Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНГАРСУД АДМОВІЎСЯ ЗАДАВОЛІЦЬ КАСАЦЫЙНУЮ СКАРГУ БАЦЬКОЎ, ЧЫЕ ДЗЕЦІ ЗАГІНУЛІ НА НЯМІЗЕ


Галіна Абакунчык, Менск

На сёньняшняе паседжаньне суду прыйшлі Ніна Інькова й Натальля Навакоўская й яшчэ раз заявілі, што, паводле іх перакананьня, шматлікія факты сьведчаць, што дзяржаўныя й камэрцыйныя структуры адказныя за трагедыю. Зь сямі адказчыкаў у суд прыйшлі прадстаўнікі толькі двух – упраўленьня міліцыі і кампаніі "Кляс-клюб", якія ў сваю чаргу, ізноў сказалі, што вінаватых у гібелі 53 чалавек няма. З гэтым аргумэнтам 17 ліпеня пагадзілася судзьдзя Маскоўскага суду Вольга Гусакова, а сёньня яе рашэньне падцьвердзіла калегія Менгарсуду. Абедзьве заяўніцы не зьдзівіліся такому выніку, бо перакананыя, што гэтае рашэньне сыходзіць з пажаданьня найвышэйшага кіраўніцтва краіны. Гавораць Натальля Навакоўская й Ніна Інькова:

(Навакоўская: ) "Рашэньне суду – мы так разумеем – было заплянаванае, бо ўсё ідзе па лініі слоў прэзыдэнта, што ніхто не вінаваты".

(Інькова: ) "Увесь народ ведае, што калі зьверху скажуць дапамагчы, то дапамогуць, а калі не, то й не".

На сёньняшнім паседжаньні ў прамове да суду адвакат Алег Воўчак прывёў прыклады ЗША й Расеі, дзе грамадзянам, пацярпелым ад тэракту й ад хуліганства футбольных фанатаў, дзяржава добраахвотна выплочвае матэрыяльную кампэнсацыю. А тое, што адбываецца ў Беларусі, ён назваў бязьмежжам, якое ўлада чыніць у адносінах да сваіх грамадзянаў:

(Воўчак: ) "Неабходна мяняць судовую сыстэму, бо суд ня можа абараніць правы грамадзянаў і груба парушае законы й канстытуцыю Беларусі".

Цяпер заяўнікі намерваюцца зьвяртацца ў Вярхоўны суд краіны. Аналягічная заява яшчэ чатырох удзельнікаў працэсу па Нямізе ў гарадзкім судзе будзе разглядацца 3 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG