Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЙСКОВЫЯ СУДЫ ПАСЫЛАЮЦЬ ЛЮДЗЕЙ У ПСЫХІЯТРЫЧНЫЯ ШПІТАЛІ НАСУПЕРАК ДЫЯГНАЗУ ЛЕКАРАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Вядомы адвакат Вера Страмкоўская зноў узьнімае праблему выкарыстаньня прымусовага псыхіятрычнага лячэньня ў карных мэтах. Страмкоўская адзначае, што прыкметы гэтай зьявы назіраюцца ў справах некаторых вайскоўцаў, якіх перасьледуюць паводле крымінальнага закону, але з выкарыстаньнем псыхіятрычнага лячэньня. Адвакат прыводзіць два прыклады з асабістай практыкі. Адзін зь іх – справа маёра Віктара Геца, якога днямі прызналі вінаватым у крадзяжы вайсковай маёмасьці і вырашылі пад прымусам накіраваць у псыхіятрычны шпіталь Гайцюнішкі ў Гарадзенскай вобласьці. Страмкоўская не выключае, што з афіцэрам паквіталася начальства, з якім ён уступіў у канфлікт. А менскі міжгарнізонны суд, які асудзіў маёра, дзейнічаў разам з вайсковай пракуратурай паводле аднаго зацьверджанага наверсе сцэнару.

(Страмкоўская: ) "На судзе высьветлілася, што там былі найгрубейшыя парушэньні закону ў пэрыяд сьледзтва, але, нягледзячы на гэта, Віктара Геца прызналі вінаватым і накіравалі на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычны шпіталь".

Вера Страмкоўская зьвярнула ўвагу на тое, што да суду яе падабаронны ўжо быў накіраваны на псыхіятрычнае лячэньне ў Навінкі. Якраз скарыстаўшыся з гэтага сьледчыя на час сьледзтва пазбавілі яго права мець адваката. Пасьля гэтага даказваць сваю невінаватасьць маёру Гецу стала вельмі цяжка, бо ён трапіў у лік псыхічна хворых людзей, што ў нашым грамадзтве ўжо гучыць як прысуд, адзначае адвакат. Між тым, Вера Страмкоўская спасылаецца на высновы лекараў са шпіталю ў Навінках, якія ня бачаць патрэбы ў прымусовым лячэньні маёра Геца.

Падобныя высновы не дапамаглі пазьбегнуць прымусовай “псыхушкі” і старшаму лейтэнанту Кірылу Рагінскаму. Былы ад'юнкт вайсковай акадэміі ўчыніў злачынства яшчэ ў 1999 годзе, за што праз год быў асуджаны да пазбаўленьня волі. Але яшчэ да суду ён трапіў у псыхіятрычную клініку з прыкметамі хваробы. Праз два гады дактары вырашылі, што прымусова ўтрымліваць Рагінскага ў псыхушцы няма патрэбы, бо стан ягонага здароўя палепшыўся. За гэта, у прыватнасьці, выказаўся вядомы экспэрт Валер Буданаў ды іншыя адмыслоўцы. Але зноў вайсковыя судзьдзі вырашылі інакш. На пачатку верасьня справа старшага лейтэнанта Рагінскага разглядалася ў барысаўскім міжгарнізонным судзе, і было прынятае рашэньне надалей ўтрымліваць яго ў шпіталі Гайцюнішкі.

"Калі гэта яшчэ і не практыка карнай псыхіятрычнай мэдыцыны, то ўжо вельмі небясьпечная яе пагроза. Навошта трымаць у псыхушцы людзей насуперак дыягназу лекараў? Гэта адкрывае магчымасьці для злоўжываньняў, вядомых нам з савецкіх часоў", – заўважае Вера Страмкоўская. Таксама яна прапануе прыгледзецца да гэтых выпадкаў яшчэ і як да ілюстрацыі таго, што адбываецца ў беларускім войску:

(Страмкоўская: ) "Я лічу, гэта сьведчыць пра тое, што ня ўсё добра ў нашым войску зараз. Справы адносна дзедаўшчыны, крадзяжоў маёмасьці і вось гэтыя гісторыі пацьвярждаюць, што неабходна рэфармаваньне нашага войска".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG