Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЛЯНА: БЕЛАРУСЬ, МАЛДОВА, УКРАІНА — ГЭТА НЕ АДНАРОДНАЯ ГРУПА КРАІНАЎ, ПРЫНЦЫП ДЫФЭРЭНЦЫЯВАНЫХ СТАСУНКАЎ ЗЬ ІМІ БУДЗЕ ЗАХАВАНЫ


Юры Сьвірко, Менск

У сваім звароце да Сталай Рады АБСЭ Хавіер Саляна зазначыў, што ў большай Эўропе Ўкраіна, Беларусь і Малдова стануць новымі суседзямі Эўразьвязу на ўсходзе. “Агульны выклік для нас палягае ў тым, каб скарыстаць перавагі новае сытуацыі ды паспрабаваць стварыць мацнейшыя й глыбейшыя стасункі з гэтым рэгіёнам — дзеля таго, каб адначасна выкарыстаць новыя мажлівасьці й разам займацца агульнымі праблемамі. Гэта ня ёсьць аднародная група краінаў, і мы ўжо маем вельмі розныя тыпы стасункаў з кожнай зь іх. Што б ні вырашылі пасьля бягучых дыскусіяў, прынцып дыфэрэнцыяцыі будзе падтрымлівацца”, — заявіў спадар Саляна й дадаў, што розьніца паміж гэтымі краінамі таксама адлюстраваная ў дзейнасьці АБСЭ.

“Хаця АБСЭ працягвае адыгрываць важную ролю ва ўсіх гэтых краінах, спэктар і зьмест ейнага ўдзелу моцна адрозьніваецца. Мы працягваем лічыць працу АБСЭ ў рэгіёне вельмі каштоўнай, аднак мы таксама сур’ёзна абмяркуем, якім чынам Эўразьвяз можа ўзяць на сябе большую адказнасьць і лепш дапамагаць у дасягненьні нашых супольных мэтаў”, — сказаў прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу.

Хавіер Саляна зазначыў таксама, што трэба будзе перагледзець стасункі з асобнымі краінамі Ўсходняе Эўропы ды з усёй АБСЭ, бо пасьля пашырэньня Эўразьвязу ягоныя сябры будуць складаць амаль палову АБСЭ. “Мы прызнаем Стамбульскую хартыю эўрапейскае бясьпекі 1999 году і ейную наважанасьць узмацніць супрацоўніцтва паміж міжнароднымі арганізацыямі ды інстытутамі й цалкам выкарыстоўваць рэсурсы міжнароднае супольнасьці”, — заявіў спадар Саляна.
XS
SM
MD
LG