Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАБЛЕМАЙ СТАСУНКАЎ БЕЛАРУСІ З АБСЭ ЗОЙМЕЦЦА ХАВІЕР САЛЯНА


Юры Сьвірко, Менск

Ужо чатыры разы сёлета старшынёўства Эўрапейскага Зьвязу — двойчы гішпанскае (у траўні й чэрвені) і двойчы дацкае (у верасьні) — зрабіла адмысловыя заявы пра дачыненьні Беларусі з АБСЭ, заклікаючы афіцыйны Менск аднавіць супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй і даць магчымасьць працаваць у Менску Кансультацыйна-назіральнай групе АБСЭ.

Аднак нічога, акрамя абяцаньня неадкладна пачаць перамовы з АБСЭ ў Вене, эўрапейцы ад беларускіх уладаў не пачулі. Таму сёньня прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі й бясьпекі Хавіер Саляна абавязкова зробіць у венскай штаб-кватэры АБСЭ заяву пра Беларусь. Пра гэта мне сёньня распавяла ягоная прэсавая сакратарка Крыстына Гэлях:

(Гэлях: ) “Зьвяртаючыся да Сталае Рады АБСЭ, ён зьбіраецца зрабіць акцэнт на супольных дзеяньнях Эўразьвязу й АБСЭ у тых рэгіёнах Эўропы, у якіх Эўрапейскі Зьвяз ажыцьцяўляе вельмі моцную каардынацыю з АБСЭ — сярод іх можна падкрэсьліць Беларусь”.

Спадарыня Гэлях зазначыла, што Хавіера Саляну вельмі цікавіць сытуацыя ў Беларусі, дзе ўжо амаль год ня можа працаваць група АБСЭ. Праз гэта Менск стаўся галаўным болем для Эўропы, і цяпер беларускую праблему параўноўваюць з “гарачымі кропкамі”, кажа прэсавая сакратарка спадара Саляны.

(Гэлях: ) “У такіх рэгіёнах, як Беларусь, Каўказ, Балканы, а таксама Малдова, пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу палягае ў вельмі моцнай падтрымцы ўсіх намаганьняў АБСЭ, і ў прыватнасьці — намаганьняў дзейнага старшыні АБСЭ дасягнуць кампрамісу наконт далейшай працы ў Беларусі.

Хавіер Саляна вельмі хацеў бы паслухаць амбасадараў у АБСЭ, каб знайсьці, якім чынам працаваць разам далей у рэгіёне, дзе мы вельмі хацелі б бачыць прагрэс у дэмакратычным працэсе”.

Пасьля сёньняшніх прамоваў і сустрэчаў у Вене мажлівыя пэўныя новыя рашэньні Эўразьвязу наконт Беларусі. Як сказалі мне ў Брусэлі, шмат будзе залежаць ад перамоваў беларускага боку з АБСЭ, пра якія дамовіліся міністры замежных справаў Партугаліі, якая сёлета старшынюе ў АБСЭ, і Беларусі. Аднак праз тыдзень пасьля гэтай дамоўленасьці можна сказаць, што ніякага прагрэсу няма. Вось што адказаў мне сёньня на пытаньне, калі ж пачнуцца перамовы паміж беларускім і партугальскім прадстаўніцтвам у Вене, прэсавы сакратар дэлегацыі Партугаліі ў АБСЭ Антоніё Капінья:

(Капінья: ) “Не, наколькі я ведаю, няма ніякай інфармацыі пра гэта”.

Такім чынам, за месяц да заканчэньня дыпляматычнае акарэдытацыі апошняе супрацоўніцы групы АБСЭ ў Менску Аліны Жасан перамовы ў Вене нават не пачыналіся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG