Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬЕЗД БЕЛАРУСКАГА КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ ВЫКАЗАЎ ПАДТРЫМКУ ГАЗЭЦЕ “РАБОЧЫ”


Міхал Стэльмак, Менск

Як прагучала на зьезьдзе БКДП, газэта “Рабочы” з 1997 году цесна зьвязаная з дэмакратычным прафсаюзным рухам Беларусі. Сябра Незалежнага прафсаюзу Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Васіль Альхоўскі зазначыў, што гэтае выданьне ёсьць галоўным інфармацыйным партнэрам БКДП. Ён прапанаваў дэлегатам ухваліць рэзалюцыю ў яе падтрымку:

(Альхоўскі: ) “2002 год стаў вельмі цяжкім як для БКДП, так і газэты “Рабочы”. У выніку жорсткага ціску і рэпрэсіяў з боку ўладаў супраць галоўнага рэдактара Івашкевіча пачалі крымінальную справу. Але беларускі прафсаюзны рух працягвае жыць, і мы перакананыя, што разам пераадолеем усе цяжкасьці. Зьезд выказвае сваю падтрымку Івашкевічу і заяўляе, што БКДП прыкладзе ўсе магчымыя намаганьні, каб паспрыяць хутчэйшаму аднаўленьню рэгулярнага выхаду газэты “Рабочы”.

Гэтая рэзалюцыя, прапанаваная дэлегатам Альхоўскім, была прынятая аднагалосна. Галоўны рэдактар “Рабочага” Віктар Івашкевіч паведаміў зьезду, што вынесенае яму нядаўна пакараньне — абмежаваньне свабоды — ня адаб’ецца на лёсе выданьня:

(Івашкевіч: ) “Гэтыя два месяцы я прыкладаю намаганьні, і пачынае газэта выходзіць. І я працягваю быць яе галоўным рэдактарам, седзячы хоць у тых жа Асіповічах ці ў Мар’інай Горцы. Дзякуй Богу, тэлефоны ў нас не адключаюцца. І ў кожным горадзе ёсьць арганізацыі дэмакратычныя, якія прадаставяць мне магчымасьць і электроннай пошты, і тэлефона, каб выконваць свае функцыі рэдактара. Тым больш, што я ж не адзін выдаю газэту, а ёсьць калектыў. Таму пакараньне з боку рэжыму не спыняе газэту. Газэту спыняе абыякавасьць сябраў прафсаюзу да газэты”.

Як засьведчыў зьезд, актывісты кангрэсу вельмі зацікаўленыя ў тым, каб газэта “Рабочы” працягвала існаваньне:

(Рубчэня: ) “Я з Салігорску, зь Незалежнага прафсаюзу, вытворчае аб’яднаньне “Беларуськалій”, фірма “Аўтаматызацыя”, электрамантажнік”.

(Карэспандэнт: ) “Ці патрэбная рабочым газэта “Рабочы”?”

(Рубчэня: ) “Рабочым, вядома ж, патрэбная. Ці гэта будзе газэта “Рабочы”, ці гэта будзе “Салідарнасьць”. Хутчэй за ўсё, патрэбныя і адна, і другая. Праўдзівая інфармацыя патрэбная ўсім рабочым. Далей. Патрэбныя нейкія веды. Прававыя веды ў першую чаргу. Магчыма. у гэтай газэце павінныя быць і тыя ж анэкдоты. Такія газэты вельмі патрэбныя”.

А вось якое меркаваньне выказаў яшчэ адзін удзельнік зьезду — лідэр Свабоднага прафсаюзу Берасьцейскай рэгіянальнай арганізацыі Валянцін Лазарэнкаў:

(Лазарэнкаў: ) “Па-першае, я асабіста і нашая арганізацыя ставяцца да яго як да чалавека, якога варта паважаць за яго погляды. За распаўсюд гэтых поглядаў, у тым ліку і праз газэту. Гэта наш чалавек”.

(Карэспандэнт: )”Ці паўплывае рэпутацыя Віктара Івашкевіча — як чалавека асуджанага — на рэпутацыю газэты, на стаўленьне падпісчыкаў “Рабочага” наогул да выданьня?”

(Лазарэнкаў: ) “Што тычыцца Свабоднага прафсаюзу, ніякіх праблемаў я ня бачу. Больш за тое, у нас сёньня любы чалавек са Свабоднага прафсаюзу можа апынуцца ў такіх жа абставінах, як і Івашкевіч”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG