Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛУКАШЭНКА ПРАДЭМАНСТРАВАЎ УСЮ ПАЛІТРУ ЎЛАСНЫХ ДЭМАГАГІЧНЫХ ЗДОЛЬНАСЬЦЯЎ”


Ул. інф.

Як піша аўтар артыкула, беларускі лідэр ня ведае ні страху, ні забабонаў. Ён публічна называе сябе самым чэсным і чыстым прэзыдэнтам у сьвеце. Ён ніколі нічога чужога ня клаў сабе ў кішэню, бо да ўсяго яшчэ і вернік. Тых, хто ў гэтым сумняецца (напрыклад, супрацоўнікаў газэты "Народная воля"), можа чакаць прысуд. Ня трэба задаваць пытаньняў адносна непразрыстых фінансавых крыніцаў непразрыстага прэзыдэнцкага фонду.

На зарганізаваным шоў беларускага лідэра – ягонай прэсавай канфэрэнцыі для журналістаў усяго сьвету – Лукашэнка прадэманстраваў усю палітру ўласных дэмагагічных здольнасьцяў, – піша "Die Welt". Беларускаму лідэру ўдалося згуляць ў расчараваньне ў зьвязку зь цяперашнім станам інтэграцыйнага працэсу з Расеяй. Сапраўдным ініцыятарам гэтай інтэграцыі ёсьць ён сам ды яшчэ былы расейскі прэзыдэнт Ельцын. Цяпер Расея прапануе непрымальныя ўмовы аб'яднаньня, на якія ён ніколі ня пойдзе. Віна ў гэтым, канечне ж, ня Пуціна, а крамлёўскай адміністрацыі. Яе супрацоўнікі падкінулі ў часе сустрэчы расейскага і беларускага лідэраў паперу з непрымальнымі прапановамі.

Пра надзвычай нэгатыўныя наступствы, якія могуць пагражаць Беларусі ў адказ на канфрантыцыйны лукашэнкавы курс у адносінах да Крамля, беларускі кіраўнік нічога ня хоча ведаць. Замест гэтага ён упершыню раскрывае дэталі фінансавых перавагаў, якія Менск мае ў выніку льготных расейскіх паставак энэргіі. Адмена гэтых тарыфаў можа прывесьці Беларусь да поўнага банкруцтва, лічаць эканамічныя экспэрты. Аднак Лукашэнка бачыць усё інакш. Ён распавядае пра тое, што ў раёне Ганцавічаў дзейнічае звышсучасная радыялякацыйная станцыя, якая ў стане кантраляваць старт любой ракеты і яе перамяшчэньне над Атлянтыкай. У Вілейцы ёсьць станцыя, якая можа ажыцьцяўляць сувязь паміж расейскімі субмарынамі і Галоўным ваенным штабам краіны. За гэта Расея нічога Менску не плаціць. У часе прэсавай канфэрэнцыі, як піша выданьне, кіраўнік Беларусі прывёў шмат прыкладаў, якія ілюструюць, што Менск нібыта можа лічыцца роўным партнэрам для Масквы.

Як перакананы Лукашэнка, замежныя журналісты слаба інфармаваныя пра сытуацыю ў Беларусі, бо маюць справу са сфабрыкаванымі за заходнія грошы сацыялягічнымі дасьледаваньнямі. Заходнія карэспандэнты таксама ня ведаюць нічога пра сапраўдную сытуацыю з АБСЭ.

Абсалютова брутальна Лукашэнка абыйшоўся з карэспандэнтам нямецкай газэты “Handelsblatt”, калі той спытаў пра лёс зьніклых у Беларусі. "Я лічу, што пасьля гэтага пытаньня вы будзеце ўяўляць інтарэс для нашых праваахоўчых органаў", – прыгразіў журналісту беларускі лідэр. Ва ўсім сьвеце шмат зьніклых людзей, – лічыць ён, – і Беларусь не выключэньне. Аднак толькі ў Беларусі, – паводле Лукашэнкі, – людзі могуць спакойна жыць і глядзець у будучыню”, – піша "Die Welt".
XS
SM
MD
LG