Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ СПРАБУЮЦЬ ПЕРАТВАРЫЦЬ ПРАФСАЮЗЫ Ў “АПОРУ ДЗЯРЖАВЫ”


Валер Каліноўскі, Менск

Былы шматгадовы кіраўнік ФПБ Уладзімер Ганчарык на зьезд не запрошаны. Нядаўна пад ціскам новага старшыні ФПБ Леаніда Козіка ён страціў працу і ва Ўсеагульнай канфэдэрацыі прафсаюзаў. Тым ня менш, спадар Ганчарык уважліва назірае за тым, што адбываецца ў беларускіх прафсаюзах. Вось што ён хацеў бы сёньня сказаць дэлегатам зьезду ФПБ:

(Ганчарык: ) “Трэба трымацца, прыйдзе час (і мы яго павінныя набліжаць), калі прафсаюзы стануць тымі, якімі яны патрэбныя грамадзтву. Яны мусяць быць незалежнымі моцнымі арганізацыямі працоўных, а ня нейкай апорай рэжыму”.

Уладзімер Ганчарык мяркуе, што мэта гэтага пазачарговага зьезду — умантаваць прафсаюзы ў адміністратыўна-камандную сыстэму, пазбавіцца ад лідэраў, якія выступаюць за незалежнасьць арганізацыі, выказаць ляяльнасьць кіраўніку дзяржавы ды адцягнуць увагу ад сацыяльна-эканамічных праблемаў:

(Ганчарык: ) “Улада не магла расправіцца са мною, тымі кіраўнікамі прафсаюзаў, хто мяне падтрымліваў, за незалежную пазыцыю фэдэрацыі ў апошнія гады, за ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Яны гэта хочуць зрабіць рукамі прафсаюзнага актыву. Вось ідзе спэкуляцыя аб тым, што там разбазарылі прафсаюзную ўласнасьць. Гэта хлусьня на самой справе”.

Уладзімер Ганчарык зазначае, што арганізатары зьезду імкнуцца таксама зьмяніць статут з мэтай большай цэнтралізацыі ФПБ і палажэньне праграмы, прынятае папярэднім зьездам ФПБ, пра неабходнасьць зьмяненьня сацыяльна-эканамічнага курсу ў краіне.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін скептычна ставіцца да зьменаў у статутных дакумэнтах ФПБ:

(Калякін: ) “Зьмяненьні, якія прапануюцца, не палепшаць працу прафсаюзаў, могуць толькі зрабіць іх больш паслухмянымі, і тады ў старшыні ФПБ будзе больш паўнамоцтваў у адносінах да галіновых прафсаюзаў”.

Якая мэта плянаванай цэтралізацыі ФПБ? Гаворыць лідэр прафсаюзу работнікаў аўтасельгасмашынабудаваньня Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “Яны хочуць прыбраць у свае рукі ўсе фінансы Фэдэрацыі, каб болей цэнтралізаваць іх і кіраваць грашовымі патокамі”.

Спадар Бухвостаў запісаўся выступіць на зьезьдзе, але сумняецца, што цяпер яму дадуць слова. Ён хоча выказацца супраць ціску на галіновыя прафсаюзы і ператварэньня Фэдэрацыі ў нейкі кіраўнічы орган над імі. Ён упэўнены, што калі зьменіцца ўлада, прафсаюзы вернуцца на шлях дэмакратычнага разьвіцьця.

(Бухвостаў: ) “Страшнае ня ў тым, што адбылося з прафсаюзамі ці яшчэ з кім. Страшнае тое, што ўвогуле адбылося з палітычнай уладай. Што ўлада такая таталітарная, дыктатарская, і пры ёй усё ёй падпарадкавана. Тое ж, што прафсаюзы падпарадкавалі, — гэта зразумела, яны проста не змаглі выстаяць”.

Аляксандар Бухвостаў лічыць, што ён у прафсаюзах не адзінокі.

Кіраўнік Свабоднага прафсаюзу Беларусі Генадзь Быкаў кажа, што, на ягоную думку, і раней было мала шанцаў на тое, што ФПБ ператворыцца ў сапраўды незалежную структуру, а цяпер яны зьніклі зусім. Спадар Быкаў цяпер чакае пэўнага ціску з боку ўлады і на сваю арганізацыю:

(Быкаў: ) “Гэта сапраўды сур’ёзная пагроза, таму што ўлада абавязкова пераключыцца на нас. Ужо былі заявы Лукашэнкі, што Беларусі свабодныя і незалежныя прафсаюзы не патрэбныя. Праблема вельмі сур’ёзная”.

Генадзь Быкаў адзначае, што цяпер ФПБ ня зможа прэтэндаваць на сяброўства ў Міжнарожнай канфэдэрацыі вольных прафсаюзаў і супрацоўніцтва зь Міжнароднай арганізацыяй працы. Ды й новаму кіраўніцтву ФПБ гэта і не патрэбна, лічыць спадар Быкаў.
XS
SM
MD
LG