі сувязямі, такую ж арганізаваць пастаўку на экспарт, як гэта робіць, напрыклад, "Вінгіс".

Калі намесьнік дырэктара кажа, што прадпрыемства завершыла мінулы год зь невялікім прыбыткам, дык старшыня прафсаюзу "Беліту" Зінаіда Жук гаворыць, што апошнія гады завод працуе толькі са стратамі. А тыя работнікі, зь якімі я пагутарыў на прахадной, аптымізму ўвогуле ня маюць. Гаворыць намотчыца Тэрэза:

(Тэрэза: ) "Работаем тут задарма. Палову траўня мы ўвогуле стаялі, бо не было проваду. І цяпер няма проваду. І падзецца няма куды. Працы ж няма нідзе ў Паставах".

І хаця ў горадзе ёсьць некалькі моцных прадпрыемстваў – напрыклад, усе нахвальваюць прадукцыю мясцовага малочнага заводу, якую можна набыць і ў Менску – праблемы беспрацоўя гэта не вырашае. Выглядае, што беспрацоўе спрычынілася да высокай сьмяротнасьці на Пастаўшчыне – пару гадоў таму ў горадзе адчынілі ўжо трэція могілкі.

Я стаю на старых могілках Паставаў – у горадзе іх называюць першымі. Вакол лес крыжоў: каталіцкіх крыху болей, чым праваслаўных. Бачна, што могілкі дзейнічалі доўга – на, бадай, самым старым помніку, што захаваўся, стаіць дата сьмерці – 1897 год. А непадалёк, пэўна, адзіны тут помнік з чырвонай зоркай замест крыжа. На ім надпіс: "Мацкевіч Васіль Мікалаевіч, 1924-1949. Загінуў ад рукі клясавага ворага. Ад таварышаў па працы – супрацоўнікаў раённага аддзелу МГБ".

Гаворыць Ігар Пракаповіч, які ў вольны час спрабуе вывучаць гісторыю гэтага краю:

(Пракаповіч: ) "Тут дзейнічалі так званыя лясныя браты. Людзі стараюцца пра гэта не гаварыць, на вёсцы асабліва. Я ведаю, дзе дзейнічаў той чалавек, які займаўся гэтай справай у той вёсцы. Я ім тэлефанаваў, пытаўся. Мужык нешта пачаў гаварыць, а жонка, чуваць, крычыць: "Не кажы!" Ну і ўсё, на гэтым справа закончылася".

Другія могілкі дзейнічалі ў Паставах каля пятнаццаці гадоў. Трэція ж запаўняюцца яшчэ хутчэй. Паводле Пракаповіча, калі да вайны на тэрыторыі цяперашняга Пастаўскага раёну жыло каля 110 тысячаў чалавек, пасьля вайны – прыкладна 70 тысячаў, дык цяпер тут засталося каля 45 тысячаў жыхароў.

Шмат народу, асабліва моладзі, пакінула раён. Тыя ж, хто застаецца, вымушаныя "круціцца". Тутэйшыя жыхары кажуць, што пасьля таго, як два гады таму ў райвыканкаме ўпершыню зьявілася старшыня зь мясцовых, прадпрымальнікам стала працаваць крыху лягчэй. Адчыняюцца прыватныя крамы, прыватны аўтасэрвіс і майстэрні, залі кампутарных гульняў, на галоўнай плошчы будуюць прыватны бар і гасьцініцу – "прытон", як сказала мне мясцовая жыхарка.

А некалькі месяцаў таму ў горадзе зьявіліся прыватныя маршрутныя таксоўкі-мікрааўтобусы. Кіроўца гаворыць, што паўгода ня мог знайсьці працу па вяртаньні з войска. Ён кажа, што працуе толькі тыдзень і пакуль ня ведае, які заробак яму дасьць гаспадар таксовак. На адсутнасьць пасажыраў ён ня скардзіцца:

(Кіроўца: ) "Хто сьпяшаецца, той выбірае таксі, а хто грошы шкадуе, той езьдзіць на гарадзкім транспарце".

