Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЁМ САЮЗУ БЕЛАРУСКІХ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ АБРАНЫ ТРЫЦЦАЦІГАДОВЫ АЛЕСЬ ПАШКЕВІЧ


Ігар Карней, Менск

У бюлетэні галасаваньня былі ўключаныя дзьве кандыдатуры. Прыхільнікі ўлады (ці, як іх у кулюарах зьезду называлі, “кансэрватары”) вылучылі на пасаду старшыні Ўладзімера Ліпскага. Нацыянальна арыентаванае (ці дэмакратычнае) крыло высунула кандыдатуру трыццацігадовага Алеся Пашкевіча. Меркаваны кандыдат ад кансэрватараў Анатоль Бутэвіч самаадхіліў сваю кандыдатуру і патлумачыў нашаму радыё гэта так:

(Бутэвіч: ) “У кожнага ёсьць свае матывы, і не пра ўсе можна казаць. Але ўсё роўна будучыня за маладымі. Інакш ні ў літаратуры, ні ў Саюзу ня будзе пэрспэктываў. Маладыя так ці інакш павінныя будуць кіраваць і ў Саюзе пісьменьнікаў, і наогул: за імі будучыня. Тыя, хто быў вылучаны сёньня — ня горшыя кандыдатуры. За маладосьцю — будучыня; літаратура ня з нас пачалася, намі працягваецца, але ня намі скончыцца.

У Ліпскага свой досьвед, да таго ж працаваў і ў Саюзе. І, на мой погляд, было б разумнае паяднаньне, калі б яны здолелі далей працаваць разам, прынамсі, гэта была б добрая школа для абодвух. Лёс Саюзу сапраўды складаны, цяпер патрэбнае паяднаньне і мудрасьці, і маладосьці, каб вывесьці сытуацыю з крызысу”.

Пакуль ішоў падлік галасоў, разгарэліся вострыя спрэчкі адносна рэзалюцыі зьезду, якая ўтрымлівала шэраг патрабаваньняў да ўлады: вярнуць пісьменьнікам Дом літаратара, захаваць у школах абавязковы іспыт па беларускай літаратуры, спыніць цэнзуру ў літаратурна-мастацкіх выданьнях. Сарваць прыняцьце рэзалюцыі спрабавалі пісьменьнік і адначасна памочнік Лукашэнкі Іван Карэнда, раманіст і заканадаўца Мікалай Чаргінец, але бальшынёй галасоў рэзалюцыя была ўхваленая. Гэтаксама бальшынёй галасоў абраны новы старшыня Алесь Пашкевіч.

(Старшыня падліковай камісіі: ) “Усяго бралі ўдзел у выбарах 292 чалавекі. Галасы разьмеркаваліся сярод кандыдатаў наступным чынам: “за” Пашкевіча Алеся Аляксандравіча — 159, “супраць” — 118 (аплядысмэнты). “За” і “супраць” Ліпскага Ўладзімера, адпаведна, наадварот. Такім чынам, большасьцю галасоў старшынём Саюзу беларускіх пісьменьнікаў абраны Алесь Пашкевіч”.

Новага старшыню віншуюць Янка Брыль, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Сяргей Законьнікаў, дзясяткі іншых творчых людзей. На некалькі хвілінаў Алесь Пашкевіч адрываецца на інтэрвію Радыё Свабода:

(Пашкевіч: ) “Гэта была калектыўная перамога, бо перамагла большасьць. І я хацеў бы, каб праз чатыры гады я ўпэўнена сказаў, што перамагла мудрая большасьць. Што я са сваімі паплечнікамі нездарма выклікаў давер патрыярхаў і старэйшынаў СБП і праз чатыры гады шчыра і з гонарам глядзеў ім у вочы. І яшчэ каб глядзеў з упэўненасьцю ў вочы моладзі”.

На пытаньне, ці можа аднавіцца роля нацыянальнага пісьменьніка ў гэтым грамадзтве і ў гэтых умовах, новы старшыня Саюзу адказаў:

(Пашкевіч: ) “Я імкнуўся запэўніць сяброў СБП, што моладзь ідзе, каб гэта зрабіць. Я гэта змагу сказаць праз год, праз два. Разьбіраць камяні патрэбна будзе не адзін тыдзень, не адзін месяц. Ня так гэта лёгка. Ілюзіі зь вераю трэба ўзважваць адказна, гледзячы і на папярэднікаў, і на мінулае, і гледзячы ў будучыню”.

Вынікі зьезду як перамогу дэмакратычных сілаў у Саюзе ацэньвае і былы старшыня Вольга Іпатава:

(Карэспандэнт: ) “Ці задаволеныя Вы такім вынікам?”

(Іпатава: ) “Вельмі задаволеная, натуральна! Алесь Пашкевіч — нашая кандыдатура; па сутнасьці, працяг нашай дэмакратычнай палітыкі, якую мы сёньня, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, зноў прадэманстравалі”.

(Карэспандэнт: ) “Але ці азначае гэта, што зноў магчымыя непаразуменьні з гэтак званым “кансэрватыўным крылом” Саюзу?”

(Іпатава: ) “Думаю, што будуць непаразуменьні. Але паколькі мяне хоць і лічылі моцнай жанчынай, але на дапамогу прыходзілі не заўсёды (маўляў, Вольга і сама справіцца), то тут, улічваючы гэты досьвед, мы Алесю прыйдзем, я веру, на дапамогу і будзем рэальна дапамагаць”.

Як і на мінулым зьезьдзе Саюзу мастакоў, так і сёньня на пісьменьніцкім зьезьдзе, перамога дэмакратычнага крыла безумоўная. Так, лідэры той групоўкі, якая стаяла на канфармісцкім супрацоўніцтве зь цяперашнімі ўладамі (Мятліцкі, Пазьнякоў, Чаргінец, Шамякін) нават не прайшлі паводле вынікаў галасаваньня ў склад Рады Саюзу.

Алесь Пашкевіч на зьезьдзе не абвяшчаў сваю праграму з прычыны занадта бурных дэбатаў, але, як ён сказаў у інтэрвію нашаму радыё, абвесьціць яе на наступным паседжаньні Рады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG