Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ РАСПАЧАЎСЯ СУД НАД КОЛІШНІМ ГАРАДЗКІМ МЭРАМ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Крымінальную справу супраць дырэктара нямецкага прадпрыемства “Вітэла”, якое знаходзіцца ў Віцебску ды вырабляе складнікі для кандытэрскае вытворчасьці, узбудзіла абласное ўпраўленьне КГБ. Паводле афіцыйнай вэрсіі сьледзтва, туды са скаргамі на злоўжываньні Неўшава зьвярнуўся асабіста дырэктар нямецкага канцэрну “Швартаў” – прадпрыемства-заснавальніка “Вітэлы” – Карл-Гайнц Келерман.

Прэтэнзіі нямецкага боку да спадара Неўшава сьледчы аддзел КГБ вывучаў 3 месяцы, і столькі ж часу правёў пад вартаю былы віцебскі мэр. На сёньняшнім судовым паседжаньні кіраўніцтва “Вітэлы” прадстаўлялі грамадзкія прадстаўнікі-адвакаты, бо спадар Келерман цяпер хворы ды прапанаваў пачаць разгляд справы ў ягоную адсутнасьць.

Зрэшты, на суд зьявіўся іншы прадстаўнік нямецкага боку – Вальтэр Шмэдэс. Ён ёсьць цяперашнім уласьнікам “Вітэлы”, паколькі віцебскае прадпрыемства нядаўна перайшло да іншага гаспадара. Спадар Шмэдэс дэманстраваў падчас суду ўласную прыязнасьць ды спачуваньне падсуднаму, нягледзячы на тое, што абвінавачаньні нямецкага боку супраць Валерыя Неўшава высунутыя досыць сур’ёзныя – гэта прысваеньне ды крадзёж матэрыяльных, у тым ліку грашовых сродкаў у нямецкага канцэрну “Швартаў”.

На сёньняшнім судовым паседжаньні гаворка ішла пра 5 меркаваных злачынстваў Валерыя Неўшава, сярод якіх прысваеньне службовай аўтамашыны, выплочваньне заробкаў адмыслоўцам наяўнай валютай, збыт прадукцыі прадпрыемства неіснуючай беларускай фірме ды іншае. Спадар Неўшаў ні ў чым падобным вінаватым сябе не прызнаў. Ягоны адвакат Пётар Каваленка лічыць, што ў справе Валерыя Неўшава няма крымінальнага зьместу і маюць месца толькі службовыя парушэньні. Аднак просьба абаронцы адпусьціць спадара Неўшава пад падпіску аб нявыезьдзе была адхіленыя, Валеры Неўшаў па-ранейшаму знаходзіцца ў сьледчым ізалятары, і судзьдзя Першамайскага раённага суду Людміла Ларына мяркуе, што судовы працэс над ім працягнецца да 2 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG