Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СТРАСБУРЫ НА СЭСІІ ПАРЭ БУДЗЕ РАЗГЛЯДАЦЦА БЕЛАРУСКАЕ ПЫТАНЬНЕ


Уладзімер Глод, Менск

Літаральна за два дні да адлёту ў Страсбур склад дэлегацыі ад так званай палаты прадстаўнікоў значана скараціўся і зьмяніўся. Апошнія два гады яе нязьменна ўзначальваў Уладзімер Канаплёў, а на сэсіі накіроўваліся пяць-шэсць асобаў. Гэтым разам едуць толькі Зінаіда Пянькова і Андрэй Лосеў. У палаце афіцыйна ніхто не тлумачыць такую нечаканасьць, але ў неафіцыйных размовах усе гавораць адно і тое ж: гэта сваеасаблівая рэакцыя на справаздачу нямецкага дэпутата Вольфганга Бэрэндта адносна сытуацыі ў Беларусі. Галоўная выснова гэтай справаздачы: Беларусь па-ранейшаму не адпавядае стандартам Рады Эўропы.

Яшчэ 13 студзеня 1997 году бюро ПА АБСЭ паводле вынікаў лістападаўскага рэферэндуму 1996 году прыняла рашэньне спыніць дзеяньне статусу "адмыслова запрошанага" для Беларусі. З таго часу ўсе спробы афіцыйных уладаў дамагчыся вяртаньня статусу не прыносяць посьпеху. На восеньскую сэсію яны ўскладалі вялікія надзеі, паколькі пытаньне пра Беларусь выносіцца на плянарнае паседжаньне, а не абмяжоўваецца рамкамі аднаго камітэту.

Беларускую апазыцыю прадстаўляюць Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Нісьцюк і Валянціна Палевікова. Са складу дэлегацыі выключылі Натальлю Хрусталёву, бо спрэчным застаецца пытаньне, якую партыю "Надзея" лічыць правамоцнай. Асабісты канфлікт Анатоля Лябедзькі зь Сяргеям Гайдукевічам скончыўся тым, што КРАПП даручыла выступіць на паседжаньні ў Страсбуры не Лябедзьку, як звычайна, а Вячорку.

Сябра дэлегацыі Ўладзімер Нісьцюк у гэтай сытуацыі сказаў наступнае:

(Нісьцюк: ) "Я магу дакладна сказаць толькі адно: нашая партыя рашэньнем сваяго кіруючага органа даручыла мне распавесьці на паседжаньні сацыялістычнай фракцыі, якое, верагодна, адбудзецца 25 верасьня, не пра праблемы палітычнай апазыцыі на Беларусі – хто каго любіць, а хто каго не. А распавесьці пра праблемы Беларусі і пра праблемы нашай партыі: як мы працуем, як ідзе развіцьцё нашых структураў, што мы бачым наперадзе. Мы будзем дзяліцца са сваімі партнэрамі па сацыялістычным Інтэрнацыянале і братэрскім партыямі сацыялістычнага і сацыял-дэмакратычнага кшталту тым, чым мы займаемся і чым зьбіраемся займацца. Таму што мне бачыцца, што ў пэрспэктыве запрашэньняў для Кансультацыйнай рады ад міжнародных парлямэнцкіх структураў больш ня будзе".

На наступным тыдні ў Страсбуры адбудзецца яшчэ адна важная для Беларусі падзея – камітэт у юрыдычных пытаньнях ПА АБСЭ зьбіраецца зацьвердзіць склад адмысловай групы ў справах Беларусі, якая будзе вывучаць сытуацыю з правамі чалавека і спрабаваць знайсьці сьляды зьніклых беларускіх палітыкаў. Праўдападобна, што групу ўзначаліць вядомы расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў. Ягоны памочнік паведаміў мне сёньня па тэлефоне з Масквы, што сп. Кавалёў у нядзелю вылятае ў Страсбур, дзе абмяркуе гэтую праблему зь іншымі зацікаўленымі асобамі.
XS
SM
MD
LG