Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРАНІСЛАЎ ГЕРЭМЭК: “СПАДАР ЛУКАШЭНКА НЕ ПАВІНЕН КЛАПАЦІЦЦА АБ ЛЁСЕ ПОЛЬСКАЙ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

(Герэмэк: ) “Лічу, што выказваньні спадара Александра Лукашэнкі сьведчаць пра тое, у якой цяжкой сытуацыі ён цяпер апынуўся. Бо ўся ягоная цяперашняя палітыка не знаходзіць неабходных інструмэнтаў рэалізацыі, а сам ён становіцца ўсё больш адзінокім. І гэтая самота вынікае з самой сутнасьці той палітыкі, якую спадар Лукашэнка вырашыў праводзіць.

У сучасным сьвеце ўнутраны дэмакратычны лад ёсьць тым элемэнтам, на якім заснаваныя адносіны між дзяржавамі. І самотнасьць спадара Лукашэнкі вынікае з таго, што ён ігнаруе гэты факт.

Ні ў якай іншай сталіцы, ані ў Вашынгтоне, ані ў Брусэлі цяпер не вырашаецца лёс Польшчы. Польшча сама абірае сабе саюзьнікаў і сяброў. Польшча сама выбірае міжнародныя арганізацыі, у працы якіх удзельнічае. Дачыненьні са Злучанымі Штатамі зьяўляюцца партнэрскімі. У нас няма пачуцьця ні палітычнай, ні эканамічнай залежнасьці ад ЗША. Польшча сьцьвярджае, што ў стане выплачваць даўгі, і да гэтых даўгоў амэрыканскі ўрад ня мае ніякага дачыненьня. Разьлікі адбываюцца між Польшчай і амэрыканскімі банкамі.

Спадар Лукашэнка не павінен клапаціцца аб польскай незалежнасьці, бо яна добра ўмацаваная й грунтуецца на дэмакратычных прынцыпах, згодных з воляй польскага грамадзтва”.

Гэтак выказваньні Аляксандра Лукашэнкі камэнтаваў былы міністар замежных справаў Польшчы Браніслаў Герэмэк.

Спадар Герэмэк таксама раіць спадару Лукашэнку задумацца, чаму Беларусь знаходзіцца ў такой ізаляцыі і фактычна ня мае сяброў у сьвеце. І гэта пры тым, што Польшча вельмі зацікаўленая ў трывалых добрасуседзкіх адносінах зь беларускім народам.
XS
SM
MD
LG