Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАТЭСТАНТЫ ПРАВЯЛІ ПУБЛІЧНЫ МАЛЕБЕН У МЕНСКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У нядзелю ўвечары на галоўнай пляцоўцы парку Дружбы народаў сабралася каля 300 вернікаў з Аб’яднаньня грамадаў хрысьціянаў поўнага Эвангельля.

Прычынай гэтага малебну пад назваю “Мы молімся, і будзе лепей” стала паведамленьне пра тое, што 2 кастрычніка Савет рэспублікі зьбіраецца разглядаць новы варыянт закону “Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыяў”, які сур’ёзна абмяжоўвае правы рэлігійных меншасьцяў. Палата прадстаўнікоў гэты варыянт закону ўхваліла яшчэ 27 чэрвеня.

Гаворыць адзін з арганізатараў публічнага малебну Андрэй Фраліхін:

(Фраліхін: ) “Мы будзем больш маліцца за мудрасьць уладаў, каб яны прынялі справядлівы закон. Каб быў здаровы сэнс і слушнае рашэньне гэтага пытаньня. Бо насамрэч гэты закон парушае інтарэсы хрысьціянаў поўнага Эвангельля, хрысьціянаў-баптыстаў і хрысьціянаў пяцідзясятніцкага кірунку”.

Тым часам на сцэне зайграў музычны гурт, і пастары пачалі заклікаць людзей на малітву. Арганізатары акцыі казалі, што ня будуць супрацьстаяць уладам, бо лічаць, што Бог не дапусьціць прыняцьця дыскрымінацыйнага закону.

Малебны за мудрасьць уладаў прайшлі ў нядзелю ў больш як 800 пратэстанцкіх грамадах розных дэнамінацыяў. Аб правядзеньні гэтай супольнай акцыі дамовіліся кіраўнікі Саюзу эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў, Саюзу хрысьціянаў веры эвангельскай, Аб’яднаньня грамадаў хрысьціянаў поўнага Эвангельля й канфэрэнцыі цэркваў адвэнтыстаў сёмага дня.

У сваім звароце да вернікаў яны тлумачаць, чаму новы закон ёсьць дыскрымінацыйным. Паводле гэтага закону рэгістраваць будуць грамады, якія налічваюць ня менш за 20 сябраў, а рэлігійныя аб’яднаньні — калі яны існуюць у Беларусі 10 гадоў. А без рэгістрацыі ў дзяржаўных органах канфэсіі ня змогуць выдаваць і распаўсюджваць літаратуру, праводзіць місіянэрскую дзейнасьць.

Новы закон такама забараняе праводзіць набажэнствы ў прыватных дамах, а чыноўнікам надаецца права прыпыняць дзейнасьць рэлігійных грамадаў і аб’яднаньняў.

Нядзельная акцыя пратэстантаў стала першай у справе абароны сваіх правоў. Супраць прыняцьця гэтага закону выступаюць і іншыя канфэсіі. Так, менскія індуісты нядаўна правялі вулічныя акцыі пратэсту, за што былі пакараныя адміністратыўнымі арыштамі. У панядзелак у Менску адбудзецца прэзэнтацыя Белай кнігі рэпрэсіяў уладаў супраць рэлігійных меншасьцяў.
XS
SM
MD
LG