А вось што таксоўшчык кажа пра жыцьцё ў Паставах:

(Кіроўца: ) "І добра, і блага – па-ўсялякаму. Грошы ня плацяць – блага, заплацяць – добра. Вось так і жывем".

У першай у Паставах прыватнай рэстарацыі "Хутарок" я пакаштаваў смажанага ліня. Гаспадар рэстарацыі Аляксандар Чарняўскі працаваў побач з будынкам, усталёўваў сьветламузыку на тэрасе. Тут жа стаяў і ягоны джып "Міцубісі". Гаспадар патлумачыў мне, што рыбу купляе ў мясцовых рыбакоў, якія ловяць у навакольных азёрах. Пастаўшчына здавён славілася сваімі азёрамі. На нядаўна вернутым старым гербе гораду – тры срэбныя рыбкі на блакітным фоне.

Вось што Аляксандар Чарняўскі кажа пра бізнэс у Паставах:

(Чарняўскі: ) "Апошнія пару год лягчэй стала”.

(Карэспандэнт: ) "А чаму?"

(Чарняўскі: ) "Ну, проста стала лягчэй, болей сталі дазваляць нешта".

Кіраўніца Пастаўскай "вэртыкалі" Ванда Януковіч – тая самая начальніца зь мясцовых – дужа сьпяшалася. Таму і мне давялося сьпяшацца за адзінай у Беларусі жанчынай-кіраўніцай раёну па сходах райвыканкаму.

(Януковіч: ) "Добра жыць, някепска мы жывем".

(Карэспандэнт: ) "А як вам працуецца, адзінай кіраўніцы раёну, сярод мужыкоў?"

(Януковіч: ) "Усе мужчыны мяне падтрымліваюць безумоўна і выконваюць усе мае ўказаньні й патрабаваньні".

(Карэспандэнт: ) "Слухаюцца?"

(Януковіч: ) "Калі ня слухаюцца, значыць, яны не павінныя працаваць".

(Карэспандэнт: ) "А зь мясцовай апазыцыяй як у Вас тут?"

(Карэспандэнт: ) "Мясцовая апазыцыя таксама ў нас у руках".

Міхась Гіль, намесьнік старшыні пастаўскай суполкі сацыял-дэмакратаў Аляксея Караля, кажа, што палітычнай палёгкі мясцовыя ўлады насамрэч не даюць. Да прыкладу, ужо які год адмаўляюць у рэгістрацыі мясцовай прыватнай газэты, тлумачачы гэта адсутнасьцю належнага памяшканьня для юрыдычнага адрасу.

Пастаўскія сацыял-дэмакраты разьлічваюць правесьці некалькі чалавек у мясцовыя саветы на выбарах наступнай вясной. Міхась Гіль, які сам раней быў дэпутатам гарадзкога і раённага саветаў, кажа, што сёньня рэальнай улады саветы ня маюць. Аднак дэпутацкі статус можа спрасьціць сустрэчы зь людзьмі і дазволіць кантраляваць выбары вышэйшага ўзроўню.

(Гіль: ) "Для выбараў можа трэба ісьці. Бо калі маеш гэты мандат, можаш у любую камісіі падысьці – яны табе павінныя даваць інфармацыю пра ход выбараў ды іншыя пытаньні. Можна на любы ўчастак заехаць, нешта пракантраляваць. І трохі нешта можа будуць слухаць, пракурор ці хто, ігнараваць ня будуць. А то былі парлямэнцкія, прэзыдэнцкія выбары – пракуратура была зачыненая. На парлямэнцкіх пракурора не было ўвогуле падчас выбараў. Яго тады абласны пракурор... мы тады выходзілі на вобласьць, яго вылічылі, у вёсцы быў".

У абанэмэнтным аддзеле бібліятэкі імя славутага пастаўца – паэта Ўладзімера Дубоўкі – ёсьць толькі дзьве кнігі Дубоўкі, абедзьве ў перакладзе на расейскую мову. Я пагутарыў зь бібліятэкаркай Людмілай Сяменас.

(Карэспандэнт: ) "Кніжкі Дубоўкі ў вас ёсьць?"

(Сяменас: ) "Ёсьць, але мала".

(Карэспандэнт: ) "Іх хапае?"

