Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЗВЫНІКОВАЕ ЗАКАНЧЭНЬНЕ ПЕРАМОВАЎ АБ УВЯДЗЕНЬНІ РАСЕЙСКАГА РУБЛЯ Ў ЯКАСЬЦІ АДЗІНАЙ ГРАШОВАЙ АДЗІНКІ БЕЛАРУСІ І РАСЕІ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: эканаміст Валер Дашкевіч і аглядальнік Міхась Залескі. Вядзе перадачу Валер Карбалевіч.

(Карбалевіч: ) “Як і чакалася, абмеркаваньне пытаньня аб увядзеньні расейскага рубля ў якасьці адзінай грашовай адзінкі Беларусі і Расеі на паседжаньні Рады Міністраў так званай саюзнай дзяржавы у Маскве закончылася нічым. Хаця у агульным сэнсе абодва бакі станоўча адносяцца да ўвядзеньня расейскага рубля, заяўляюць, што гэта вельмі станоўча адаб'ецца на эканоміцы дзвух краін. Але калі справа пераходзіла да нейкіх канкрэтных рэчаў, то бакі не маглі дамовіцца. І пытаньне ў чарговы раз адклалі на сьнежань.

Гэтая сытуацыя нікога не зьдзівіла, таму што пазыцыі кіраўнікоў дзяржаў, урадаў, фінансавых ведамстваў напярэдадні перамоваў былі даволі рознымі. Канцэпцыя ўвядзеньня адзінага рубля, распрацаваная Нацыянальным банкам Беларусі, у прынцыповых пытаньнях не супадала з прапановамі Цэнтрабанку Расеі. Згодна з гэтымі прапановамі, беларускі Нацбанк павінен стаць філіялам расейскага Цэнтрабанку. Супраць гэтай ідэі рэзка выказаўся Лукашэнка на нядаўняй прэс-канфэрэнцыі. Ён заявіў пра сваю нязгоду з тым, каб адзіны эмісійны цэнтар быў у Маскве. З другога боку, супраць беларускіх прэтэнзій даволі катэгарычна выказаўся расейскі прэм'ер Касьянаў.

Як бы Вы пракамэнтавалі вынікі маскоўскіх перамоваў? І які ўплыў на вырашэньне гэтай праблемы аказвае цяперашні канфлікт паміж дзьвюма дзяржавамі, прэзыдэнтамі? Ці гэта розныя праблемы, канфлікт канфліктам, а пытаньне аб увядзеньні расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты саюзнай дзяржавы вырашаецца асобна? Спадар Дашкевіч, Вам першаму пытаньне”.

(Дашкевіч: ) “Па-першае, хацеў бы адзначыць, што я ня бачу канфлікту паміж Пуціным і Лукашэнкам. Справа ў тым, што Пуцін вельмі ясна, можна сказаць, выразна акрэсьліў пазыцыю Расеі. Яе можна прымаць ці не прымаць. Гэта ж датычыцца ў поўным аб'ёме перамоваў аб увядзеньні адзінай грашовай адзінкі. Расея, зноў жа, выразна дала зразумець, што ніякіх двух эмісійных цэнтраў быць ня можа. Калі ёсьць адна валюта, то ёсьць адзін цэнтральны банк. І Беларусь, калі яна хоча мець расейскі рубель у якасьці грашовай адзінкі, павінна далучыцца да расейскай фінансавай сыстэмы.

У якасьці пілюлі, якая б аблегчыла Беларусі такое далучэньне, Расея прапануе месца беларускаму прадстаўніку у наглядальным савеце, праўленьні банку Расеі. Ясна, што яны нічога там вырашаць ня будуць. На мой погляд, гэта цвёрдая і зразумелая пазыцыя Расеі. Зразумелая у тым сэнсе, што эканоміка Беларусі складае ня больш 3-4% ад валавага ўнутранага прадукту Расеі. Тое ж самае ў адносінах да грошай. Маса расейскіх грошай, якія, дарэчы, зьяўляюцца даволі цьвёрдай канвэртаванай валютай, прыкладана ў 50-60 разоў большая, чым беларускіх. Чаму яны павінны аддаваць эмісійнае права на такую вялікую грашовую масу якомусьці іншаму банку? Нікому яны не аддадуць. Гэта ясна. І Расея ставіць Беларусі пытаньне: альбо далучаецеся на нашых умовах, альбо жывіце як хочаце. І гэта зноў было пацьверджанае на перамовах прэм’ер-міністраў. І Касьянаў выразна гэта сказаў”.

