Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 ГРАМАДЗКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ ПАДПІСАЛІ ДЭКЛЯРАЦЫЮ РАЗЬВІЦЬЦЯ ТРЭЦЯГА СЭКТАРУ НА ПЯЦЬ ГАДОЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Выкананьне нормаў Канстытуцыі і законаў павінна стаць асноўным прынцыпам дзейнасьці грамадзкай арганізацыі, лічаць аўтары дэклярацыі разьвіцьця грамадзкіх арганізацыяў на наступныя пяць гадоў, якую зь сёньняшняга дня распаўсюджвае ініцыятыўная група з прадстаўнікоў 10 аб’яднаньняў. Сярод іх Фонд імя Сапегі, арганізацыя “Жаночы адказ”, экалягічнае аб’яднаньне “Экадом” ды іншыя.

Старшыня Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяна Процька, чый подпіс таксама стаіць пад дэклярацыяй, гэтак патлумачыла Радыё Свабода сваю пазыцыю:

(Процька: ) “Умовы, у якіх сёньня знаходзяцца грамадзкія арганізацыі, не адпавядаюць нават тым, якія занатаваныя ў Канстытуцыі. Мы хочам знайсьці магчымасьць рэалізаваць наш вялікі патэнцыял у барацьбе за законнасьць, дэмакратыю, правы чалавека. За ўмацаваньне незалежнай дзяржавы. За тое, каб спрыяць умацаваньню інстытуту прыватнай уласнасьці. Адначасова мы прынцыпова падышлі і да ацэнкі нэгатыўнага, што ёсьць у трэцім сэктары. Мы таксама будзем імкнуцца ліквідаваць нашыя хібы”.

Паводле аўтараў дэклярацыі, грамадзянскія ініцыятывы апынуліся ў небясьпецы ня толькі з-за прадузятасьці дзяржаўных чыноўнікаў ды дрэннага заканадаўства, але і з унутраных прычынаў. Сярод іх — нядобрасумленнасьць некаторых кіраўнікоў аб’яднаньняў ды пэўная закрытасьць іхных структураў.

Таму ініцыятары дэклярацыі заклікаюць калегаў тэрмінова легалізаваць усе фінансавыя працэдуры, увесьці практыку публічных справаздачаў, забясьпечыць доступ да грамадзкіх праверак сваіх фінансавых справаў.

(Процька: ) “Фінансавая празрыстасьць арганізацыі патрэбная ня толькі для магчымасьці праверак з боку дзяржаўных органаў, але і каб грамадзкасьць больш зьвяртала ўвагі на тыя праблем, якімі займаецца арганізацыя”.

Пры гэтым ініцыятары дэклярацыі разьлічваюць на сустрэчны рух з боку дзяржавы. Яны спадзяюцца, што паступова будзе палепшанае заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў, ды меншымі стануць падаткі, якімі абкладаюць недзяржаўныя арганізацыі.

Нагадаем, у Беларусі больш за дзьве тысячы грамадзкіх арганізацыяў, як зарэгістраваных, гэтак і незарэгістраваных. Паводле ініцыятараў дэклярацыі ўсе яны ў хуткім часе атрымаюць гэты дакумэнт для азнаямленьня.
XS
SM
MD
LG