(Сяменас: ) "Не, гэтак жа як і ўвогуле ўсёй беларускай літаратуры ў нас не хапае. Абразьліва яшчэ тое, што кнігі беларускіх пісьменьнікаў прыходзяць на расейскай мове. Непрыемнае такое становішча".

Настаўніца гісторыі пастаўскай школы №4 Тамара Храпавіцкая кажа, што ў мясцовых школах на беларускай мове дзеці навучаюцца толькі да старэйшых клясаў, і тое не паўсюль. Далей навучаньне пераходзіць на расейскую, бо бацькі думаюць пра магчымасьць вышэйшай адукацыі для сваіх дзяцей. Каб падняць праблему беларускамоўнай адукацыі, Тамара Храпавіцкая нават хадзіла на сустрэчу з прадстаўніком гэтак званага савету рэспублікі, які быў наведаў Паставы.

(Храпавіцкая: ) “Ён нядрэнна ўспрымаў тое, што я падняла гэтае пытаньне. Казаў, што так, трэба вучыцца на беларускай мове, трэба беларускамоўныя школы. Але ён мяне зусім не зразумеў, калі я пачала гаварыць пра вышэйшыя навучальныя ўстановы на беларускай мове. Ён проста расьсьмяяўся. Ня зьдзекліва, але проста я ўбачыла, што гэты чалавек зусім мяне не разумее. Такое ўражаньне, што я размаўляю зь іншаплянэтнікам. Ён сказаў: "Ну ўявіце сабе, як гэта, мэдыцынскі інстытут, і будзе на беларускай мове!"

Дарэчы, менавіта мэдыцынскую вышэйшую адукацыю хацеў бы атрымаць сын Тамары Храпавіцкай, Аляксей, які скончыў 9 клясаў.

(Аляксей: ) "Я вельмі захапляюся біялёгіяй і пасьля 11 клясаў хацеў бы паступіць у Менскі дзяржаўны мэдыцынскі ўнівэрсытэт. Але я сутыкнуўся з такой праблемай, што дапаможнікаў па біялёгіі і па хіміі на беларускай мове амаль што няма і вельмі цяжка іх знайсьці. А мне вельмі хацелася б рыхтавацца на беларускай мове".

Аляксей кажа, што ў наступным годзе, хутчэй за ўсё пойдзе ў расейскамоўную клясу, каб рыхтавацца да вучобы ў мэдунівэрсытэце.

Да спадчыны матэрыяльнай пастаўскае начальства ставіцца лепей. Палац славутага роду Тызенгаўзаў, якія валодалі Паставамі ў 18-м і першай палове 19-га стагодзьдзя, добра адрэстаўраваны. Тут цяпер цяпер месьціцца раённая больніца. Я запытаўся ў доктаркі-эндакрыноляга Галіны пра паходжаньне палацу:

(Доктарка: ) "Тут жа быў цэнтар дойлідзтва, ганчарства цэнтар. Тут быў найвялікшы, напэўна, у Эўропе арніталягічны музэй. Тут зьбіраліся мастакі, было шмат карцінаў заўсёды. Гэта быў своеасаблівы такі цэнтар культурны. Тызэнгаўз – ён вялікі заснавальнік культурнай спадчыны нашае Пастаўшчыны, чаму мы вельмі радыя (сьмех)".

Мясцовы журналіст Уладзімер Шык кажа, што Паставы яшчэ перажывуць новы росквіт, як і многія іншыя гарады заходняй Беларусі.

(Шык: ) "Па працы сваёй я з многімі людзьмі размаўляю. І ўсё выказваюць шкадаваньне, што вось такое тармажэньне, што стаім на месцы. Таму што людзі гатовыя. Яны нібы спутаныя, зацугляныя. Дай ім волю, і яны тут перавернуць, мне здаецца, і хутка. Упэўненасьць у людзей ёсьць. У некаторых ёсьць ужо і капітал. І галоўнае, здольнасьці – і рукі, і галава ёсьць. Мне здаецца, усім ужо надакучыла жыць ў такой няўклюднай, беднай... Усе хочуць жыць годна, заможна. Ну, і шчасьліва".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG