Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛУКАШЭНКА БАЧЫЦЬ СЯБЕ Ў БЕЛАРУСІ НА ДОЎГІЯ ГАДЫ НАПЕРАД”


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: дырэктар менскага бюро Беларускай службы Радыё Свабода Валянцін Жданко і кіраўнік Цэнтру сацыяльных тэхналёгіяў Аляксандар Фядута.

(Віталь Цыганкоў: ) “Перш чым пачаць ацэньваць выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, некалькі словаў пра самую прэс-канфэрэнцыю. Відавочна, кіраўнік Беларусі любіць маналёг, ён ня церпіць вострыя пытаньні не сваіх, не “адабраных” журналістаў. Можна згадаць апошнюю ня вельмі ўдалую для Лукашэнкі спробу летась напярэдадні выбараў, калі журналісткі незалежных выданьняў закідалі кіраўніка дзяржавы незручнымі пытаньнямі пра зьніклых і пра псыхічнае здароўе самога Лукашэнкі. І цяпер было бачна, што Лукашэнка нэрваваўся, калі яму задавалі вострыя і непажаданыя пытаньні.

Фармат прэс-канфэрэнцыі вельмі нагадвае тыя, які праводзіць Уладзімер Пуцін. Апошнім часам беларускія афіцыйныя СМІ загаварылі пра інфармацыйную вайну расейскіх мэдыяў супраць Беларусі. Рэсурсы беларускіх і расейскіх СМІ непараўнальныя (і гэта прызнаў сам Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі), таму беларускі кіраўнік выкарыстоўвае тое, што яму застаецца — просты зварот да тэлегледачоў.

Наколькі ўдалася гэтае шоў? Як выглядаў Аляксандар Лукашэнка? Спачатку Валянцін Жданко, які прысутнічаў на прэсавай канфэрэнцыі”.

(Валянцін Жданко: ) “Прэс-канфэрэнцыя была ня лепшая і ня горшая — як іншыя. Лукашэнка быў у сваім амплюа. Калі ставілася мэта данесьці да як мага большай аўдыторыі ягоную пазыцыю па нейкіх вострых пытаньнях, то гэтая мэта наўрад ці дасягнутая. За межы Беларусі прэс-канфэрэнцыя пераважна ня выйшла — толькі некалькі вострых пытаньняў і адказаў трапілі ў расейскія мэдыі. Прытым што да канфлікту паміж Менскам і Крамлём, то Лукашэнка па сутнасьці нічога новага не сказаў.

Вылучаўся фармат прэс-канфэрэнцыі. Сярод журналістаў, дарэчы, большую частку складалі рэдактары раённых ды абласных газэтаў, якія маўчалі падчас прэс-канфэрэнцыі. Далёка ня ўсе маглі задаць пытаньні — яны папярэдне ўзгадняліся з прэсавай службай Лукашэнкі, і гэта адбівалася на тым, каму прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Пяткевіч давала слова”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Фядута назіраў гэтую прэс-канфэрэнцыю па тэлевізары. Адныя кажуць, што Лукашэнка выглядаў няўпэўненым, другія сьцьвярджаюць, што ён выглядаў зьмястоўным і пераканаўчым. Якое ў вас уражаньне?”

(Аляксандар Фядута: ) “На мой погляд, Аляксандар Рыгоравіч ставіў сабе дзьве мэты, якіх ён хацеў дасягнуць. Першая — паказаць свайму электарату, што ён застаецца такім самым упэўненым у сваёй моцы, што ён будзе адстойваць свае прынцыпы. Гэтай мэты ён дасягнуў, бо тыя ягоныя хістаньні, якія былі, убачылі толькі тыя, хто ня вельмі любіць Лукашэнку.

Другая мэта — яшчэ раз удакладніць сваю пазыцыю напярэдадні сустрэчы, якая адбудзецца ў Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным. У Кішынэве хутка адбудзецца саміт кіраўнікоў дзяржаваў СНД. Трэба было яшчэ раз даць адказ на тыя пытаньні, якія паставіў Пуцін. І тут таксама Лукашэнка дасягнуў сваёй мэты”.

(Цыганкоў: ) “Сапраўды, тэма дачыненьняў з Расеяй сталі адной з галоўных на прэсавай канфэрэнцыі. Як слушна адзначыў Валянцін Жданко, наўрад ці тут было нешта прынцыпова новае. Лукашэнка сыстэмна вылучаў свае прэтэнзіі да кіраўніцтва Расеі.

Але, як мне падалося, новыя матывы былі ў тым, што ўпершыню за апошнія два гады Лукашэнка паспрабаваў проціпаставіць Крэмль і расейскі народ. Ён напрасткі зьвяртаўся да расейскага выбарца, проціпастаўляючы расейскую ўладу і народ. Пры гэтым ён зноў пераконваў, што расейцам жывецца ў Беларусі нават лепш, чым у Расеі.

Беларускі кіраўнік зноў рашуча настойваў на сваім варыянце інтэграцыі — на аснове існай саюзнай дамовы. Напрыклад, Вінцук Вячорка заяўляе, што цяперашнія пікіроўкі — гэта толькі таргі за кантроль над Беларусьсю. Наколькі, па-вашаму, пасьля прэс-канфэрэнцыі выглядае сур’ёзным цяперашні разлад паміж беларускім чырвоным домам і Крамлём?”

(Жданко: ) “Выглядае, што разлад вельмі сур’ёзны і канфлікт даволі глыбокі. Вельмі значную частку часу Лукашэнка адвёў гэтай тэме. Тут былі і патас, ажыўленасьць, ягоныя нэрвовыя выказваньні. Мяркуючы па ўсім, церпяць крах ягоныя папярэднія пляны адносна будучыні саюзнай дзяржавы і свайго месца ў гэтай дзяржаве. Апошнія выказваньні Пуціна паставілі крыж на гэтых плянах, і відавочна, што гэта вельмі хваравіта перажывае Лукашэнка.

Ён у любой гульні ня церпіць паразы. Многія з тых, хто ў свой час гуляў зь ім у розныя спартовыя гульні, ведаюць пра тое, як хваравіта ён перажывае, калі прайграе. А ў гэтай гульні ў інтэграцыю, падобна, што ён якраз цяпер у гэтай ролі. І Лукашэнка спрабуе дастойна зь яе выйсьці. Якраз адзін са спосабаў — супрацьпаставіць пазыцыю расейскага кіраўніцтва і расейскі народ, у адданасьці якому Лукашэнка ўчора кляўся шматкроць”.

(Цыганкоў: ) “Прыблізна ў той самы час, калі праходзіла прэс-канфэрэнцыя, Уладзімер Пуцін выказаўся супраць існаваньня некалькіх эмісійных цэнтраў, калі ў саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі агульнай валютай будзе расейскі рубель. Пуцін сказаў, што ў гэтым выпадку эмісійны цэнтар мусіць знаходзіцца ў Маскве. Лукашэнка пачаў проціпастаўляць расейскае кіраўніцтва і расейскі народ, чаго апошнія гады пры Пуціне ён не рашаўся рабіць. Тым самым Лукашэнка фактычна выходзіць на палітычнае поле Расеі. Наколькі рызыкоўныя ён паступае?”

(Фядута: ) “Наколькі я разумею сытуацыю, у якой апынуўся Пуцін, яна вельмі складаная. Тая палітыка, што ён праводзіць найперш да так званай “сям’і” (былое атачэньне Ельцына), да алігархаў, якія былі побач зь Ельцыным — гэта ўсё сапраўды выклікае зь іх боку пэўную насьцярожанасьць. Яны разумеюць, што пасьля таго, як Пуцін будзе пераабраны, адносіны зусім могуць сапсавацца.

Вось ужо некалькі разоў запар Аляксандар Рыгоравіч настойліва вымаўляе адну і тую ж фразу. Маўляў, калі мы з Пуціным ня здолеем дамовіцца, то будаваць саюзную дзяржаву будуць іншыя людзі. Ён мае на ўвазе не сябе, ён мае на ўвазе менавіта Пуціна. І гэта такая прыхаваная ціхая форма пагрозы Пуціну. Наколькі я ведаю, сапраўды існуюць спробы дамовіцца за сьпіной Пуціна і крамлёўскай адміністрацыі з тымі алігархічнымі групоўкамі ў Расеі, якія не задаволеныя дзейнасьцю Пуціна...”

(Цыганкоў: ) “...Якая ў гэтых камбінацыях можа быць ніша для Лукашэнкі?”

(Фядута: ) “Лукашэнка выступае як тэрмінатар. У яго ёсьць вялікі патэнцыял узьдзеяньня на люмпэнізаваную частку расейскага грамадзтва. Зараз тое, што ён пра гэта кажа, — гэта спроба падрыву аўтарытэту Пуціна. Што з гэтага можа атрымацца? Лукашэнка сапраўды можа ўступіць у гандаль з Пуціным: “ты не кранаеш мяне, не кранаеш саюзную дамову, я абіраюся на трэці тэрмін і ня буду перашкаджаць табе абірацца на другі тэрмін”.

(Цыганкоў: ) “Мы падышлі да самай, бадай, галоўнай заявы Аляксандра Лукашэнкі — пра магчымасьць свайго абраньня на трэці тэрмін. Год таму на падобнай прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка адвярцеўся ад такога пытаньня, цяпер жа сам сьмела заявіў, што можа пайсьці на гэта. Што гэта азначае — проста праверка рэакцыі Масквы, Захаду, беларускага грамадзтва, ці Лукашэнка ўжо лічыць, што ніхто яму ў гэтым не перашкодзіць і адкрыта заяўляе пра свае пляны?

Памятаю, што адразу пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў Аляксандар Фядута гаварыў у інтэрвію для Радыё Свабода, што цяпер Расея ўжо не дазволіць Лукашэнку пайсьці на трэці тэрмін. Аляксандар, ці не зьмяніўся ваш прагноз на гэты конт?”

(Фядута: ) “Расея вельмі ня хоча, каб Лукашэнка ішоў на трэці тэрмін. Пуцін наогул лічыць, што Расея павінная за час ягонага другога прэзыдэнцтва навесьці нейкі больш-менш дэмакратычны парадак у зоне свайго палітычнага ўплыву, каб слова “Расея” не асацыявалася з такімі адыёзнымі рэжымамі і пэрсонамі як Лукашэнка і Садам Хусэйн.

Сапраўды, пуцінская Расея гатовая была даць нейкія гарантыі Аляксандру Лукашэнку, каб ён сышоў мірна — напрыклад, так, як сышоў Ельцын. Але Аляксандар Рыгоравіч не ўяўляе сабе, што ён будзе рабіць на пэнсіі. Калі ён выйдзе на пэнсію, ён яшчэ будзе дастаткова маладым чалавекам. Паколькі ён гэтага не ўяўляе,ён будзе спрабаваць рэалізаваць свой гэты патэнцыял альбо ў межах дзейнай Канстытуцыі, альбо будзе мяняць Канстытуцыю.

Дарэчы, калі мы ў маім Цэнтры сацыяльных тэхналёгіяў спрабавалі змадэляваць нейкую сытуацыю, як ён можа зьмяніць Канстытуцыю, каб застацца найбольш уплывовым гульцом на беларускім палітычным полі і пры гэтым нават адмовіцца ад прэзыдэнцкай пасады — дык у яго сапраўды ёсьць такія магчымасьці”.

(Цыганкоў: ) “Для большасьці назіральнікаў было і раней відавочна, што Лукашэнка наўрад ці добраахвотна аддасьць уладу. Цяпер гэта стала відавочна большасьці. Што можа зрабіць тут беларускае грамадзтва?”

(Жданко: ) “Лукашэнка адкрыта не сьцьвярджаў, што будзе балятавацца на трэці тэрмін, што ён будзе мяняць Канстытуцыю. Але па танальнасьці ягонага выступу і па той схеме, якую ён абазначыў, ні ў кога не ўзьнікла сумневу, што менавіта гэты сцэнар будзе ажыцьцёўлены. Ён і гаварыў пра яго так, як бы ён у яго ў галаве ўжо гатовы. І я не зьдзіўлюся, што новы тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі пасьля прыняцьця зьменаў у Канстытуцыю будзе лічыцца першым, і наперадзе яго чакаюць яшчэ два.

Лукашэнка выглядаў абсалютна ўпэўненым і неаднаразова паўтараў, што ён незалежны ні ад якіх сілаў Расеі, што ён нікому нічога не павінны, нікому ня мусіць быць удзячны, што тыя выбары ён выйграў цалкам уласнымі сіламі.

Можна меркаваць, што Беларусь чакае рэфэрэндум. Ён пройдзе паводле сцэнару, апрабаванага ў 1995–96 гадах. Потым чакаюць выбары такога кшталту як леташнія. Па-мойму, Лукашэнка адназначна выбраў для сябе гэткі шлях. Ні пра які паварот да Захаду ня можа ісьці размовы.

У адносінах з Расеяй абраная тактыка замарозіць сытуацыю ў цяперашнім стане, пакінуць у сіле тую дамову, якая была падпісаная зь Ельцыным, каб захаваць пляцдарм. Лукашэнка ў будучыні бачыць Расею бяз Пуціна, бачыць, што ён будзе весьці дыялёг зь некім іншым. Але ў Беларусі Лукашэнка бачыць сябе на доўгія гады наперад”.

(Цыганкоў: ) “У любым выпадку, нягледзячы на пэўныя агаворкі, карты адкрытыя. І цяпер палітычныя сілы Беларусі павінныя будаваць сваю стратэгію з улікам таго, што Аляксандар Лукашэнка будзе балятавацца далей. Партыі і ўся грамадзянская супольнасьць павінныя распрацоўваць сваю стратэгію з улікам гэтага — як у міжнародных стасунках, так і ў дзейнасьці ўнутры Беларусі”.
XS
SM
MD
LG