Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ РАСПАЧАЎ ПРАЦУ ПАЗАЧАРГОВЫ ЗЬЕЗД САЮЗУ БЕЛАРУСКІХ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ


Ігар Карней, Менск

Болей за трыста сяброў Саюзу, які разам налічвае паўтысячы чалавек, сталі ўдзельнікамі вострай палемікі ў пытаньні дачыненьня дзяржавы і творцаў. Гэтую праблему як цэнтральную ў сучасным літаратурным працэсе вызначыў найстарэйшы беларускі пісьменьнік Янка Брыль, які адчыніў зьезд. Ён параўнаў сёньняшнюю сытуацыю з самымі жорсткімі (у сэнсе кантролю над творчасьцю) савецкімі часамі. А гэта згубна для літаратуры. У перапынку я задаў некалькі пытаньняў спадару Брылю.

(Карэспандэнт: ) “Сытуацыя насамрэч цяжкая?”

(Брыль: ) “Вельмі цяжкая. Такое выпрабаваньне! Але справа не ў Саюзе пісьменьнікаў, справа ў літаратуры. Я казаў, што мяне цікавяць ня толькі сябры Саюзу, а наогул уся наша літаратура”.

(Карэспандэнт: ) “На сёньняшнім паседжаньні ці рэальна вырашыць хоць частку праблемаў?”

(Брыль: ) “Праблемы літаратуры не вырашаюцца на паседжаньнях. Праблемы літаратуры вырашаюцца творчымі здабыткамі: “музы не терпят суеты”. А паседжаньні могуць быць, а могуць і ня быць”.

(Карэспандэнт: ) “Ад кіраўніка арганізацыі шмат што ў гэтым сэнсе залежыць?”

(Брыль: ) “На жаль, вельмі няшмат менавіта ў такой сытуацыі. Можна быць сумленным чалавекам, але бясьсільным зрабіць больш, чым можаш”.

Тым часам у справаздачным дакладзе цяперашняя старшыня творчага Саюзу Вольга Іпатава гаварыла пра цэнзуру ў выдавецтвах і літаратурна-мастацкіх часопісах і газэтах, пра заганную палітыку ўладаў на зьнішчэньне нацыянальнай мовы і культуры.

Гэтая ж тэма была лейтматывам выступаў Ніла Гілевіча, Сяргея Законьнікава, Валянціна Тараса, Алега Лойкі. Пра беспрынцыпнасьць і прыстасаванства літаратараў з трыбуны казаў паэт Генадзь Бураўкін.

(Бураўкін: ) “Я ня ведаю, на якое і чыё разуменьне (ня кажучы ўжо пра падтрымку) спадзяюцца некаторыя нашыя калегі, калі раптам лезуць у суаўтарства да нябожчыка. Калі прымаюць прэміі віртуальнай дзяржавы, рэальнае стварэньне якой непазьбежна прывядзе да зьнікненьня з палітычнай мапы сьвету мілай нашай Радзімы. Калі прынародна выцягваюць з магілаў клясыкаў, каб у чарговым прыступе зайздросьлівай нянавісьці да іншадумцаў прыпісаць паважаным людзям свае зласьлівыя помсьлівыя “філіпікі”. Калі спакойна ўладкоўваюцца ў службовыя крэслы ўчорашніх сваіх аднадумцаў і таварышаў. Апраўдаць усё гэта ў наш час пры даведзеных да небывалай вытанчанасьці папулізьме і дэмагогіі, пэўна, можна. Але зрабіць выгляд, што за плячыма ў гэтых, няхай і таленавітых, вядомых людзей, белыя крылы анёлаў, немагчыма”.

Пісьменьнікі востра выказвалі прэтэнзіі да кіраўніцтва краіны за іхнае ўварваньне ў літаратурны працэс. Аб’яднаньне шэрагу выдавецтваў, гвалтоўная зьмена галоўных рэдактараў і ўтварэньне гэтак званага голдынгу, на думку многіх выступоўцаў, стала разбуральным ударам па літаратуры. Прысутны на зьезьдзе міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны апраўдваўся:

(Падгайны: ) “Ёсьць пэўныя хібы пры стварэньні яго. І ў першую чаргу яны былі зьвязаныя з кадравымі пытаньнямі, з арганізацыйнымі. Але я хачу сказаць адразу: кантракт з галоўным рэдактарам падпісвае міністар інфармацыі, фінансаваньне ідзе празь Міністэрства інфармацыі, абсталяваньне набывае таксама міністэрства, а ўласьнік — Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Я спрабаваў правесьці гэтае рашэньне праз Раду СПБ. Двойчы Рада зьбіралася, і двойчы ня здолелі сабраць кворум. Я сапраўды пэўным чынам перавысіў службовыя паўнамоцтвы, за што пасьля пракурорскай праверкі атрымаў вымову. Таму давайце перажывем пэўны час, і я зраблю ўсё дзеля таго, каб аб’яднаньне запрацавала па-сапраўднаму”.

Мяркуючы па першым паседжаньні зьезду, гэтак званае “кансэрватыўнае крыло” не змагло даць бой дэмакратам. Апошнія пад крыкі “ганьба” літаральна сагналі з трыбуны аднаго з апанэнтаў цяперашняга кіраўніцтва СБП, прэтэндэнта на новага старшыню Міколу Мятліцкага. І хоць пісьменьнікі кажуць, што справа не ў кіраўніцтве Саюзу, а ў самой творчасьці, тым ня меней з набліжэньнем моманту перавыбараў старшыні жарсьці ўсё больш і больш напаляюцца. Гаворыць Вольга Іпатава:

(Іпатава: ) “Галасаваньне дасьць вынік, але па сёньняшнім паседжаньні зразумела, што ГКЧП і аргкмітэт пацярпелі паразу. Вы бачылі, як выступаў Мятліцкі, як рэагавала на яго заля. Заля ўжо ня хоча пустой рыторыкі. Таму, па сутнасьці, выступаюць усе дэмакратычныя пісьменьнікі. Наколькі ўсё будзе дзейсна? Кожны зьезд, кожнае слова пісьменьніка ў грамадзтве адгукаецца. Рыхтуюцца рэзалюцыі, яны павінныя быць вострыя, бо пойдуць у грамадзтва. А што тычыцца кіраўніцтва... Спадзяюся, будзе каманда, якую мы рыхтавалі, якую я рыхтавала, калі на тое пайшло. Павінная быць каманда”.

Цяпер адбываецца вылучэньне кандыдатураў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG