Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІРЫНА КРАСОЎСКАЯ: “ПЕРШАЯ ДОБРАЯ НАВІНА ЗА ТРЫ ГАДЫ РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЯ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Агульнай перамогай назвала Ірына Красоўская рашэньне Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы пра стварэньне камісіі па Беларусі, якая ў тым ліку возьме пад кантроль справы зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. Жанчына кажа, што для яе гэта першая добрая навіна за тры гады расьсьледаваньня.

(Красоўская: ) “Гэта вынік трохгадовай працы ўсіх, каму быў неабыякавы лёс зьніклых людзей. Гэта і праца сем’яў, і праца праваабаронцаў, палітычных партыяў і журналістаў. Усіх, хто заклапочаны станам з правамі чалавека ў Беларусі”.

Ірына Красоўская лічыць, што для беларускіх уладаў факт стварэньня такой камісіі ёсьць вялікай паразай, бо ён ужо дэманструе нежаданьне афіцыйнага Менску разьбірацца з праблемай зьнікненьня лідэраў апазыцыі. “Фактычна стаіць пытаньне пра тое, ці існуе ў Беларусі палітычны тэрор, і камісія будзе шукаць публічных адказаў на гэтае пытаньне. Нам адказ зразумелы, цяпер чарга і Эўропе пераканацца канчаткова, якой цаной дасягаецца ў Беларусі так званая стабільнасьць”, — кажа Ірына Красоўская. У яе няма ілюзіяў наконт стаўленьня беларускіх уладаў да камісіі ПАРЭ па Беларусі, але яна лічыць, што цяпер любыя паводзіны беларускіх уладаў будуць на карысьць высьвятленьня праўды.

(Красоўская: ) “Ня думаю, што ўлады дазволяць камісіі паўнавартасна працаваць паводле гэтых справаў, але ў любым выпадку мы наблізімся да адказу на пытаньне, хто вінаваты ў зьнікненьнях. Калі ўлады пагодзяцца дапусьціць камісію да вывучэньня матэрыялаў, то верагодна, што стане вядома нешта новае. Калі ж яны скажуць “не” — узьнікне пытаньне, чаму яны кажуць “не”, калі самі ня могуць усё расьсьледаваць”.

Сьвятлана Завадзкая, чый муж зьнік два з паловай гады таму пры нявысьветленых да канца абставінах, таксама вітае стварэньне міжнароднай камісіі. Сьвятлана вельмі станоўча ўспрыняла і тое, што старшынём камісіі абраны расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў, якога яна асабіста ведае.

(Завадзкая: ) “Мы кантактавалі летась у Маскве, і ён пакінуў вельмі добрае ўражаньне. Прычым ня толькі як чалавек. Было зразумела, што ён дастаткова інфармаваны ў беларускіх справах і добра ўяўляе, як трэба дзейнічаць”.

Яна назвала правільным крокам эўрапейскіх парлямэнтароў тое, што яны абралі старшынём камісіі па Беларусі аўтарытэтнага праваабаронцу ды яшчэ і расейца. Гэта дасьць магчымасьць пазбегнуць абвінавачаньняў у неаб’ектыўнасьці адносна Беларусі, лічыць Сьвятлана Завадзкая.

Пры гэтым яна спадзяецца, што камісія ПАРЭ здолее ня толькі змагацца з беларускімі ўладамі за доступ да расьсьледаваньня, але і дасягне ў гэтым пэўных посьпехаў, што дазволіць урэшце даведацца пра лёсы зьніклых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG