Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ГЕІ Й ЛЕСЬБІЯНКІ ХОЧУЦЬ ПАЛІТЫЗАВАЦЦА


Галіна Абакунчык, Менск

Сёлетні фэстываль сэкс-мяншыняў можна назваць нацыянальным, бо ўдзельнічаюць у ім выключна беларускія суполакі. Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, у кожнай краіне да 10% насельніцтва мае нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю, і Беларусь у гэтым сэнсе не вынятак: толькі ў "Лямбдзе" каля 200 афіцыйна зарэгістраваных геяў і лесьбіянак. Пра адметнасьці фэсту гаворыць міжнародны сакратар Беларускай лігі Сяргей Тарпачоў:

(Тарпачоў:) "Тое, што ён менавіта беларускі. Цяпер у Беларусі існуе некалькі арганізацыяў, і ўсе мы працавалі кожны ў сваім куце. Таму сёлета асноўная ўвага працы менавіта ў Беларусі, бо ў нас вельмі складаная спэцыфіка. Гэта, мне здаецца, галоўнае".

Як і падчас мінулагодніх фэстаў, прадстаўнікі сэкс-мяншыняў будуць абмяркоўваць праблемы свайго дачыненьня з грамадзкасьцю, царквой і дзяржавай. Але гей-параду сёлета на менскіх вуліцах ня будзе. Паводле лідэра "Лямбды" Эдварда Тарлецкага, беларускія геі й лесьбіянкі зьбіраюць сілы, каб на наступным парадзе выступіць ужо з палітычнымі патрабаваньнямі. Гаворыць Эдвард Тарлецкі:

(Тарлецкі: ) "Мы заўважылі па вопыце мінулага году, што журналістаў больш цікавяць тыя транссэксуалы, якія ідуць паперадзе, але гэта ня тое, на што мы б хацелі, каб журналісты зьвярталі ўвагу. Трэба скансалідаваць тыя гееўскія й лесьбійскія групы, якія існуюць у краіне, каб правесьці вулічную акцыю, але ўжо з палітычнымі патрабаваньнямі. Ёсьць такая ідэя – зрабіць беларускіх гееў і лесьбіянак больш палітызаванымі".

Сёлета ў "Менск-прайдзе" акрамя актывістаў руху бяруць удзел яшчэ й прадстаўнікі грамадзкіх і праваабарончых арганізацыяў Беларусі. Цягам трох дзён усе яны будуць таксама ўдзельнікамі й гасьцямі першага ў краіне конкурсу прыгажосьці сярод геяў. Першы тур начнога конкурсу сёньня і ў наступныя дні праходзіць у сталічным клюбе “Вавілон”.
XS
SM
MD
LG