Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЮДЗІ, ПАЗБАЎЛЕНЫЯ ЧАРНОБЫЛЬСКІХ ІЛЬГОТАЎ, НЕ ПРАТЭСТУЮЦЬ, БО ПРЫЗВЫЧАІЛІСЯ ДА КРЫЎДАЎ УЛАДЫ


Марыя Усьціновіч, Чэрыкаўскі раён

У Ляшчэвіне засталося толькі 5 двароў і дзясятак жыхароў. У мінулым палова насельніцтва Ляшчэвіны зьехала, каб уратавацца ад радыяцыі, а цяпер вёска абвешчаная “чыстай”.

Мясцовая жыхарка, настаўніца Ларыса Сазонава мяркуе, што арганізмы людзей прызвычаіліся да радыёнуклідаў. Аднак скасаваньне чарнобыльскіх ільготаў Ларысе і яе аднавяскоўцам не спадабалася:

(Сазонава: ) “Крыўдна! Можа, сродкаў няма ў нашай дзяржавы гэта плаціць. Хто вінаваты? Бог яго ведае, як тут гавораць”.

Пэнсіянэрка Тацяна Серакова даведалася пра тое, што ёй больш ня будуць плаціць так званыя “чарнобыльскія”, калі атрымала меншую пэнсію.

(Серакова: ) “Што б я сказала ўладзе? Адбіла ногі, а ўсё адымаюць ды адымаюць. А што адымаюць, я і ня ведаю. Прынясець паштальёнка – аднялі. Несправядліва!”

Жыхары тэрыторый, якія былі пераведзеныя ў разрад радыяцыйна “чыстых”, страцілі шмат ільготаў: дапамогу на аздараўленьне, бясплатныя лекі, двайную дапамогу на малых дзяцей. Дзіцячыя садкі сталі платныя, і давядзецца плаціць падатак на зямлю.

У раённым цэнтры Чэрыкаве людзі толькі зараз сталі ўсьведамляць, што страцілі, і на сходах просяць кіраўнікоў прадоўжыць ільготы хаця б да заканчэньня года, бо многія іх сёлета не пасьпелі выкарыстаць. Сельскія жыхары не патрабуюць нічога.

Рыгор Жнівень, настаўнік Гліньскай школы, што непадалёк вёскі Ляшчэвіна, лічыць, што людзі не пратэстуюць, таму што прызвычаіліся да таго, што ўлада іх крыўдзіць:

(Жнівень: ) “Само насельніцтва, я лічу, не абураецца ўсім гэтым, здраджвае такім чынам сваім дзеткам і ўнукам. Маўчыць, церпіць, не патрабуе. Так што ў большай ступені і людзі, напэўна, вінаватыя, што такі ў іх лёс нядобры”.

Жыхару вёскі Верамейкі Чэрыкаўскага раёну і правабаронцу Яўгену Шарабурку таксама не даплацілі колькі тысяч рублёў да пэнсіі, хаця яны былі б дарэчы пры набыцьці лекаў:

(Шарабурка: ) “Відаць, у бацькі “залатога запасу няма”, як у тым “Вясельлі ў Малінаўцы”. У нас пачынаюць літаральна крыхамі зьбіраць грошы і бюджэт”.

Рыгор Жнівень прадбачыць, што тэндэнцыя замоўчваньня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы захаваецца і далей:

(Жнівень: ) “Беларусь такая нацыя – не баіцца радыяцыі, толькі бы не было вайны. Гэты лёзунг эксплюатуецца сучаснай уладай вельмі пасьпяхова”.

Тым часам забруджаныя радыяцыяй раёны Магілёўшчыны чакаюць істотнага скарачэньня чарнобыльскіх праграмаў.
XS
SM
MD
LG