Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМУНАЛЬНЫЯ ПАСЛУГІ ПАДАРАЖЭЛІ — 56 ТЫСЯЧ ЗА ТРОХПАКАЁЎКУ


Ганна Соўсь, Менск

Кошты на камунальныя паслугі падвысіліся яшчэ ўвесну, але рэальна беларусы адчуюць іх толькі з пачаткам ацяпляльнага сэзону. Як паведамілі Радыё Свабода ў Міністэрстве эканомікі, за аднапакаёвую кватэру давядзецца плаціць у сярэднім 28 тысяч рублёў, за двухпакаёвую — прыкладна 42 тысячы, а за трохпакаёвую — каля 56 тысяч. Пры гэтым выдаткі на ацяпленьне складаюць прыкладна палову агульнай платы за жыльлё.

Вось ужо некалькі дзён на вуліцы і ў кватэрах халодна. Але жыльлёва-камунальныя службы традыцыйна не пачынаюць ацяпляльны сэзон у верасьні. Як ставяцца да гэтага менчукі? Ці падрыхтаваныя яны да новых коштаў на камунальныя паслугі? З гэты пытаньнем я зьвярнулася да мінакоў на вуліцах Менску.

(Спадарыня: ) “Халодна на вуліцы, у кватэрах вільготна. Асабліва дзеткам. Нават у дзіцячых садках ня топяць, і ў школах халодна. Дзеці мерзнуць, хварэюць. Канечне, трэба ўжо пачынаць ацяпляць...”

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце Вы, колькі давядзецца плаціць за ацяпленьне й увогуле за ўсе камунальныя паслугі?”

(Спадарыня: ) “Шмат. Зараз плацім пад 9 тысяч, а потым тысяч 40 будзе”.

(Спадар: ) “Халодна. Канечне, халодна. Нуль градусаў раніцай. У мяне ўсе мерзнуць у сям’і. З 15 кастрычніка напэўна затопяць, як гавораць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце Вы, колькі трэба будзе плаціць за камунальныя паслугі?”

(Спадарыня: ) “Ведаю. Больш, чым палова маёй пэнсіі. У мяне яна складае 75 тысяч. У нас кватэра двухпакаёвая, будзем плаціць за яе ня менш за 35 тысяч”.

Варта дадаць, што й з гэткімі высокімі тарыфамі жыхары не кампэнсуюць усіх выдаткаў на камунальныя паслугі. Паводле адмыслоўцаў Міністэрства эканомікі, кампэнсуецца толькі каля 40% выдаткаў. Таму тарыфы і далей будуць расьці.

Між тым, нізкія кошты на жыльлё і камунальныя паслугі абяцаў перад выбарамі Аляксандар Лукашэнка. Ён ня раз крытыкаваў прыбалтыйскія краіны зь іх высокімі камунальнымі тарыфамі. Цяпер жа Беларусь набліжаецца да такіх жа тарыфаў.

Ці гатовыя камунальныя службы да пачатку ацяпляльнага сэзону? Прадстаўнік Менгарвыканкаму Ўладзімер Дацэнка запэўніў Радыё Свабода, што ў Менску ўсё падрыхтавана для гэтага.

(Дацэнка: ) “Будзе каманда — будзем заўтра ўключаць. Будзе каманда сёньня — сёньня ўключым. Але пакуль паводле нарматываў, ацяпляльны сэзон пачынаць ня варта. Патрэбна, каб сярэднесутачная тэмпэратура была на працягу 5 сутак запар 8 градусаў і ніжэй. Каб ацяпліць горад узімку, патрэбная палова мільёну даляраў на дзень. А калі цяпер уключыць ацяпленьне, то гэта будзе каштаваць 250 тысяч даляраў у суткі. Чатыры дні адпрацаваў — заплаці за ацяпленьне 1 мільён даляраў”.
XS
SM
MD
LG