Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ПРЫПЫНЯЮЦЬ ПРАГРАМУ ФІНАНСАВАЙ ДАПАМОГІ ЎКРАІНЕ


Юры Дракахруст, Прага

Учора дзярждэпартамэнт ЗША афіцыйна абвесьціў, што Амэрыка прыпыняе праграму фінансавай дапамогі Ўкраіне ў памеры 55 мільёнаў даляраў. Прычынаю сталі абвінавачаньні на адрас Кіева ў тым ліку і асабіста прэзыдэнта Кучмы ў пастаўцы ў Ірак насуперак санкцыям ААН сучаснай зброі. Паведамляецца, што 2 гады таму Ўкраіна прадала Іраку за 100 мільёнаў даляраў супрацьракетны комплекс “Кальчуга”, які дазваляе адсочваць нават амэрыканскія самалёты-невідзімкі “Стэлс”. Амэрыканскія і брытанскія самалёты і зараз патрулююць паветраную прастору Іраку, а з улікам пэрспэктывы шырокамаштабнай ваеннай апэрацыі супраць ірацкага рэжыму занепакоенасьць Вашынгтону такімі зьдзелкамі цалкам зразумелая.

Значная частка інфармацыі пра незаконныя пастаўкі зброі, напрыклад, зь Беларусі і Ўкраіны атрымліваецца праз агентурную выведку, таму зразумела, прадставіць дакладныя доказы – гэта засьвяціць сваіх агентаў. Аднак што тычыцца ўкраінскіх паставак “Кальчугі” Іраку, то тут ёсьць і адкрытыя доказы. 2 гады таму былы ахоўнік Леаніда Кучмы Мікола Мельнічэнка ўцёк з Украіны на Захад з магнітафоннымі стужкамі запісаў сакрэтных размоваў прэзыдэнта Ўкраіны са сваімі супрацоўнікамі. Сапраўднасьць гэтых стужак была ўстаноўленая амэрыканскімі адмыслоўцамі, і менавіта гэтыя запісы сьведчаць пра наўпроставую датычнасьць Леаніда Кучмы да збройных кантрактаў з Іракам.

Афіцыйны Кіеў абвяргае гэтыя абвінавачваньні. Абвяргае падобную інфармацыю пра ваенае супрацоўніцтва з Іракам і афіцыйны Менск. “Washington Post” цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога “Беларусь не кідае выкліку міжнароднай супольнасьці, да таго ж у Беларусі проста няма зброі масавага зьнішчэньня”.

Тым ня менш, абвяржэньні Кіева ня здолелі прадухіліць скарачэньне амэрыканскай дапамогі Ўкраіне. Варта адзначыць, што скарачэньню падлягае толькі дапамога ўраду, падкрэсьліваецца, што дапамога прыватнаму сэктару Ўкраіны скарочаная ня будзе.

Пакуль невядома, як адрэагуе Вашынгтон на інфармацыю пра ваеннае супрацоўніцтва Беларусі з Іракам. Праграмаў фінансавай дапамогі афіцыйнаму Менску не існуе, так што і скарачаць ў дадзеным выпадку няма чаго.
XS
SM
MD
LG