Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ КНІГІ — САМЫЯ ПАПУЛЯРНЫЯ Ў БУКІНІСТЫЧНЫХ КРАМАХ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Беларускі аддзел у букіністычнай краме “Вянок”, што ў Траецкім прадмесьці Менску, зусім невялікі. Адна ня цалкам запоўненая шафа ўтрымлівае колькі хрэстаматыйных выданьняў Коласа й Купалы, некалькі сьвяточных кніжак Караткевіча, ёсьць Мележ, Навуменка і колькі слоўнікаў. Чакаю, пакуль мужчына сярэдняга веку аформіць на камісію шматтомнік Талстога, і зьвяртаюся па тлумачэньне сытуацыі да прадавачкі Ірыны:

(Ірына: ) “Увогуле, беларускай літаратуры вельмі мала. Нячаста яе здаюць, каб проста кожны дзень прыносілі. Беларускую купляюць усю літаратуру. Паэзія й проза — яна разыходзіцца ўся”.

Ірына кажа, што беларускія кніжкі зазвычай маюць немалы кошт і купляюцца вельмі хутка.

За сем гадоў працы ў “Вянку” Ірына ня бачыла, каб прыносілі рэдкае даваеннае беларускае выданьне. Што часьцей здаюць менчукі ў букіністычныя крамы? Найперш клясыкаў расейскае літаратуры, дэтэктывы й падручнікі па філязофіі. Здаюць кніжкі самыя розныя людзі. Вось адзін чалавек, які назваўся пісьменьнікам:

(Юрчук: ) “Юрчук маё прозьвішча, і даволі вядомы пісьменьнік. Я здаваў кнігі тыя, што мне не патрэбныя: па філязофіі й псыхалёгіі, але ўсё зараз разыходзіцца кепска”.

Гутару ля кнігарні “Паліткніга”, дзе працуе вялікі букіністычны аддзел. Сюды часьцяком прыходзіць бабулька з суседняга дому:

(Бабуля: ) “Здаю, якія мне не патрэбныя. Я не запамінаю назвы, ня ведаю”.

У кнігарні бабуля шукае дадатку да пэнсіі. А вось пэнсіянэрка-мовазнаўца Іна Апанасаўна кіруецца ня толькі фінансавым інтарэсам:

(Іна Апанасаўна: ) “У мяне вельмі многа па расейскім мовазнаўстве, і вось, куды іх падзець? Што, у макулятуру? У мяне ўжо алергія ад кніжак, дык ужо трэба неяк пазбаўляцца”.

І непатрэбная кніга, але шкода выкінуць. У “Паліткнізе” беларускія выданьні зьяўляюцца часьцей, чым у “Вянку”. Апошняя з прададзеных рэдкасьцяў — віленскае выданьне 1929 году “Беларускіх народных песень” Рыгора Шырмы. Прадавачка кажа, што купілі праз гадзіну, як кніжка зьявілася па прылаўку.

(Прадавачка: ) “Беларускія добра купляюць кніжкі”.

Працаўніцы “Вянка” й “Паліткнігі” згодныя, што беларускія выданьні запатрабаваныя, але што іх цягам апошніх ста гадоў выходзіць вельмі мала. Сёньня дзяржаўныя кнігарні часьцяком адмаўляюцца браць кніжкі зь меркаваньняў цэнзуры. Нельга ў кнігарні пабачыць “Дамавікамэрон” Глёбуса, бо надта эратычны. Не ўзялі кнігу Зьмітра Бартосіка “Чорны пісталет” з-за назвы эсэ “Лукашэнка памёр!”, альбо пераклад кнігі сусьветнавядомага палітоляга Энтані Сьміта “Нацыяналізм у ХХ-м стагодзьдзі” — за назву.
XS
SM
MD
LG