Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЯ АКЦЫЯ ПРАТЭСТУ РАБОТНІЦ “КУПАЛІНКІ”


Севярын Квяткоўскі, Менск

Акцыя распачалася ў другой палове дня і цягнулася паўгадзіны. На пляц перад Салігорскім гарвыканкамам прыбылі міліцэйскія начальнікі й намесьніца генэральнага дырэктара “Купалінкі” Вольга Альховік. Сьведкам падзеі стаў карэспандэнт салігорскай газэты “Салідарнасьць” Зьміцер Абрамычаў.

Вось што ён распавёў пра абяцаньні Вольгі Альховік работніцам “Купалінкі”:

(Абрамычаў: ) “Яна ім паабяцала, што заўтра ім перавядуць заработную плату. А на пятніцу, на 27 верасьня прызначаная сустрэча працоўнага калектыву з прадстаўніком канцэрну “Беллегпрам”, якому падначаленае адкрытае акцыянэрнае таварыства “Купалінка”.

Акцыя пратэсту работніц “Купалінкі” 25 верасьня сталася нечаканай для ўсіх, бо на пачатку верасьня жанчыны заявілі пра гатоўнасьць чакаць выкананьня сваіх патрабаваньняў да кастрычніка.

Жанчыны пратэстуюць супраць прымусовага адпачынку, якім пагражае кіраўніцтва ад 1 кастрычніка. За вымушаныя прагулы фабрыка плянуе плаціць каля 17 тысяч рублёў за месяц. Тыдзень таму на пляцы перад гарвыканкамам Салігорску некалькі соцень жанчын пратэставалі супраць падобных плянаў кіраўніцтва. І вось 25 верасьня новая акцыя, якую частка работніц салігорскай “Купалінкі” гатовая аднавіць у любы момант.
XS
SM
MD
LG