Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГАЗАВЫ КРАН ЛІТВЫ Ў РУКАХ БЕЛАРУСІ”


Tацяна Поклад, Літва

З набліжэньнем прыватызацыі прадпрыемства "Літоўскі газ" ў Літве пачалося абмяркаваньне ўнікальнай сытуацыі, якая сталася вынікам спадчыны колішняй савецкай гаспадаркі.

Беларусь зьяўляецца ўласьнікам галоўнай лічыльнай устаноўкі, –станцыі, дзе фіксуецца, колькі прыроднага газу патрапляе па магістральным газаправодзе з Усходу ў Літву. Там жа знаходзяцца і краны-рэгулятары, якія могуць спыняць падачу ў Літву прыроднага газу. Гэтая станцыя была пабудаваная на Беларусі, у мястэчку Катлоўка, у савецкі час. Цяпер гэта – уласнасьць "Белтрансгазу". Сваёй такой станцыі Літва ня мае.

Напачатку кожнага месяцу прадпрыемства "Літоўскі газ" выпраўляе супрацоўнікаў аддзелу справаздачаў у Беларусь. Да памежнага пункту ў Лаварышках – 35 км. Адтуль да станцыі ў Катлоўцы – 1 км, які даводзіцца ісьці пехатою – бо з машынаю трэба марнаваць шмат часу ў чэргах ля мяжы. Раней беларуская мытня прапускала гэтых работнікаў без чаргі.

Чатыры разы на месяц літоўскія прадстаўнікі прыяжджаюць у Катлоўку спраўджваць якасьць газу. Раз на два месяцы зь Вільні прывозяць адмысловую апаратуру, якая паказвае, ці слушна дзейнічае галоўны лічыльнік.

Старыя супрацоўнікі літоўскае газавае гаспадаркі прыгадваюць, што за апошнія дзесяць гадоў сур'ёзных праблемаў не ўзьнікала, а ў савецкі час – здараліся. Напрыклад, калі Літва аднойчы ня выкарыстала прызначанай ёй квоты газу, на станцыі літоўскіх прадстаўнікоў папрасілі прыпісаць расход газу, то бок заплаціць болей. Іначай прыгразілі зьменшыць пастаўкі.

Ні адзін з папярэдніх урадаў Літвы не заўважаў недарэчнасьці існуючай сытуацыі. Цяпер ў Літве зьявіўся неспакой – "ці непрагназаваны прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка дзеля якой прычыны ня створыць літоўскім спажыўцам газу вялікіх праблемаў?"

Былы прэм'ер Літвы, кіраўнік партыі лібэральных дэмакратаў Раландас Паксас узьняў гэтае пытаньне "з газавым кранам Літвы ў руках Беларусі" – ён назваў гэта "цалкам ненармальнай сытуацыяй". "Літва павінна мець ў сваіх руках ня толькі кантроль над справаздачай, але і альтэрнатыўныя пастаўкі газу праз Латвію".

Усё гэта насамрэч было пазначана ў стратэгічных плянах, аднак далей размоваў у Літве не пайшлі. Міністар гаспадаркі Літвы Пятрас Чэсна мяркуе, што "пабудова новай станцыі на тэрыторыі Літвы будзе каштаваць нямала – тым часам, усё адно Беларусь не абмінуць, бо празь яе тэрыторыю праходзяць трубы магістральнага газаправоду".
XS
SM
MD
LG