Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЕ БАТАЛІІ ЗА МЕСЦЫ Ў БУНДЭСТАГУ МОЖНА БЫЛО НАЗІРАЦЬ У МЕНСКІМ “ІВВ”


Алена Панкратава, Менск

12 гадоў таму мне ўпершыню давялося пабываць на падобнай імпрэзе ў Бэрліне, калі здавалася, што пераможца вядомы — Коль і ягоная партыя, аднак нават тады, дзякуючы выдатнай працы вядучых нямецкіх тэлекампаніяў АRD і ZDF, увесь час адчувалася нейкая інтрыга непрадказальнасьці, а ў залі назіралася сапраўдная гама пачуцьцяў.

Учора ARD і ZDF ня трэба было рэжысаваць — пераможца быў невядомы да самага позьняга вечару. Паводле нямецкай гэтак званай кааліцыйнай выбарчай сыстэмы, пераможцай становіцца тая партыя, якая разам з саюзьнікамі (для сацыял-дэмакратаў — гэта зялёныя, а для хрысьціняскіх дэмакратaў — лібэралы, свабодныя дэмакраты) возьме ў Бундэстагу найменей трыста месцаў.

Такой кааліцыі не атрымлівалася. І многія аналітыкі, сярод якіх вядомы ў Беларусі палітоляг Аляксандар Рар, у прадчуваньні гэтага лічылі, што ў выніку можа атрымацца вельмі рэдкая кааліцыя вялікіх партыяў-канкурэнтаў.

Характэрна, што на ўчорашнюю імпрэзу, якую ладзілі ў менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры (ІВВ), шэраг экспэртаў і грамадзкіх дзеячаў прыехалі зь Нямеччыны адмыслова... Сярод іх дырэктар сумеснага нямецка-беларускага праекту “ІВВ” Пэтэр Юнгэ-Вэнтруп.

(Вэнтруп: ) “Гэта са мной упершыню, калі я захацеў сустрэць выбары ня ў Паўночнай Рэйн-Вэстфаліі, у Дортмундзе , а тут у Менску. І не памыліўся. Атмасфэра тая ж самая — шмат нямецкага піва, і працуе Нямецкая тэлевізія. Аднак да ўсяго тут ёсьць адна цікавая акалічнасьць — глядзець, як назіраюць за гэтым запрошаныя беларусы — вашыя журналісты, палітыкі, грамадзкія дзеячы. Яны, як і мы захапіліся гэтай асбсалютова непрадказальнай гонкай, калі лёс выбараў вырашаецца непасрэдна на вачох у кожнага.

Лічу вельмі важным, што на вечарыну ў “ІВВ” прыйшлі ня толькі прадстаўнікі апазыцыі, але і адказныя чыноўнікі з розных міністэрстваў — МЗС, адукацыі, эканомікі...

Паколькі мы падтрымліваем кантакты з усімі партыямі, магу сказаць, што ў пытаньні Ўсходняй Эўропы яны дасягнулі кансэнсусу. Усе партыі ў якасьці найпершага партнэра разглядаюць Расею, аднак пры гэтым хочуць адкрытых добрасуседзкіх дачыненьняў з Украінай і Беларусьсю. Нават калі б на цяперашніх выбарах перамог Штойбэр, у Бундэстагу ўсё роўна працягвала б дзейнічаць нямецка-беларуская група парлямэнтароў, у якой акрамя сацыял-дэмакратаў прадстаўлена нямала палітыкаў ад ХДС, заангажаваных у беларускую тэматыку”.

Істотны момант вечарыны ў “ІВВ” — тут, як і паўсюль на падобных імпрэзах у Нямеччыне, падводзіліся вынікі ўнутранага галасаваньня. Ультралевая ПДС, якая ў выніку галасаваньня нават не ўвайшла ў Бундэстаг, у Менску заняла трэцюю пазыцыю пасьля сацыял-дэмакратаў і зялёных. Камуніст Сяргей Калякін, чыя партыя падтрымлівае дачыненьні з ПДС, быў расчараваны вынікамі. Калі б ПДС прайшла ў Бундэстаг, яна б адабрала пэўную колькасьць месцаў у сацыял-дэмакратаў і ў выніку канчатковай перамогі правых з боку Нямеччыны да Беларусі ўвагі было б болей.

(Каялкін: ) “Упэўнены, што Штойбэр як прадстаўнік Баварыі праводзіў бы палітыку большага зацікаўленьня ў прыватнасьці да Беларусі. Гэта традыцыйна так было, што яны маюць больш цікавасьці да падобных краінаў”.

Лідэр БНФ Вянцук Вячорка, які падтрымліваў на вечарыне правых хрысьціянскіх дэмакратаў, спадзяецца, што сацыял-дэмакраты па-ранейшаму будуць усьведамляць, што Беларусь — гэта неад’емная частка Эўропы. Пры гэтым ён адзначыў асаблівую ролю сацыял-дэмакрата Вольфганга Бэрэндта, які на цяперашніх выбарах у Бундэстаг не балятаваўся.

(Вячорка: ) “Я не магу не адзначыць вялікую ролю Вольфганга Бэрэндта, ён шмат разоў быў у Беларусі, ён сапраўды арыентуецца ў нашай сытуацыі, ён як ніхто адгукаецца на кепскія падзеі, той жа самы прысуд Віктару Івашкевічу. Шкада было б, каб зь ягоным адыходам не было той лініі заангажаваньня ў беларускую праблематыку. Спадзяюся, што гэтая пераемнасьць захаваецца”.

Прадстаўнікі афіцыйнага Менску назіралі за нямецкімі выбарамі не да самага канца. Невялікае выключэньне — супрацоўнікі МЗС. Я зьвярнулася да прадстаўніка аддзелу Эўропы беларускага дыпляматычнага ведамства Віктара Лукашэнкі з просьбай пракамэнтаваць вынікі выбарчай баталіі ў Бундэстаг. Але ён, пачуўшы словы “Радыё Свабода”, папрасіў прабачэньня і ад камэнтароў адмовіўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG