Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНФАРМАЦЫЙНАЯ ВАЙНА МІЖ БЕЛАРУСКІМІ ЎЛАДАМІ І РАСЕЙСКІМ “ГАЗПРАМАМ”


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: эканамічная аглядальніца газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак і эканамічная аглядальніца “Белорусской газеты” Натальля Грыб.

(Валер Карбалевіч: ) “Канфлікт у беларуска-расейскіх стасунках ахоплівае усё новыя сфэры. У апошні час назіраецца інфармацыйная вайна паміж беларускімі ўладамі і расейскай кампаніяй “Газпрам”. Яшчэ ў канцы жніўня Лукашэнка ў Раўбічах выказаў перед журналістамі свае прэтэнзіі да Расеі ў сувязі з пастаўкамі энэрганосьбітаў.

Падчас выступленьня на НТВ на мінулым тыдні беларускі прэзыдэнт працягнуў гэтую тэму, сказаў пра вялікія льготы, якія маюць расейскія кампаніі ў Беларусі і абвінаваціў іх у няўдзячнасьці. Яны, на яго думку, ставяцца да Беларусі горш, чым да Латвіі.

У нядзелю ў праграмме РТР “Вести” выступіў адзін з кіраўнікоў “Газпраму” і распавядаў пра тое, што кампанія пастаўляе ў Беларусь газ значна таньней, чым краінам СНД, ня кажучы ўжо пра міжнародныя цэны. А камэнтатар Равенка выказаў такую думку: паколькі беларускія прадпрыемствы плацяць за газ значна даражэй, чым пастаўляе Расея, то гэтая розьніца ідзе ў прэзыдэнцкі фонд.

Газэта “Советская Белоруссия” ў нумары за аўторак надрукавала артыкул, у якім даецца адказ на расейскія прэтэзіі. Галоўная думка гэтага артыкула: дзе вы бачылі алігархаў, якія займаюцца дабрачыннасьцю?

Давайце паспрабуем разабрацца, хто каму больш павінен? Хто займаецца дабрачыннасьцю? Хто выйграе, а хто прайграе ў гэтых эканамічных дачыненьнях? Маё першае пытаньне спадарыні Манёнак”.

(Тацяна Манёнак: ) “Праблемы разьлікаў за пастаўкі ў Беларусь расейскага газу ўзьніклі ні ўчора, ні нават пазаўчора. Але сытуацыя вельмі ўскладнілася менавіта цяпер. Сапраўды, згодна з красавіцкімі дамовамі між прэзыдэнтамі, Беларусь атрымлівае расейскі газ прыкладна за 22 даляры за 1 тыс.куб. М.

Але беларускія прадпрыемствы плацяць за прыродны газ значна больш. Так адбываецца таму, што вельмі вялікая запазычанасьць беларускіх суб’ектаў гаспадараньня за газ. Сёньня запазычанасьць перад “Газпрамам” — 285 млн. даляраў. І каб кампэнсаваць яе, дзяржава стварае адмысловы фонд, у які ідзе гэтая розьніца паміж коштам, які плацяць прадпрыемствы, і коштам, па якім пастаўляе газ Расея.

І беларускі ўрад неднаразова адзначаў, што пакуль мы не разьлічымся з гэтай запазычанасьцю, беларускія прадпрыемствы ня змогуць атрымліваць газ тым жа коштам, што і расейскія.

Вельмі вялікая праблема ў тым, што ў Беларусі захоўваецца перакрыжаванае субсыдаваньне. Бо нашыя бюджэтныя арганізацыі плацяць за газ значна менш, і ўвесь цяжар перакладаецца на прадпрыемствы. Без рэформаў беларускай прамысловасьці яны ніколі не атрымаюць танны газ. І для мяне дзіўна гучыць, што гэтая розьніца ў кошце ідзе ў фонд Лукашэнкі. Беларускае кіраўніцтва ніколі ні хавала, што гэтыя грошы ідуць на ліквідацыю запазычанасьці краіны. А Расея ўсё больш жорстка ставіць пытаньне, што трэба плаціць, і трэба плаціць грашыма”.

(Карбалевіч: ) “Маё пытаньне да спадарыні Грыб. Беларускія ўлады ўвесь час сьцьвярджаюць, што транзыт расейскага газу па тэрыторыі Беларусі адбываецца бясплатна. Наколькі я ведаю, гэта не зусім так.

З аднаго боку, адбываецца бясплатны транзыт (па вэрсіі беларускіх уладаў). А з другога боку, пастаўкі газу па ўнутрырасейскіх цэнах? Хто тут больш выйграе?”

(Натальля Грыб: ) “Давайце паглядзім, што выйграла Беларусь і што выйграла Ўкраіна ў сваёй газавай палітыцы? Украіна забясьпечвае 80% транзыту расейскага газу ў Эўропу, прычым гэты транзыт адбываецца па цэнах, блізкіх да сусьветных.

Кіеў дамовіўся з Масквой аб атрыманьні 2 мільярдаў даляраў расейскіх інвэстыцыяў у газавую галіну Ўкраіны. Беларусь жа ўвесь час гуляла ў іншую гульню: мы вам даем танныя тарыфы на транзыт, а вы нам — танныя цэны за газ, што пастаўляеце ў краіну. І сёньня кошт транзыту па Беларусі ў чатыры разы меншы за міжнародны кошт і ўтрая меншы за за транзыт па Ўкраіне.

Што з гэтага атрымала Беларусь? Мінулыя гады мы атрымлівалі газ па 30 даляраў за 1 тыс. куб. м. і ўвесь час маем запазычанасьць. Украіна атрымлівае газ па 50 даляраў і амаль што ня плаціць валютай. Таму што аб’ём транзыту празь яе тэрыторыю дазваляе праводзіць узаемазалікі.

З 1 ліпеня 2002 году для Беларусі сярэдняя цана газу з улікам паставак кампаніяй “Ітэра” складае 27 даляраў за 1 тыс. куб. м. Ад зьніжэньня цэнаў Беларусь за паўгоду зэканоміць каля 30–40 мільёнаў даляраў. Цэны за транзыт засталіся ранейшыя. Але няма размовы аб расейскіх інвэстыцыях у беларускую газавую галіну ў параўнальных памерах з інвэстыцыямі ва Ўкраіну.

Таму ўзьнікае натуральнае пытаньне: кажучы па-расейску, “Овчинка выделки не стоит”. Колькі гадоў беларускія ўлады (і Лукашэнка, і прэм’еры) бадаліся з “Газпрамам” наконт паставак газу ў Беларусь па ўнутрырасейскім цэнах. І што атрымалі ўрэшце? Яны не атрымалі тых вялікіх грошай, якія можна было б выкарыстаць для інвэстыцыяў у газавую галіну і наогул у эканоміку Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Я хацеў удакладніць. Такім чынам, нельга гаварыць, як гэта робіць Лукашэнка, што транзыт расейскага газу па тэрыторыі Беларусі бясплатны? Ён проста значна ніжэйшы за ўсясьветныя цэны”.

(Грыб: ) “Так”.

(Карбалевіч: ) “А можна так паставіць пытаньне. Калі б Беларусь ажыцьцяўляла транзыт газу па сваёй тэрыторыі па ўсясьветных цэнах і адначасова купляла газ таксама па ўсясьветных цэнах — ці выйграла б Беларусь у такім выпадку?”

(Манёнак: ) “Сытуацыя зайшла вельмі далёка. Цяпер вельмі цяжка нават палічыць, хто ж каму павінен на самой справе. Але пытаньне трэба ставіць больш глыбока.

Беларуская эканоміка зусім не рэфармаваная. Мабыць, ні ў адной краіне сьвету няма такой сытуацыі, што 80% паліўнага балянсу складае прыродны газ. Гэта вельмі многа. Тым больш, што мы прывязаныя да адзінага расейскага газавага калідору. А кіраўніцтва Расеі інфармуе, што цэны на газ штогоду будуць павялічвацца, пакуль ні дасягнуць усясьветных. Увесь унутраны сукупны прадукт нашай краіны складае каля 13 мільярдаў даляраў. У той жа час 2 мільярды даляраў мы павінныя заплаціць за прыродны газ. Пры гэтым нашыя суб’екты гаспадараньня здольныя плаціць толькі 8–10% ад аб’ёму спажыванага газу”.

(Грыб: ) “Тую сытуацыю, якую Вы, спадар Карбалевіч, прапанавалі, уявіць цяжка. Таму што для беларускіх уладаў унутрырасейскія цэны на газ — пытаньне прынцыповае. І ў гэтым кірунку абодвума бакамі зроблена вельмі многа.

На сёньняшні момант найбольш вострае пытаньне іншае: на якіх умовах Беларусь дапусьціць “Газпрам” да прыватызацыі “Белтрансгазу”. Ужо пяць гадоў запазычанасьць Беларусі “Газпраму” знаходзіцца на ўзроўні ад 150 да 300–400 мільёнаў даляраў на год. А гэта азначае сыстэмны крызыс прамысловасьці”.

(Карбалевіч: ) “За гэтымі інфармацыйнымі войнамі мусяць стаяць нейкія палітычныя праблемы. Вядома, што “Газпрам” — гэта структура, якая моцна залежыць ад расейскай дзяржавы і зьяўляецца інструмэнтам расейскай палітыкі. У чым прычына абвастрэньня цяперашняй інфармацыйнай вайны? Гэта давесак да таго канфлікту, які ідзе паміж Беларусьсю і Расеяй? Ці гэта самастойная праблема, якая абвастрылася, напрыклад, у сувязі з ростам беларускай запазычанасьці альбо акцыянаваннем і прыватызацыяй “Белтрансгазу”?”

(Манёнак: ) “Мне здаецца, што гэтая праблема абумоўленая найперш канфліктам між прэзыдэнтамі дзьвюх дзяржаваў па пытаньні пэрспэктываў інтэграцыі. Прадпрыемства “Белтрансгаз” зьяўляецца знакавым для нашай эканомікі, а “Газпрам” — для расейскай эканомікі. І тут няцяжка націснуць адзін на аднаго менавіта праз гэтую праблему. Відавочна, што Беларусь ня можа і па часе ня зможа плаціць грашыма за прыродны газ”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, канфлікт паміж беларускімі ўладамі і “Газпрамам” — гэта частка канфлікту паміж Беларусьсю і Расеяй. Ён ускладняецца цяжкім станам беларускай эканомікі. Але важнай праблемай тут зьяўляецца тое, што эканамічныя дачыненьні паміж дзьвюма краінамі — гэта нейкі прыдатак да палітыкі. І тут эканоміка падпарадкоўваецца палітычным мэтам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG