Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ДЗЯРЖАЎТАІНСПЭКЦЫІ – НЕПІСЬМЕННЫЯ СУПРАЦОЎНІКІ


Ігар Карней, Менск

Менская міліцыя прызнае, што веданьне правілаў дарожнага руху і арфаграфіі для яе супрацоўнікаў — аднолькава складаныя рэчы. Першы ў гісторыі беларускага Міністэрства ўнутраных справаў іспыт, які павінен быў выявіць будучых афіцэраў ДАІ, ледзь-ледзь здалі тры кандыдаты. Блытана складзеныя, незразумелыя пратаколы, у якіх у трох словах трапляецца чатыры памылкі, неналежная фізычная падрыхтоўка, няўменьне размаўляць з кіроўцамі — так ацэньваюць кампэтэнцыю сваіх падначаленых кіраўнікі ДАІ. Але чаму менавіта ДАІ сталася першым зьвяном у міліцэйскай структуры, дзе вырашана распачаць прынцыповую рэформу? Гаворыць памочнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Дзьмітры Партон:

(Партон: ) "Так, у ДАІ праводзіцца сур'ёзная пераатэстацыя ў зьвязку са скарачэньнямі. Патрэбна скараціць 25% асабовага складу. Паводле якога прынцыпу гэта рабіць? Ня выгнаць жа людзей агульным сьпісам на вуліцу. Яны павінны пацьвердзіць сваю прафпрыдатнасьць. Шмат хто не прайшоў ня толькі таму, што ня вытрымаў іспыты. Нехта па здароўю, нехта ў зьвязку з тым, што ня меў дастатковага ўзроўню адукацыі. Але ня трэба выстаўляць іх поўнымі дэбіламі: амаль усё скончылі цывільныя ВНУ. У нас жа няма адмысловай вышэйшай установы ДАІ; пераважна ідуць пасьля аўтадарожных ВНУ, тэхнічных".

Рэформа ў ДАІ адбываецца ўжо некалькі месяцаў. Але толькі нядаўна новыя кандыдаты на інспэктараў здавалі сур'ёзны іспыт. Сярод першых 30 асобаў, якія падалі заявы на пераатэстацыю – былыя кіроўцы спэцыяльных падразьдзяленьняў МУС, супрацоўнікі крымінальнай міліцыі і аддзелу барацьбы са злачыннасьцю. Вынікі ня ўразілі: у дыктоўцы з расейскай мовы ўсе зрабілі па 10-15 памылак. Стандартны тэарытычны тэст на пасьведчаньне кіроўца здалі толькі трое; ня меншыя праблемы выклікала і ўласна кіраваньне аўтамабілем. У выніку на службу ў Менску прынялі толькі трох: былога кіроўцу АМОНу, супрацоўніка аддзелу абласнога ДАІ і чыноўніка канцылярыі МУСу. Тым ня меней, намер міністэрскага кіраўніцтва пакінуць у дарожна-патрульнай службе толькі афіцэраў нязьменны.

(Партон: ) "Будуць толькі афіцэры. І паводле ўзроставага фактару, і паводле інтэлігентнасьці, у прававых адносінах гэта болей пісьменныя людзі. Рыхтаваць кадры будзе каледж (былая школа міліцыі), Акадэмія міліцыі, па-ранейшаму будуць набірацца людзі, што скончылі цывільныя ВНУ. Натуральна, гэта не азначае, што хадзілі тысячы сэржантаў, і зараз усе яны стануць афіцэрамі. Наадварот, атэстацыя мусіць высьветліць, хто мае базу ведаў, каго можна пакінуць. А хто быў сяржантам "царкоўна-прыхадзкой школы" — той апынецца, ну, ня тое што на вуліцы: ім прапаноўваюцца іншыя пасады, прыкладам, у патрульна-паставой службе".

Неадпаведны ўзровень падрыхтоўкі бальшыні супрацоўнікаў ДАІ ўжо заўважаны ўрадам краіны. Паводле загаду Савету міністраў, унутраныя службы ДАІ пазбаўленыя права прымаць тэарэтычныя і практычныя экзамены курсантаў аўташколаў. Ад нядаўняга часу сябраў камісіяў у справе прыёму тэарэтычных іспытаў прызначае Міністэрства адукацыі; "практычны" іспыт аддадзены Міністэрству транспарту.

Тым часам, міліцыянтам, якія маюць жаданьне стаць афіцэрамі-інспэктарамі, экзамэнатары радзяць болей рухацца і болей чытаць.
XS
SM
MD
LG