Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭЙТЫНГ ЛУКАШЭНКІ ПРАЦЯГВАЕ ЗЬНІЖАЦЦА


Валер Каліноўскі, Менск

Рэкорднае зьніжэньне рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі было зафіксаванае сёлета ў красавіку — з 46 да 30,9%. А ў верасьні за Лукашэнку на новых прэзыдэнцкіх выбарах гатовыя былі галасаваць яшчэ меней апытаных — 27%. У Менску гэты паказчык складае ўсяго 22,4%.

Абсалютная большасьць апытаных (57,2%) не задаволеная тым, як Аляксандар Лукашэнка кіруе краінай. Сярэдняя адзнака па пяцібальнай шкале, якую яму выставілі грамадзяне, не дацягвае і тройкі — яна складае 2,82%.

Відавочна, што прычынай такога падзеньня папулярнасьці сталася пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў краіне — палова апытаных упэўненая ў гэтым. Болей за 82% зазначаюць, што маюць даходы ніжэй за мінімальны спажывецкі бюджэт. Пры гэтым 67,4% грамадзянаў за апошні год сутыкаліся з затрымкай у выплаце заробкаў і пэнсіяў. Каля паловы рэспандэнтаў мяркуе, што краіна рухаецца ў няправільным кірунку.

На фоне такой крызыснай сытуацыі прагучала заява Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён можа пайсьці на рэфэрэндум, каб адмяніць палажэньне Канстытуцыі, якое забараняе яму балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах трэці раз. Сёньня такую зьмену Канстытуцыі гатовыя падтрымаць толькі 15,5% апытаных, болей за 50% гатовыя галасаваць супраць, рэшта ня вызначылася. Прычым сацыёлягі зазначаюць, што інфармаваныя пра падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі і тыя, хто ведае яго патэнцыйных супернікаў, ставяцца больш катэгарычна да гэтай ідэі А.Лукашэнкі.

Сытуацыю ацэньвае намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) “Калі б абсалютная большасьць беларусаў ведала пра падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі й пры гэтым яскрава бачыла ягонага магчымага канкурэнта, ніякіх шанцаў на зьмяненьне Канстытуцыі праз рэфэрэндум, якое дазволіла б А.Лукашэнку балятавацца трэці раз, не было б”.

На думку сацыёлягаў, улада адмыслова ідзе на захаваньне інфармацыйнага кантролю ў краіне, жадае абмежаваць дзейнасьць незалежных дасьледчых цэнтраў і прэсы. Гэтым і тлумачацца апошнія судовыя перасьледы журналістаў “Пагоні”, “Нашай свабоды”, “Рабочага” ды іншых незалежных выданьняў, частка зь якіх цяпер ужо закрытая. Аднак гэтыя дзеяньні ўладаў не знайшлі падтрымкі ў грамадзтве і мелі адваротны эфэкт: толькі 16,1% апытаных лічаць перасьлед журналістаў справядлівым, несправядлівым яго лічаць 40,6%.

Такім чынам, у грамадзкай сьвядомасьці адзначаецца істотны пазытыўны зрух. Які прагноз маюць навукоўцы на наступны год?

(Сасноў: ) “Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі будзе зьніжацца, і калі нават захаваецца сёньняшні тэмп гэтага падзеньня — 1% у месяц, то праз год ён можа зьнізіцца да 15%. А гэта звычайна становіцца крытычным для любога кіраўніка краіны. Пры такім разьвіцьці падзеяў рэальнай праблемай для Аляксандра Лукашэнкі можа стаць ня столькі абраньне на трэці тэрмін, колькі захаваньне сваіх паўнамоцтваў да канца бягучага тэрміну”.

Істотная частка вынікаў апытаньня тычыцца стаўленьня беларусаў да розных варыянтаў інтэграцыі Беларусі з Расеяй.

Асаблівую актуальнасьць гэтай праблеме надалі нядаўнія прапановы расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. Паводле дадзеных верасьнёўскага апытаньня НІСЭПД, пры выбары з двух варыянтаў уваходжаньне ў Расейскую Фэдэрацыю абіраюць толькі крыху больш пятай часткі апытаных, а амаль палова – 49% – аддаюць перавагу інтэграцыі з Расеяй паводле ўзору Эўразьвязу.

Прыгаданыя дадзеныя беларускага дасьледнага цэнтру НІСЭПД цікава параўнаць з вынікамі апытаньня, якое ў канцы жніўня правёў у Расеі Ўсерасейскі цэнтр вывучэньня грамадскай думкі – ВЦІОМ. Сацыёлягі ВЦІОМу прапанавалі апытаным адказаць, якому з трох варыянтаў інтэграцыі зь Беларусьсю яны аддаюць перавагу. Высьветлілася, што імкненьне паглынуць Беларусь у Расеі не зьяўляецца пераважным – за стварэньне адзінай фэдэратыўнай дзяржавы на падставе расейскай канстытуцыі выказаліся толькі 39% апытаных, крыху больш – 41% апытаных расейцаў аддалі перавагу аб’яднаньню паводле ўзору Эўразьвязу з захаваньнем дзяржаўных сувэрэнітэтаў абедзьвюх краінаў і, нарэшце, толькі кожны дзясяты выказаўся за інтэграцыю ў межах дзейнай саюзнай дамовы.
XS
SM
MD
LG