(Залескі: ) “Тут можна нагадаць словы, якія сказаў адносна расейска-грузінскага канфлікту міністар абароны Расеі Іваноў. Калі ён даваў вызнчэньне дзеяньням грузінскіх вайскоўцаў у Панкіскай цясьніне, то сказаў: калі гэта была дэманстрацыя, то гэта была цудоўная дэманстрацыя. Калі разглядаць сутрэчу кіраўнікоў урадаў Беларусі і Расеі ў Маскве як гульню ў карту на запалкі, то яна ўдалася. Таму што ўжо дзесяць гадоў працягваюцца беларуска-расейскія сустрэчы па аб'яднаньні грашовых сыстэм. Вельмі пасьпяховая сустрэча, усе былі салідныя, з гальштукамі і г.д. Калі казаць пра тое, што было на самай справе, то мы павінны ўзгадаць наступнае: ня так даўно была прынятая Канцэпцыя разьвіцьця банкаўскай сыстэмы Беларусі на 10 гадоў. І там пра расейскі рубель, здаецца, нічога няма”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Залескі, як Вы лічыце, вось той канфлікт паміж дзьвюма краінамі, прэзыдэнтамі аказаў які-небудзь уплыў на вырашэньне гэтай праблемы ці не?”

(Залескі: ) “Тут ёсьць два нюансы. Калі дзьве краіны хочуць тэхнічна вырашыць пытаньне аб'яднаньня грашовых сыстэмаў, то яно павінна вырашацца спэцыялістамі цэнтральных банкаў. А падмуркам для гэтага павінна быць канцэптуальнае пагадненьне, што дзьве краіны, якія аб'ядноўваюць грашовыя сыстэмы, будуць мець адзіны эмісійны цэнтар. Як ня можа быць дзьвюх языкоў у адным роце, так ня можа быць дзьвюх эмісійных цэнтраў у адной краіне. А вось гэты канфлікт паміж прэзыдэнтамі адбіўся на жорсткасьці фармулёвак, выкарыстаных расейскім прэм’ер-міністрам”.

(Карбалевіч: ) “А ці магчымы ўсё ж такі нейкі кампраміс паміж бакамі? Ці пытаньне невырашальнае, і мы можам ставіць такую цьвёрдую кропку на самой гэтай ідэі? А калі кампраміс, то які бок больш пойдзе на саступкі? І, у гэтым сэнсе, якія пэрспэктывы вырашэньня гэтай праблемы ў сьнежні?”

(Дашкевіч: ) “Хацеў бы нагадаць нядаўняе выказваньне Пуціна, які падкрэсьліў неабходнасьць вызначыцца, што мы будуем: адзіную дзяржаву ці дзяржавы застануцца сувэрэннымі. У першым выпадку ён сваю пазыцыю акрэсьліў. У другім выпадку – гэта мадэль Еўразвязу. Таму я лічу, што магчыма не да сьнежню, а дзесьці да вясьны наступнага году пазыцыя Беларусі павінна таксама вызначыцца канчаткова. На мой погляд, беларускае кіраўніцтва маральна гатовае да таго, каб адмовіцца ад сувэрэнітэту. І ўся справа зводзіцца да ўмоваў. Ідзе такі гандаль. Магчыма, што публічна ў такой форме гэта аб'яўленае ня будзе. Але Беларусь у рэшце рэшт згодзіцца на аб'яднаньне валют на расейскіх умовах. І гэта значыць, што сувэрэнітэт Беларусі будзе вельмі непрацяглым”.

(Залескі: ) “Чым ніжэй будзе апускацца слупок тэрмомэтра ў сьнежні, тым больш лагоднымі будуць беларусы на перамовах, тым большыя будуць саступкі з боку Беларусі. Таму што ёсьць магутны інструмэнт рэгуляваньня беларускай ляяльнасьці адносна Расеі. Гэта, як кажуць, забортная тэмпэратура і кошты газу і нафты. Вось гэтым інструмэнтам Расея будзе карыстацца ў поўнай меры, і будуць прымушаць Беларусь дзейнічаць у мэтах, якія вызначае Масква. А вось калі нашае кіраўніцтва паставіць нашыя нацыянальныя мэты наперадзе, а не палітычныя гульні, то перамовы будуць насіць зусім іншы характар. Трэба канчаць гэтыя марныя размовы і вучыцца жыць паасобку”.

