Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАФСАЮЗЫ МУСЯЦЬ СТАЦЬ У БЕЛАРУСІ АДНЫМ З ПАДМУРКАЎ ДЗЯРЖАЎНАЙ УЛАДЫ


Міхал Стэльмак, Менск

“Прафсаюзы мне патрэбныя як хлеб”, - заявіў на зьезьдзе Аляксандар Лукашэнка. “У асноўным месца прафсаюзаў будзе вырашацца іхнымі функцыямі. Жыцьцё вызначыла тыя праблемы, якія мусяць вырашаць прафсаюзы. Я вас буду засьцерагаць ад палітычнай дзейнасьці. У гэтым ёсьць супярэчнасьць. Бо я хачу, каб вы ўзялі на сябе функцыі, якія некалі выконвала партыя. Леанід Пятровіч правільна прапануе ад вашага імя, каб нарматыўна і заканадаўча вызначыць, дзе вашае месца”, — сказаў Лукашэнка.

Ён заявіў, што прафсаюзы разам з моладзьдзю і саветамі мусяць стаць адным з падмуркаў цяперашняй дзяржаўнай улады ў Беларусі. Паводле Лукашэнкі, пасьля таго, як гэтае месца ў дзяржаўнай сыстэме будзе прафсаюзам вызначана, да іх дзейнасьці больш ня будзе ніякіх прэтэнзіяў — ні з боку ўраду, ні ад працоўных нізоў.

Лукашэнка лічыць, што пры ранейшым кіраўніцтве Фэдэрацыі нарабілі шмат памылак. Сёньня ён паведаміў, што гэта паводле ягонай ініцыятывы распачалася цяперашняя антыкарупцыйная кампанія ў Фэдэрацыі. Як вынікае зь ягонага тлумачэньня, ён меў кампрамат на прафсаюзнае кіраўніцтва яшчэ падчас леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. Аднак агучваць парушэньні на той час Лукашэнка, паводле ягоных словаў, не адважыўся. І толькі з прыходам Козіка прафсаюзнае асяродзьдзе мусіць быць азнаёмленае са злоўжываньнямі ў сфэры прафсаюзнай уласнасьці. Ён паабяцаў дапамагчы вярнуць Фэдэрацыі страчаныя сродкі й маёмасьць.

На думку многіх дэлегатаў, сёньняшнія ўстаноўкі ставяць крыж на незалежнасьці прафсаюзаў, што ўваходзяць у Фэдэрацыю. Вось меркаваньне на гэты конт дэлегата зьезду Аляксандра Бухвостава:

(Бухвостаў: ) “Непрымальна ўсё, што ён сказаў. Бо ставіцца ўсё з ног на галаву. Калі ў дэмакратычных краінах прафсаюзы свабодныя ў сваім выбары, то тут яны падпарадкаваныя дзяржаве. Тут яны сказалі, што трэба вось гэтага ганьбіць, і вы будзеце яго ганьбіць. Гэтым прафсаюзам яны ўказваюць, каго тыя мусяць абараняць. Такімі прафсаюзамі яны мусяць умацаваць дыктатуру на прыкладзе моладзевых арганізацыяў. Лукашэнка і не хавае гэтага. Ён спакойна гаворыць пра тое, што яны падпарадкавалі прафсаюзы, яны іх прымусілі служыць дзяржаве”.

А вось меркаваньне яшчэ аднаго ўдзельніка зьезду Генадзя Фядыніча:

(Фядыніч: ) “Словы прэзыдэнта, што мы маем магчымасьць зрабіць з вас дзяржаўную стрктуру, уманціраваць у дзяржаўную сыстэму, і вы будзеце працаваць, – гэта было сказана ім – я думаю, што многія дэлегаты пакуль гэтага яшчэ не разумеюць. Таму што калі гэта будзе зроблена, то будзе паказана, куды ісьці і зь якім тэмпам крокаў і да якога выніку прыйсьці. Я ня думаю, што гэта прыме працоўны люд. Сёньня не далі слова тым, у каго іншыя погляды на ўвесь гэты працэс. Таму што казаць пра тое, што зьезд Фэдэрацыі прайшоў дэмакратычна, нельга. Гэта зусім ня так. Зьезд быў праведзены не старшынём Фэдэрацыі, а намесьнікам адміністрацыі прэзыдэнта".

Пры канцы зьезду старшыня Фэдэрацыі Леанід Козік ўрачыста абвесьціў, што прафсаюзам вяртаецца безнаяўнае пералічэньне складак. Такую пастанову ўчора падпісаў прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі.
XS
SM
MD
LG