Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГАРЫ ЛУЧАНСКІ Ў “ПАВУЦІНЬНЕ” НЯ ТРАПІЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле эўрапейскіх мэдыяў, сумесную апэрацыю "Павуціньне" супраць дзялкоў расейскай мафіі ў Эўропе правялі спэцслужбы эўрапейскіх краінаў, Інтэрпол і спэцслужбы ЗША. Збольшага апэрацыя прайшла пасьпяхова. Як паведамляюць, затрымана 50 злачынцаў, арыштавана больш за 200 банкаўскіх рахункаў, празь якія ў Эўропе адмываліся грошы, заробленыя на наркотыках, незаконным гандлі зброяй і іншым злачынным бізнэсе. Але канстатуецца, што пакуль арышту пазьбег вядомы дзялок незаконнага гандлю зброяй Гары Лучанскі. У сярэдзіне 1980-х гадоў гэты чалавек сядзеў у архангельскай турме за банальны крадзёж, а ужо праз 10 гадоў як вельмі паважаную асобу яго прымалі міністры былых савецкіх рэспублік. У тым ліку шмат разоў Гары, на самой справе Рыгор Лучанскі, бываў і ў Беларусі. Пра гэта Радыё Свабода распавёў Сяргей Аніська, які ў сярэдзіне 1990-х працаваў ў Радзе Бясьпекі:

(Аніська: ) "Ён прыяжджаў афіцыйна сюды. Наведваў Саўмін, Міністэрства абароны і фірму "Белтэхэкспарт", якой кіраваў спадар Пефціеў. Яна ўтварылася, калі яшчэ прэм’ерам быў Вячаслаў Кебіч. Тады і завязаліся асноўныя кантакты Лучанскага зь беларускімі высокімі чыноўнікамі. Ён быў тут шмат разоў. Ёсьць сьпіс асобаў, якія прыяжджаюць у Беларусь на запрашэньне "Белтэхэкспарту", і там фігуруе Гары Лучанскі, ёсьць нават нумар ягонага пашпарту".

Паводле Сяргея Аніська, пра гэтыя кантакты стала вядома супрацоўнікам беларускага КГБ, якія насьцярожана паставіліся да актыўнасьці былога крымінальніка ў гандлі зброяй. Былі праінфармаваныя тагачасныя кіраўнікі краіны – старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і прэм’ер Вячаслаў Кебіч. Сяргей Аніська згадаў дакумэнт, падпісаны Станіславам Шушкевічам, у якім афіцыйныя асобы Беларусі папярэджваюцца аб непажаданасьці кантактаў з Лучанскім.

Але пасьля адстаўкі Шушкевіча ў 1994 годзе гэтыя кантакты, відаць, не спыніліся. Праз год, ужо пры Аляксандры Лукашэнку, адбылася адна з самых скандальных зьдзелак у гандлі беларускай зброяй. За мяжу была прададзеная частка супрацьпаветранага комплексу С-300, які па прыблізных падліках каштуе больш за паўмільярд даляраў. Сяргей Аніська настойвае на тым, што расейскі крымінальнік Лучанскі меў да гэтай зьдзелкі прамое дачыненьне, а дапамаглі яму беларускія чыноўнікі. Былы міністар абароны Павал Казлоўскі, які на той час ўжо пайшоў у адстаўку, згадвае, з чаго пачыналася гэтая гісторыя.

(Казлоўскі: ) "Была спроба прадаць гэты комплекс, яшчэ калі я быў міністрам. Ён быў як вучэбны ў ВІЗРУ, былой артылерыйскай вучэльні, а цяпер гэта вайсковая акадэмія. Па прапанове Пефціева мяне спытаў Кебіч: што рабіць? Мы на калегіі міністэрства разгледзелі і прыйшлі да высновы, што будзе нанесеная вялікая шкода дзяржаве, калі комплекс прададуць. І афіцыйна далі адказ у Саўмін, што немэтазгодна прадаваць. Хаця на мяне спрабавалі націснуць, маўляў, прадай, навошта табе гэта трэба.

Тады яшчэ з трыбуны Вярхоўнага Савету дэпутат Лукашэнка заяўляў, што гэта будзе злачынства, калі прададуць гэты комплекс. Але як яны прыйшлі да ўлады, празь нейкія паўгода Пефціеў знайшоў хады на Раду Бяспекі, да Шэймана, і той пераканаў Лукашэнку, што мэтазгодна. І яны рэалізавалі гэты комплекс.

Яшчэ Ельцын у той час заявіў, што былі парушаныя дамовы з Расеяй, бо там ёсьць нейкія сакрэтныя тэхналёгіі".

Былы міністар абароны Павал Казлоўскі лічыць, што нежаданьне даць згоду на продаж комплексу С-300 спрычынілася да ягонай адстаўкі ў 1994 годзе.

Былы супрацоўнік Рады бясьпекі Сяргей Аніська мяркуе, што Гары Лучанскі меў дачыненьне і да іншых апэрацыяў са зброяй, прададзенай зь Беларусі. Пра гэта сьведчаць некаторыя дакумэнты, якія ён у свой час бачыў. Што да таго факту, што Лучанскага ня здолелі затрымаць у Эўропе, то Сяргей Аніська не выключае, што яшчэ нядаўна гэты чалавек мог хавацца ў Беларусі.

(Аніська: ) "Не выключаю, але пасьля ўчорашняга скандалу яму, канечне, сказалі б: вось табе любы пашпарт, але каб цябе тут не было".

На думку Сяргея Аніські, беларускія ўлады будуць хаваць усе свае кантакты з гандляром зброяй Гары Лучанскім, бо для іх гэта вельмі небясьпечны факт.
XS
SM
MD
LG