Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ЎЗМАЦНЯЮЦЬ НАСТУП НА СМІ ПРАЗ КАНТРОЛЬ НАД РЭКЛЯМАЙ


Галіна Абакунчык, Менск

Найвышэйшае падатковае ведамства прапаноўвае, каб кожная юрыдычная асоба прыкладала да рэклямнай абвесткі ўсе рэквізыты: даведкі аб рэгістрацыі, падатковы нумар, а фізычныя асобы бралі дазвол на сваю рэкляму ў падатковай інспэкцыі. Усе гэтыя зьвесткі СМІ мусяць спачатку друкаваць альбо абвяшчаць па радыё, а затым накіроўваць зноў у падатковую інспэкцыю.

Паводле ўладаў, гэтак яны зьбіраюцца супрацьстаяць ценявому абароту сродкаў. Але адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што гэта чарговая спроба кіраваць працай СМІ ў Беларусі, бо многія з газэтаў на 80% жывуць за кошт рэклямы. Гаворыць кіраўнік “Агенцтва дзелавых сувязяў” Валянцін Лобан:

(Лобан: ) “Зьнікае сама ідэя існаваньня многіх газэтаў, бо людзі ня пойдуць ні ў падатковую інспэкцыю, ні ў газэту, а прыклеяць сваю абвестку на пад’езьдзе ці на слупе. Юрыдычныя асобы таксама падумаюць: а ці патрэбная нам гэтая цяганіна? Тыражы ўпадуць, і газэты будуць вымушаныя звольніць каля 1,5 тысячы чалавек. То бок, гэта яшчэ адна спроба кіраваць СМІ”.

Акрамя таго, ад пачатку верасьня ў Беларусі дзейнічае збор 5% з рэклямадаўцаў, увядзеньне якога адбылося ў парушэньне дзейнага заканадаўства. Такім чынам, улада спрабуе незаконнымі сродкамі знайсьці грошы і на неапраўдана дарагія праекты. Гаворыць камэрцыйны дырэктар “Белорусской деловой газеты” Любоў Вашкевіч:

(Вашкевіч: ) “Аб’ём рэклямы зьменшыцца, але паступленьні ў бюджэт будуць, бо нават разьлікі зробленыя ў парушэньне нарматыўных актаў: рэклямадаўцы будуць плаціць больш за дэкляраваныя 5%. Словам, рашэньне ўсіх праблемаў вельмі прастое — толькі фіскальнымі мэтадамі. Што да новага праекту, дык у мяне ўражаньне, што гэта зроблена, каб пагоршыць становішча ўсіх СМІ без выключэньня”.

Паводле кіраўніка юрыдычнай службы Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіла Пастухова, юрыдычная практыка замежных краінаў у галіне падаткаў і збораў падобнага яшчэ ня бачыла. А новыя папраўкі ў закон аб рэкляме накіраваныя супраць незалежных мэдыяў. Гаворыць Міхаіл Пастухоў:

(Пастухоў: ) “У дзяржаўных газэтах плыня рэклямы ня зьменшыцца, бо калі дзяржаўным установам нічога не складае накіраваць свайго прадстаўнікоў падатковую інспэкцыю. То ўявіце сабе становішча незалежных газэтаў, куды падаюць рэкляму грамадзяне альбо дробныя фірмы: трэба паўдня аддаць на хаджэньне па інстанцыях. Таму я лічу, што гэта паўплывае на эканамічнае становішча ў першую чаргу незалежных газэт”.

Сябры ініцыятыўнай групы ня маюць намеру адступацца і заяўляюць, што арганізуюць акцыю пратэсту, калі ўрад усё ж перадасьць папраўкі ў закон “Аб рэкляме” на зацьверджаньне палаты прадстаўнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG