Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЎТРА Ў МЕНСКУ РАСПАЧНЕ ПРАЦУ ПАЗАЧАРГОВЫ ЗЬЕЗД САЮЗУ БЕЛАРУСКІХ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ


Ігар Карней, Менск

Яшчэ за некалькі дзён да пісьменьніцкага зьезду не было пэўнасьці, што ён адбудзецца ў адным месцы і з удзелам усіх сяброў арганізацыі. Гэтак званае “кансэрватыўнае крыло” мелася сабраць свой зьезд, дзе быў бы выказаны недавер дзейнай старшыні СПБ Вользе Іпатавай і высунатая альтэрнатыўная кандыдатура кіраўніка Саюзу.

Але літаральна напярэдадні група літаратараў (сярод іх Уладзімер Гніламёдаў, Мікола Мятліцкі, Анатоль Бутэвіч) абвесьцілі пра намер далучыцца да агульнага сходу. Як пацьвердзілі дасьведчаныя крыніцы, рашэньне гэта было прынятае пасьля адпаведных кансультацыяў і далейшых распараджэньняў з адміністрацыі Лукашэнкі: там вырашылі, што падтрымліваць два саюзы занадта дорага.

Уладзімер Гніламёдаў, які ўваходзіць у склад ужо згаданай “кансэрватыўнай” часткі пісьменьнікаў, лічыць, што нічога неардынарнага ў сытуацыі няма.

(Гніламёдаў: ) “Штодня чакаем: дзе што здарыцца. Нейкі эсхаталягічны настрой перажываем — пры канацы сьвету ці што? Насамрэч зьезд пройдзе, кагосьці абяруць. Галоўнае, каб чалавек быў не эгаіст, каб быў камунікабэльны. Такога сярод пісьменьнікаў цяжка знайсьці, бо ў кожнага ёсьць свая праца. Мы вылучаем Мятліцкага, Бутэвіча, мяркую, што яшчэ будуць прапановы... Калі пачалі, то ўжо трэба сапраўды зрабіць зьезд, пацьвердзіць, што мы яшчэ існуем у адной арганізацыі”.

(Карэспандэнт: ) “Зьезд, як вы кажаце, пройдзе, будзе абраны новы кіраўнік, але паводле ідэалягічных прынцыпаў ці змогуць літаратары супрацоўнічаць гэтак, як і раней?”

(Гніламёдаў: ) “Ну, ня будуць жа ўсе 500 чалавек аднадумцамі? Чыясьці манера мне не падабаецца, я хінуся да кагосьці іншага, хачу пачуць ягоныя словы і ацэнкі. Відаць, гэта нармальна, нельга, каб усе зьліліся ў нейкае “членістаногае”. Хоць, натуральна, я не жадаю ніякіх рэвалюцыяў, пераваротаў, бо гэтага хапае на вельмі абмежаваны час”.

А вось былы старшыня Саюзу пісьменьнікаў Васіль Зуёнак лічыць ненатуральным бесцырымоннае ўварваньне дзяржавы ў справы творчых саюзаў. І асабліва, калі сама ўлада ініцыюе падзел на “правільных” і “няправільных”.

(Зуёнак: ) “Любой уладзе хочацца і карціць, каб усё ў яе было пад рукой. Але кіраваць сфэрай духоўнай, сфэрай, дзе кожны жыве сваёй галавой, сваім сэрцам вельмі складана. Калі чалавек творца сапраўдны, не кан’юнктуршчык, то яго ня возьме ніякая ўлада; нічым не прыманіць. Ён будзе хлеба скарынку грызьці, але ніякія падачкі, ніякія абяцанкі не прымусяць зьбіцца са свайго шляху.

Я меў дачыненьне да кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў, і заўсёды памятаў: нашая арганізацыя павінна заставацца ядром беларускасьці. Паглядзіце наўкол: хто яшчэ застаўся на гэтых пазыцыях? Усе адступіліся, акапаліся і ня ведаюць, што далей рабіць. Пакуль што ў Саюзе пісьменьнікаў гэты агеньчык ня згас”.

Шэраг літаратараў напярэдадні зьезду заявілі пра сваю адмову ад удзелу ў ім. Васіль Быкаў хоць і зьбіраецца наведаць Менск, але ўжо пасьля 24 верасьня. Ня будзе на сходзе Сьвятланы Алексіевіч, а таксама яшчэ аднаго былога кіраўніка арганізацыі — Уладзімера Някляева. Некаторыя задаюць пытаньне: ці ўвогуле патрэбныя творчыя саюзы, створаныя за сталінскім часам, у новых рэаліях новага часу? Васіль Зуёнак гэткі пункт гледжаньня часткова падзяляе:

(Зуёнак: ) “Можа быць, творчыя саюзы ў цяперашнім іхным стане аджылі ці аджываюць. Жыцьцё далёка зрабіла крок наперад, а саюзы паводле сваёй формы і так, як хацела б бачыць улада, засталіся ў сталінскай эпосе, калі гэтыя саюзы ствараліся. Ствараліся яны, гэта ўжо не сакрэт, каб кіраваць літаратурай ці мастацтвам. Цяпер трэба творчым саюзам пераарыентавацца і не глядзець у кішэню, ня трэба быць на павадку падачкі, калі перад носам нешта нясуць, а ты бяжыш і хапаеш. Таму Саюз пісьменьнікаў павінен нейкім чынам памяняцца арганізацыйна: не чакаць падачак, а самім рабіць сваю сур’ёзную нацыянальную справу”.

Зьезд беларускіх пісьменьнікаў пачынае сваю працу раніцай 24 верасьня. Чакаюцца выступы Генадзя Бураўкіна, Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Уладзімера Гніламёдава і старшыні аргкамітэту Алеся Пашкевіча. Імя апошняга ў асяродзьдзі дэмакратычнага крыла Саюзу найчасьцей называецца ў якасьці кандыдатуры на пасаду старшыні пісьменьніцкай арганізацыі.
XS
SM
MD
LG