Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНГАРСУД НЕ ЗАДАВОЛІЎ КАСАЦЫЙНУЮ СКАРГУ ЯКАВА ГУТМАНА


Галіна Абакунчык, Менск

У пазове на адрас суду Якаў Гутман патрабаваў прызнаць факт бязьдзейнасьці Міністэрства культуры й Менгарвыканкаму, якія не спынілі разбурэньня сынагогі й будаўніцтва на гэтым месцы элітнага жылога дому, а таксама прыцягнуць гэтыя дзяржаўныя органы да адказнасьці й аднавіць гісторыка-культурную каштоўнасьць.

Аднак судзьдзя Цэнтральнага раёну Вера Грабоўская-Дайнэка аргумэнты заяўніка тады палічыла недастатковымі. Сёньня судзьдзя Менгарсуду Аксана Будоўская, якая старшынявала на паседжаньні, пагадзілася з высновамі сваёй калегі й задаволіць касайцыйную скаргу адмовілася таксама. Вось як гэта пракамэнтаваў спадар Гутман:

(Гутман: ) “Ведаючы нашыя суды, я быў бы вельмі зьдзіўлены, каб гэтае рашэньне было станоўчае. Але ў мяне дастаткова сілаў, каб працягваць займацца гэтым пытаньнем. Цяпер я працую з дэпутатамі парлямэнту, каб ведаць, хто ёсьць хто”.

Цяпер дэпутаты так званага нацыянальнага сходу зьбіраюць подпісы ў абарону сынагогі, а таксама Верхняга гораду, дзе цяпер праводзяць пошукавыя работы для будаўніцтва аўтастаянкі. Два звароты яны намерваюцца накіраваць на імя кіраўніка краіны Лукашэнкі й галоўнага пракурора Шэймана. У Міністэрства юстыцыі такі ж ліст ужо адпраўлены, таму сёньняшняе судовае рашэньне дэпутат палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў успрыняў як асабістую абразу. Гаворыць Валеры Фралоў:

(Фралоў: ) “З майго пункту гледжаньня, заяўнік дастаткова аргумэнтавана патлумачыў са спасылкамі на ўсе законы й звароты, што ёсьць парушэньні. Урэшце, падпісалася шмат дэпутатаў нашага парлямэнту. Я быў страшна зьдзіўлены й заўтра дэпутатам скажу: паважаныя калегі, вось мы напісалі й наш зварот, што на вёску дзядулю”.

Прэзыдэнт Усясьветнай арганізацыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман паведаміў таксама, што намерваецца праз суды вышэйшых інстанцыяў патрабаваць ад уладаў выкананьня закону аб нацыянальных меншасьцях у Беларусі й аднаўленьня нацыянальнай рэліквіі. У іншым выпадку ён будзе зьвяртацца ў міжнародныя праваабарончыя і судовыя структуры.
XS
SM
MD
LG