Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З АКРЭСЬЦІНА ВЫПУСЬЦІЛІ АПОШНЯГА “ПАЛІТЫЧНАГА”


Любоў Лунёва, Менск

Зьміцер Дашкевіч адбываў 15 сутак арышту за тое, што 7 верасьня падчас пікету супраць інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі кінуў праз агароджу расейскай амбасады пудзіла з выяваю Ўладзімера Пуціна. Сёньня Зьмітра Дашкевіча сустракалі каля дзясятка маладафронтаўцаў.

(Дашкевіч: ) “Дзякуй вам! Ну, вы даеце!!!”

(Севярынец: ) “Вось табе, акрамя кветак, торт, там яшчэ адзін. Зараз будзем есьці”.

(Карэспандэнтка: ) “Распавядзі, як табе сядзелася”.

(Дашкевіч: ) “Ну, сядзелася й сядзелася. Нават і ня ведаю, што казаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі чалавек утрымлівалі ў камэры?”

(Дашкевіч: ) “Калі мяне прывялі, было 27 чалавек. Напружана, канечне. Потым крыху адбаўлялі. Ну, нармальна”.

(Карэспандэнтка: ) “А як было ноччу спаць?”

(Дашкевіч: ) “Я “чотка” там спаў.(Сьмяецца.) На сваім месцы. Там блатныя адразу: “А-а, палітычны! Давай сюды кладзіся”.

(Карэспандэнтка: ) “Палітычных там паважаюць?”

(Дашкевіч: ) “Так, паважаюць. Я пытаюся ў зэкаў: “Ну, як вы на зоне ставіцеся да Лукі? Кажуць, што нармалёва?” А яны: “Што?! Ты, што?!! Мы яго там усе...” Як панесьлі... Я такога нават ня чуў. Я ім там “Нашу Ніву” чытаў уголас у камэры. Беларускія газэты. Прапаганда ішла поўным ходам. Ой, якое шчасьце быць на волі. Чакаў жа палову месяца”.

(Карэспандэнтка: ) “ Ці зьнікла жаданьне ўдзельнічаць у несанкцыяваных акцыях?”

(Дашкевіч: ) “Дзе ж яно зьнікне! Яно толькі зьявіцца. Асабліва, калі яшчэ так сустракаюць. Дзякуй вам усім!”

Зьмітру Дашкевічу ўрачыста падаравалі кветкі й вялізны сьвяточны торт. Торт паклалі на лаўку перад спэцпрыёмнікам-разьмеркавальнікам, потым разьдзялілі на кавалкі й частаваліся разам са Зьмітром. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец паведаміў Радыё Свабода, што такім чынам маладафронтаўцы выказалі салідарнасьць са сваім сябрам.

Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Відаць, што Аляксандар Рыгоравіч, заяўляючы пра незалежнасьць, зусім ня дбае не пра яе, не пра тых людзей, якія за яе змагаліся і змагаюцца. Палітыка двайнога дна, як ён сам кажа, “падвоеных стандартаў”. Гэта звычайны падман. Мы ўсе цудоўна павінныя разумець, што не незалежнасьць патрэбная Аляксандру Рыгоравічу, а крамлёўская пасада.

Менавіта таму і быў асуджаны на 15 сутак Зьміцер Дашкевіч. Той падаруначак, які ён падкінуў у расейскую амбасаду, — гэта толькі пачатак. Малады Фронт рыхтуе хвалю незалежнасьці па ўсіх гарадах Беларусі. Хутка будуць акцыі і ў Менску. Яшчэ й не такія, якія былі 8 верасьня. Таму я думаю, будзем мы турбаваць і Расейскую імпэрыю, і дыктатуру Лукашэнкі ўсё часьцей. Гэта мы абяцаем”.

За апошнія чатыры месяцы ўпершыню ў камэры спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна не засталося ніводнага так званага “палітычнага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG