Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЫСТАФ ВАНЭР: "БЕЗ ДАПАМОГІ ЗВОНКУ ЛУКАШЭНКУ НЯ ВЫЖЫЦЬ"


Ул. інф.

Як сказаў у інтэрвію Радыё Свабода спадар Ванэр, з боку арганізатараў прэсавай канфэрэнцыі нейкіх рамкавых патрабаваньняў адносна характару пытаньняў да нямецкіх журналістаў не было. Вонкава мерапрыемства выглядала дастаткова адкрытым. Хаця, задаючы сваё пытаньне пра дачыненьні Менску з АБСЭ, нямецкі журналіст уяўляў сабе, што цалкам адкрытым перад такой вялікай аўдыторыяй беларускі лідэр быць ня зможа.

(Ванэр: ) “Я хацеў даведацца ў прэзыдэнта Лукашэнкі, якімі ён уяўляе сабе далейшыя дачыненьні з Захадам. Як вядома, прадстаўнікоў эўрапейскіх арганізацыяў ён пінком выганяе зь Беларусі. Зь іншага боку, Лукашэнка паступова псуе дачыненьні з Расеяй, Пуціным. Куды ён у гэтым зьвязку зьбіраецца крочыць – невядома. На сёньняшні момант адзін супрацоўнік застаўся ў місіі АБСЭ ў Менску. Іншых ён калі ня выгнаў, дык, як ён сам сказаў, не працягнуў акрэдытацыі”.

(Карэспандэнтка: ) “Мне прыйшлося чуць зь некаторых нямецкіх крыніцаў, што зараз на ўзроўні кіраўніцтва АБСЭ і Беларусі вядуцца лятэнтныя перамовы. І ёсьць нейкія кампрамісныя прапановы накшталт таго, каб зь Менску выехалі ўсе людзі каманды Віка (гэта задаволіць беларускі бок), а ў адказ у Беларусь прыедзе Гайкен (гэта задаволіць АБСЭ). Вы штосьці ведаеце пра гэта?”

(Ванэр:) "Пакуль, як мне падаецца, усё вельмі туманна. Апошняя супрацоўніца, якая тут засталася, спадзяецца на тое, што ёй будзе працягнутая акрэдытацыя. Хто потым будзе, што і як – незразумела. Трэба глядзець, як надалей усё будзе разьвівацца. Пра гэта мы гаварылі сёньня ў місіі АБСЭ. Там, як мне падаецца, ніхто нічога дакладна ня ведае.

Калі вы хочаце чуць маё меркаваньне, то, лічу, што шлях на Захад для Беларусі адкрываецца вельмі лёгка. Трэба зрабіць краіну адкрытай і захоўваць правілы гульні. Тады і людзі будуць зацікаўленныя ўкладаць сюды грошы. Калі ўсе гарантыі будуць створаныя, то чаму сюды не прыехаць нямецкім бізнэсоўцам? Гэта ўсё залежыць ад Лукашэнкі. Без дапамогі ён ня зможа выжыць. Калі ён з усімі сапсуе стаснукі – гэта ягоны канец. Найбліжэйшым часам усё стане ясным. Калі ён раззлуе Маскву, то яна захоча яго скінуць. Зробяць гэта непрыкметна, так, каб ніхто не здагадаўся".
XS
SM
MD
LG