Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ДУМАЮЦЬ ПРА ВЫКРАДАНЬНЕ ВІЦЭ-ПРЭЗЫДЭНТА “ЛУКОЙЛУ” БЕРАСЬЦЕЙЦЫ?


Алег Супрунюк, Берасьце

Сяргей Кукура нарадзiўся ў Берасьцi ў 1953 годзе. У 1971-м скончыў cярэднюю школу №1 (цяпер гэта 1-я гiмназiя). У навучальнай установе яшчэ засталiся настаўнiкi, якiя памятаюць свайго былога вучня па прозьвiшчы Кукура. У гiмназii ўзгадваюць, што гэты вучань не вызначаўся дасягненьнямi ў вучобе, але быў дысцыплiнаваным i самастойным. На думку настаўнiкаў, прычына палягае ў тым, што Сяргей Кукура рана застаўся без бацькоў.

Сяргеевым выхаваньнем займалася родная цётка — Рыма Басава. Яна даўно ўжо хварэе, i вiцэ-прэзыдэнт “Лукойлу” шмат што рабiў дзеля ейнага выздараўленьня. Паводле словаў Зiнаiды Жураўлёвай, былой настаўнiцы i цяперашняй загадчыцы школьнага музэю, менавiта таму Сяргей Кукура часта наведваў Берасьце. Апошнi раз гэта здарылася год таму, калi ладзiлася сустрэча выпускнiкоў школы. Пра абставiны гэтай сустрэчы гаворыць Зiнаiда Жураўлёва:

(Жураўлёва: ) “Я чамусьцi заўсёды ў школе называла яго ня проста Сярожай, а Кукуронак. Чамусьцi спадабалася мне гэтая мянушка, а ён не злаваўся. I вось летась адзначалi 30 гадоў, як ягоны кляс скончыў школу. Некаторыя з аднаклясьнiкаў ня бачылiся ўсе гэтыя 30 гадоў i не пазналi адзiн аднаго. Але Кукуру можна было пазнаць адразу. Ён некаторых сваiх аднаклясьнiкаў узяў да сябе ў “Лукойл”, у Маскву”.

Зiнаiда Жураўлёва таксама згадвае, што Сяргей Кукура пакрыў усе выдаткi па арганiзацыi той сустрэчы i зрабiў падарунак кожнаму з настаўнiкаў. У самой берасьцейскай гiмназii пасьля гэта вiзыту першага вiцэ-прэзыдэнта “Лукойлу” зьявiлiся два новыя сучасныя кампутары.

Настаўнiкi й аднаклясьнiкi Сяргея Кукуры зьведалi сапраўдны шок, калi ўпершыню пачулi пра ягонае выкраданьне. Некаторыя адразу паехалi ў Маскву, каб падтрымаць сям’ю Кукуры. Для ягоных берасьцейскiх знаёмых прычыны гэтага здарэньня застаюцца загадкавымi, бо сам ён ня вельмi ахвотна распавядаў пра сваю дзейнасьць у нафтавай кампанii. У гiмназii нават не здагадвалiся, што Кукура займае такую высокую пасаду ў кiраўнiцтве “Лукойлу”.

Але тыя берасьцейцы, хто ведае яго асабiста, ня вераць у палiтычную вэрсiю выкраданьня i датычнасьць да гэтага нейкiх беларускiх сiлаў. Для школьных знаёмых Сяргея Кукуры сумнеўнай выглядае сувязь гэтага здарэньня зь беларуска-расейскiмi дачыненьнямi на дзяржаўным узроўнi.
XS
SM
MD
LG