Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКIХ АЎТАПЕРАХОДАХ ЗНОЎ ЗЬЯВIЛIСЯ ВЯЛIКIЯ ЧЭРГI


Алег Супрунюк, Берасьце

На пачатку гэтага тыдня грамадзянаў iншых краiнаў, якiя жадалi трапiць на тэрыторыю Беларусi праз аўтамабiльныя памежныя пераходы, абавязвалi дадаткова плацiць два даляры. Пра iснаваньне новага збору нiчога ня ведалi ня толькi iншаземныя кiроўцы, але i прадстаўнiкi польскiх памежных i мытных службаў, што працуюць на пераходзе “Тэрэспаль”.

У генэральным консульстве Польшчы ў Берасьцi таксама сьцьвярджаюць, што ўпершыню даведалiся пра зьмяненьнi правiлаў перасячэньня мяжы пасьля зваротаў у гэтую дыпляматычную ўстанову польскiх грамадзянаў. У консульстве гавораць, што нiякiх тлумачэньняў афiцыйных беларускiх уладаў на гэты конт яны не атрымалi.

Як высьветлiлася, новы збор быў уведзены паводле пастановы Дзяржаўнага мытнага камiтэту Беларусi. Грошы бралiся за афармленьне дакумэнту, якiм пацьвярджаўся часовы ўвоз транспартнага сродка з-за мяжы. Але на берасьцейскай мытнi “Заходнi Буг” паведамiлi, што новыя правiлы дзейнiчалi толькi на працягу сутак, i згаданы збор ужо адменены. Мытнiкi ўскосна пацьвердзiлi зьвесткi пра тое, што гэта здарылася пасьля шматлiкiх скаргаў грамадзянаў iншых краiнаў, якiя прыехалi ў Беларусь.

Тым часам на беларуска-польскiх аўтапераходах зноў зьявiлiся вялiкiя чэргi. Так, на пераходзе “Казловiчы—Кукурыкi” ў асобныя днi чарга грузавых аўтамабiляў дасягае 14 кiлямэтраў. Таму кiроўцы не хаваюць свайго абурэньня.

(Кiроўца: ) “Якое можа быць задавальненьне? Стаяць тут суткамi без харчаваньня. Нiякiх умоваў: няма прыбiральнi, немагчыма памыцца. Нiкому гэта не патрэбнае”.

Берасьцейскiя мытнiкi й памежнiкi гавораць, што чарга на мяжы — зьява часовая. Вось што распавёў адказны Берасьцейскай памежнай групы за iнфармаваньне насельнiцтва Дзьмiтры Дзявятаў:

(Дзявятаў: ) “Чэргi гэтыя — не рабочыя на дадзены момант. Некаторыя складанасьцi ўзьнiкаюць таму, што тут зараз працуюць прадстаўнiкi Савету бясьпекi. Там усё гэта на асаблiвым кантролi — парадак пропуску праз мяжу”.

Зь неафiцыйных крынiцаў вядома, што пад наглядам кантралёраў з Савету бясьпекi мытнiкi больш пiльна правяраюць усе аўтамабiлi, з прычыны чаго афармленьне грузаў на мяжы значна запавольваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG