Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІКТАР ІВАШКЕВІЧ АБСКАРДЖВАЕ ПРЫСУД


Любоў Лунёва, Менск

У сваёй скарзе адвакатка Віктара Івашкевіча Тацяна Станкевіч спаслалася на тое, што суд не знайшоў бясспрэчных доказаў віны яе падабароннага. Нагадаем, 16 верасьня рэдактара газэты “Рабочы” Віктара Івашкевіча Першамайскі суд Менску пакараў абмежаваньнем волі на два гады за паклёп на Лукашэнку і ягонае атачэньне.

Нагодаю для абвінавачаньня стаў артыкул “Злодзей павінен сядзець у турме”, надрукаваны ў газэце падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. У артыкуле распавядалася пра дзейнасьць фонду Эсамбаева, фірмы “Торгэкспо” ды іншых. Пракуратура палічыла гэтыя зьвесткі паклёпам і распачала крымінальную справу.

У судзе ніхто з запрошаных сьведкаў ня здолеў пацьвердзіць альбо абвергнуць факты, надрукаваныя ў газэце. Прадстаўнік КГБ увогуле заявіў, што ўсе матэрыялы пра дзейнасьць фонду Эсамбаева і “Торгэкспо” зьнішчаныя. Але, нягледзячы на ўсе гэтыя абставіны, суд пакараў рэдактара абмежаваньнем волі.

Віктар Івашкевіч, падаўшы скаргу на свой прысуд, не спадзяецца на станоўчы вынік:

(Івашкевіч: ) “Я не прызнаю сябе вінаватым, таму што, па-першае, я веру ў правату ўсіх тых фактаў, якія былі надрукаваныя ў артыкуле. Па-другое, увесь артыкул быў перадрукаваны з сайтаў. Рашэньнем гарадзенскага гарадзкога і абласнога судоў, а таксама Вышэйшым гаспадарчым судом сайты прызнаныя сродкам масавай інфармацыі. У зьвязку з тым дзейнічае Закон аб сродках масавай інфармацыі, у якім сказана, што перадрук ня цягне за сабой пакараньня. Па-трэцяе, усе факты, якія былі надрукаваныя ў артыкуле, ужо зьяўляліся на розных сайтах цягам апошніх трох гадоў. Гэта аргумэнтацыя.

Шчыра кажучы, я не спадзяюся на апраўдальны ці зьмякчальны прысуд менскім гарадзкім судом. Але сама падача скаргі адцягвае выкананьне рашэньня суду. Гэтая адтэрміноўка мне патрэбная, каб наладзіць выхад газэты “Рабочы”. Трэба, каб яна выхадзіла і пасьля таго, як я буду змушаны паехаць адбываць пакараньне на “хімію”.

Пасьля разгляду скаргі ў гарадзкім судзе застаецца апошняя ўстанова — Вярхоўны суд. У выпадку адхіленьня скаргі гэтае рашэньне ўступіць у законную сілу, і Віктар Івашкевіч паедзе на “хімію”. Там ён мусіць адбываць пакараньне адзін год. Другі год з абвешчанага пакараньня будзе скасаваны амністыяй.
XS
SM
MD
LG