Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХВАЛЯ ПРАТЭСТАЎ СУПРАЦЬ КУЧМЫ АБ’ЯДНАЛА ЎКРАІНСКУЮ АПАЗЫЦЫЮ


Юры Дракахруст, Прага

Учора некалькі тысячаў чалавек ізноў правялі мітынг каля украінскага парлямэнту. Лёзунг маніфэстантаў застаўся ранейшым – “Кучма мусіць сысьці”.

Назіральнікі адзначаюць, што цяперашняя хваля пратэстаў аб’яднала ўчарашніх антаганістаў: над галовамі дэманстрантаў жоўта-блакітныя сьцягі мірна суседнічаюць з чырвонымі сьцягамі камуністаў, сябры радыкальных нацыяналістычных груповак спакойна слухаюць, як іх сёньняшнія паплечнікі-камуністы сьпяваюць Інтэрнацыянал.

Фактычна апазыцыя патрабуе ня толькі адстаўкі прэзыдэнта, але і зьмены ўсёй палітычнай сыстэмы краіны. Гаворыць лідэр камуністаў Пятро Сіманэнка:

(Сіманэнка: ) “Размова ідзе пра тое, каб вызначыць тэрмін прэзыдэнцкіх выбараў, разгледзець пытаньне пра працэдуру імпічмэнту прэзыдэнту, унесьці зьмены ў Канстытуцыю адносна пераходу ад прэзыдэнцка-парлямэнцкай да парлямэнцка-прэзыдэнцкай сыстэмы ўлады і прыняць новы закон пра выбары дэпутатаў усіх узроўняў на прапарцыйнай аснове”.

Паводле старшыні правацэнтрысцкага руху “Наша Ўкраіна” Віктара Юшчанкі, прычынаю палітычнага крызысу зьяўляецца тое, што на сакавіцкіх парлямэнцкіх выбарах перамогу атрымалі апазыцыйныя сілы, аднак адміністрацыя прэзыдэнта шляхам махінацыяў здолела ўзяць парлямэнт пад свой кантроль.

(Юшчанка: ) “Да таго часу, пакуль парлямэнт ня стане рэальным парлямэнтам, а будзе заставацца прыдаткам да адміністрацыі прэзыдэнта, мы не пераадолеем гэты крызыс. Ці гэты крызыс вырашыць парлямэнт, ці ён будзе вырашаны на вуліцах і плошчах нашых гарадоў. З кожным днем дэманстрацыі робяцца мацнейшымі. Ці ў палітыкаў хопіць розуму вырашыць гэтыя праблемы, ці яны будуць вырашаныя на вуліцах”.

Учора 50 апазыцыйных дэпутатаў здолелі патрапіць у будынак адміністрацыі прэзыдэнта і абвесьцілі там галадоўку, заяўляючы, што ня спыняць яе, пакуль прэзыдэнт Кучма не сустрэнецца зь імі. Сёньня раніцаю кіраўнік дзяржавы пагадзіўся на такую размову. Ён прыняў кіраўніка кампартыі Сіманэнку, старшыню сацыялістычнай партыі Мароза, лідэра Партыі “Бацьківшчына” Цімашэнку і прадстаўніка руху “Наша Ўкраіна”. Апазыцыянэры перадалі Кучму патрабаваньне ўдзельнікаў маніфэстацыяў сысьці ў адстаўку. Апазыцыя абвінавачвае кіраўніка краіны ў карупцыі, зьніжэньні жыцьцёвага ўзроўню ўкраінцаў і ў забойстве журналіста Георгія Гангадзэ. Прэзыдэнт, як і чакалася, ня выказаў жаданьня пакінуць сваю пасаду. Больш за тое, генэральная пракуратура Ўкраіны ўзбудзіла крымінальную справу, расцаніўшы пранікненьне дэпутатаў у будынак адміністрацыі прэзыдэнта як захоп дзяржаўнага будынку.
XS
SM
MD
LG