Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПІСЬМЕНЬНІКІ ПА-РОЗНАМУ БАЧАЦЬ БУДУЧЫНЮ СВАЙГО САЮЗУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Усім маім суразмоўцам я задаваў адно пытаньне: “На што можна спадзявацца творцам розных палітычных прыхільнасьцяў у цяперашніх умовах, калі ўлады забралі ў Саюзу пісьменьнікаў ня толькі маёмасьць і літаратурныя часопісы, пазбавілі яго фінансаваньня, але й навісла пагроза расколу творчай арганізацыі?”

Гаворыць вядомы паэт Сяргей Законьнікаў:

(Законьнікаў: ) “Нягледзячы на тое, што ішло многа спрэчак, гаворак, а ў афіцыйным друку ідзе шальмаваньне літаратараў, я веру ў наш зьезд і бачу па выступленьнях і рэакцыі залі — нашы людзі разумеюць сёньняшнюю сытуацыю. Яны ніколі не здадуць тры пазыцыі: незалежнасьць нашай дзяржавы, нашую родную мову і культуру і наш гонар і сумленьне”.

Гэтак мяркуе былы рэдактар часопісу “Полымя” спадар Законьнікаў, які спадзяецца, што новае маладое кіраўніцтва Саюзу здолее арганізаваць працу пісьменьнікаў на карысьць беларускай літаратуры і незалежнасьці Беларусі.

А вось апанэнт Сяргея Законьнікава, прызначаны ўладамі на пасаду галоўнага рэдактара “Полымя” Мікола Мятліцкі не пажадаў шмат казаць карэспандэнту “Свабоды”:

(Мятліцкі: ) “Я лічу, што пачатак стагодзьдзя й тысячагодзьдзя заклікае на адказную місію старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў аднаго з прадстаўнікоў маладзейшага пакаленьня”.

А цяпер думка пісьменьніка Анатоля Бутэвіча:

(Бутэвіч: ) “Чаго чакаць ад зьезду? Тое, дзеля чаго ён скліканы, — гаворка пра літаратуру, што сёньня адбываецца й арганізацыйныя пытаньні. Выбары новых кіраўнічых органаў. Я думаю, кіраўнік мусіць быць той, хто адпавядае запатрабаваньням сёньняшняй пісьменьніцкай арганізацыі — дзейсным, баявым, здольным вывесьці арганізацыю з крызысу. Літаратуру стварае кожны пісьменьнік, але ж арганізацыя ёсьць, і яна павінна працаваць. І спрыяць станаўленьню літаратуры. Літаратура ня з нас пачалася й ня намі скончыцца”.

Драматург і сцэнарыст Уладзімер Халіп не чакае, што цяперашняя ўлада павернецца тварам да пісьменьнікаў і пачне падтрымліваць нацыянальную культуру:

(Халіп: ) “Усякія праявы нейкай самастойнасьці будуць у гэтай краіне падаўляцца — што ў такім выпадку можа зрабіць саюз? Нічога ён ня можа зрабіць. Адзінае, што можа трэба нам яшчэ паспрабаваць, гэта захаваць арганізацыю. Хаця б шыльду мы не аддадзім гэтай уладзе”.
XS
SM
MD
LG