(Карбалевіч: ) “Вядома, што існуе дамова, паводле якой Расея выдзяляе крэдыт Беларусі. І выдзяленьне гэтага крэдыту ішло ў зьвязцы, у пакеце з дамоўленасьцямі аб аб'яднаньні грашовых сыстэм. І вось зараз, калі ўзьніклі такія сур'ёзныя супярэчнасьці па гэтай праблеме, то як быць з расейскім крэдытам? Ці атрымае Беларусь чарговую транш расейскага крэдыту?”

(Дашкевіч: ) “У гэтай сытуацыі, я лічу, наадварот, расейскі Цэнтрабанк выканае свае абяцаньні. І ён дасьць трэці транш крэдыту ў памеры 1,5 млрд расейскіх рублёў. Пры гэтым, вядома, ён будзе адсочваць справы ў нашай грашова-крэдытнай сыстэме: ці ня пойдзем мы на вялікую эмісію, ці ня будзе у нас вялікая інфляцыя, дэвальвацыя і г.д. Але нават калі мы трохі і ня выканаем гэтыя нарматывы, трэцью частку стабілізацыйнага крэдыту Цэнтрабанк выдзеліць. Я лічу, што любыя саступкі Расеі на нашу карысьць (напрыклад, нізкія цэны на газ, чыгуначныя тарыфы) – гэта ня вельмі добра для нас. Мы ўцягваемся у гэтую танную эканамічную сыстэму, зь якой потым цяжка будзе выходзіць. У такіх умовах нам будзе цяжка, калі мы захочам аб'явіць, што зьбіраемся жыць самастойна. Танныя цэны і тарыфы зацягваюць. І нам цяжка будзе ў будучым адмовіцца ад гэтых вялікіх падачак”.

(Карбалевіч: ) “То бок, Вы лічыце, што Расея ня зробіць выдзяленьне крэдыту сродкам ціску на беларускія улады?”

(Дашкевіч: ) “Наадварот, Расея разумее, што калі хтосьці прывык да чагосьці таннага, прабачце за выраз, прывык жыць на халяву, то на яго лягчэй потым ціснуць. Бо яму ўжо цяжка адмовіцца. Чакаючы альбо крэдытаў, альбо танных цэн, мы згубілі час, каб будаваць незалежную эфэктыўную эканоміку. І чым больш нам будуць даваць, тым менш у нас шанцаў стварыць нармальную эканоміку”.

(Залескі: ) “Нават калі б кіраўнікі Беларусі і Расеі пасварыліся яшчэ горш, чым зараз, то усё роўна гэты крэдыт быў бы дадзены. Таму што Расея зацікаўленая ў тым, каб у Беларусі была больш стабільная валюта. Чым мягчэйшы беларускі рубель, тым лепш беларускім вытворцам рабіць маніпуляцыі са сваімі таварамі, захоўваючы ці паціху захопліваючы пэўныя сэктары расейскага рынку. Што зусім не на карысьць расейскім кампаніям. Расея, я яшчэ раз падкрэсьліваю, праводзіць свае нацыянальныя інтарэсы. У нацыянальных інтарэсах Расеі, каб Беларусь як адзін з галоўных расейскіх эканамічных партнэраў мела цьвёрдую валюту. Таму гэты трэці транш крэдыту, безмоўна, будзе дадзены ў межах ранейшых дамоўленасьцяў, і павінен выконваць функцыю стабілізацыі беларускага рубля. Але калі ў нас ня будзе грошай разлічвацца за паліва, павялічыцца інфляцыя, то гэты крэдыт проста не дапаможа”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, у інтэграцыйных працэсах Беларусі і Расеі назіраецца цікавая зьява. Кіраўніцтва абедзьвюх дзяржаваў выказваецца вельмі аптымістычна, усе падтрымліваць інтэграцыю. Але як толькі справа даходзіць да нейкай канкрэтыкі, ці гэта датычыцца палітычнага, ці эканамічнага аб'яднаньня, вось тут і выяўляюцца супярэчнасьці, якія выглядаюць амаль што несумяшчальнымі. Падаецца, што сама ідэя інтэграцыі такіх розных паводле памеру дзяржаваў зараз пастаўленая пад сумнеў, перажывае сур'ёзны крызыс. Вось такія назіраньні можна зрабіць з вынікаў чарговага паседжаньня Рады Міністраў саюзнай дзяржавы”.
XS
SM
MD
LG